Шнураў у Мінску мацюкаўся
Але канцэрт гурта «Ленінград» прайшоў без эксцэсаў.
19.05.2012 / 10:18
Канцэрт вядомага расійскага гурта «Ленінград», які адбыўся ў ноч на 19 мая ў мінскім клубе Dozari, прайшоў без эксцэсаў, нягледзячы на тое, што музыкі былі верныя сабе і выканалі шэраг песень, у якіх прысутнічае ненарматыўная лексіка.
«Час сутак дарослы. Вы дарослыя. Вы адэкватныя ў сваім жаданні пачуць „Ленінград“? Велізарны, вялікі, вялікі дзякуй органам улады, якія разумеюць ваша жаданне»,— гэтымі словамі вядучага быў адкрыты выступ піцерскай групы.
Раней Генеральная пракуратура Беларусі заклікала да выступлення «Ленінграда» без выкарыстання ненарматыўнай лексікі і за пару дзён да канцэрта вынесла арганізатарам афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства. Як заявіў начальнік упраўлення Генпракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Павал Радзівонаў, нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы кваліфікуецца як хуліганства і за такі канцэрт да адміністрацыйнай адказнасці могуць быць прыцягнутыя як самі музыкі, так і арганізатары канцэрту.
Група выступала больш за дзве гадзіны. «Ленінград» выканаў як новыя песні, так і старыя хіты.
«У прынцыпе, мне зразумелая падобная пазіцыя ўладаў. Але ёсць пэўная дыферэнцыяцыя. Калі б гэта была адкрытая пляцоўка і там былі выпадковыя людзі, я б сам забараніў такі канцэрт. А наша мерапрыемства было закрытым, выпадковых людзей на ім быць не павінна», — падкрэсліў у інтэрв’ю БелаПАН пасля канцэрту лідар «Ленінграда» Сяргей Шнураў.