Чэмпіянат Эўропы па біятлёне скончыўся пад знакам Беларусі
Жаночая каманда Беларусі па біятлёне выйграла залаты мэдаль у эстафэце 4х6 кілямэтраў Чэмпіянату Эўропы ў балгарскім Банска. Сёньня ж мужчыны заваявалі «бронзу» ў эстафэце.
25.02.2007 / 18:01
Жаночая каманда Беларусі па біятлёне выйграла залаты мэдаль у эстафэце 4х6 кілямэтраў Чэмпіянату Эўропы ў балгарскім Банска. На апошнім этапе цудоўна адстралялася і прайшла дыстанцыю новая зорка нашага біятлёну Дар’я Домрачава. Гэта было апошняе спабоніцтва чэмпіянату.
Учора Дар’я выйграла гонку на 7,5 кілямэтраў. А ўсяго месяц таму яна першынствала на юніёрскай Ўнівэрсіядзе ў Турыне.
Беларуская зборная змагла выйграць нягледзячы на тое, штоў Людмілы Ананька парваўся раменьчык у стрэльбы, і яна змушаная была чакаць, пакуль ёй прынясуць новую.
Сёньня ж пасьпяхова выступіла мужчынская каманда. Сяргей Новікаў, Аляксандар Сыман, Рустам Валівулін і Ўладзімер Міклашэўскі завалявалі «бронзу» ў эстафэце.