Mitsubishi спыніць вытворчасць аўтамабіляў у Еўропе з 2013 года

Адзін з вядучых японскіх аўтавытворцаў Mitsubishi Motors цалкам спыніць вытворчасць сваіх машын у Еўропе з 2013 года ў рамках рэалізацыі стратэгіі па пераарыентацыі на рынкі краін, якія развіваюцца,

06.02.2012 / 12:59

паведамляе ў панядзелак агенцтва Франс Прэс са спасылкай на японскія СМІ.

У рамках гэтых планаў японскі аўтавытворца плануе прадаць свой завод, размешчаны ў нідэрландскім горадзе Борн, які кіруецца філіялам Mitsubishi Motors, кампаніяй Nedcar. Паводле інфармацыі японскіх СМІ, карпарацыя папярэдне правядзе перамовы з прафсаюзамі і ўрадам Нідэрландаў адносна продажу гэтага прадпрыемства.

Як паведамляе Франс Прэс, на гэтым заводзе збіраюць машыны маркі Mitsubishi Colt і Mitsubishi Outlander. У цяперашні час на прадпрыемстве працуе каля 1,5 тысячы чалавек. Па дадзеных агенцтва аб’ём прадукцыі завода ў Борне заставаўся адчувальна ніжэйшым за максімальную прадукцыйнасць у 200 тысяч аўтамабіляў за год.

Калі інфармацыя аб спыненні выпуску машын Mitsubishi Motors у Еўропе пацвердзіцца, гэтая кампанія стане першым з буйных японскіх вытворцаў, які перастане выпускаць машыны ў краінах Старога свету.