Настаўнікаў у Гомелі абавязалі дзяжурыць на нерэгуляваных скрыжаваннях у цёмны час

і пераводзіць дзяцей цераз дарогу.

17.02.2012 / 14:47

Настаўнікаў гомельскіх сярэдніх школ, размешчаных каля аўтадарог, дзе на скрыжаваннях няма святлафораў, абавязалі дзяжурыць у цёмны час сутак. Педагогі павінны дзяжурыць на нерэгулюемых скрыжаваннях з 7.30 да 8.00 і з 18.00 да 20.00, пераводзіць дзяцей цераз дарогу або папярэджваць іх аб магчымай небяспецы. Такое распараджэнне паступіла ў гарадскія школы з аддзелаў адукацыі.

У аддзеле адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля БелаПАН патлумачылі, што распараджэнне прынята ў мэтах выканання праграмы бяспекі насельніцтва на дарогах, зацверджанай гарвыканкамам.

«Быў загад раённага аддзела, і мы зрабілі свой загад па дзяжурстве ў цёмны час з 30 студзеня. Каля школы ў нас пераход без святлафора, там хуткі рух. Настаўнікі апранаюць спецыяльную камізэльку са святлоадбівальнымі элементамі і пераводзяць дзяцей цераз дарогу, каб пазбегнуць аварый. Мы зацікаўленыя, каб дзеці былі ў бяспецы, гэта ў нашых інтарэсах, каб стварыць усе ўмовы для дзяцей. Настаўнікі падтрымалі ініцыятыву», — сцвярджае дырэктар сярэдняй школы № 33 Гомеля Іна Цімашэнка.