«Беларусьфільм» плануе зняць працяг «Белых росаў»
Дудараў ужо напісаў сцэнар працягу культавага фільма.
14.11.2011 / 10:29
Аб гэтым паведаміў у эфіры тэлеканала СТВ генеральны дырэктар кінастудыі Алег Сільвановіч.
Кінастудыя ўжо атрымала сцэнар працягу ад аўтара «Белых рос» Аляксея Дударава. У найбліжэйшы час адбудзецца конкурсная нарада, пасля чаго пачнецца глыбокае вывучэнне праекта. Арыгінальны фільм Ігара Дабралюбава выйшаў на экраны ў 1983 г.
Паводле слоў гендырэктара, у савецкі час канкурэнцыя ў кінаіндустрыі была не гэтак высокая, боі тэлебачанне тады было не моцна развіта, а доступ да замежнага праката быў абмежаваны. «Разам з тым не ўсе беларускія фільмы так добра прымаліся, як сёння», — лічыць ён.
«Беларускі кінематограф не так нікчэмны, як яго ўяўляюць, — працягнуў Алег Сільвановіч. — Ёсць праблемы ў людзях і фінансах. Акрамя таго, важная акупнасць праектаў. Аднак цяпер няма дзяржзаказу». Ён удакладніў, што ў савецкую эпоху былі агульнасаюзныя прэм’еры, калі бралася нейкая гісторыя, па ёй хутка здымаўся фільм, рабілася 900 копій, якія паказваліся адначасова на працягу нейкага часу. «Цяпер падыход іншы: дайце нейкі фільм, якім краіна будзе ганарыцца», — растлумачыў кіраўнік кінастудыі.