Лукашэнка шукае падтрымкі і абароны ў Ватыкана

«У гэтым несправядлівым, бяздонным свеце самым справядлівым сусветным органам з’яўляецца Царква. Хацелася б, каб яна сказала ў абарону справядлівасці».

14.11.2011 / 13:33

Фота БелТА.

Ад каталіцкай царквы і асабіста ад папы Бенедыкта XVI мы чакаем большага ў абароне нашых інтарэсаў, асабліва на Захадзе.

Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў 14 лістапада ў Мінску падчас сустрэчы са старшынёй Папскай рады па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству Куртам Кохам і мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, патрыяршым экзархам усёй Беларусі Філарэтам.

«Мы не прымаем той палітыкі, якая цяпер праводзіцца еўрапейцамі адносна Беларусі. Гэта ненармальна.
Таму мы б чакалі больш актыўнай пазіцыі ў гэтым кірунку ад каталіцкай царквы. Усё-ткі ў гэтым несправядлівым, бяздонным свеце самым справядлівым сусветным органам з’яўляецца Царква.
Хацелася б, каб Царква сказала ў абарону справядлівасці», — заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі нагадаў аб сваёй сустрэчы ў 2009 г. з папам. Ён адзначыў, што на яго гэтая сустрэча зрабіла «вельмі моцнае ўражанне».

«Я ўдзячны за тую падтрымку, якую аказвае нам каталіцкая царква, у тым ліку на міжнароднай арэне. Усё, што я абяцаў тады, мы выканалі», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка адзначыў мірнае існаванне ўсіх канфесій у краіне.

«З першых дзён нараджэння незалежнай Беларусі ў аснову былі пакладзеныя хрысціянскія каштоўнасьці. Думаю, вы добра інфармаваныя пры сітуацыю ў Беларусі, рэлігійную сітуацыю. Вядучай канфесіяй у Беларусі з’яўляецца праваслаўе, другая па значнасці — каталіцкая царква. Паміж дзвюма канфесіямі ў нас усталяваліся прыязныя, братэрскія адносіны. Я гэта вельмі цаню».

Паміж урадам Беларусі і Беларускай праваслаўнай царквой быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве. «Такі ж дагавор паміж урадам і Каталіцкай царквой распрацаваны, ён гатовы, і ў перспэктыве ён можа быць падпісаны», — сказаў Лукашэнка.

Ён папрасіў прадстаўніка Ватыкана перадаць Бенедыкту XVI «самыя добрыя пажаданні, доўгіх гадоў жыцця і бурнай дзейнасці».