У Швецыі пабіліся 70 зборшчыкаў ягадаў

31.07.2012 / 15:41

Каля 70 зборшчыкаў ягадаў пабіліся ў горадзе Еўле на поўначы Швецыі.

Бойка адбылася ў ноч на нядзелю. Аднаму з удзельнікаў бойкі паміж дзвюма групамі зборшчыкаў пасля ўдару ў рэбры прайшлося звярнуцца ў бальніцу. Па дадзеных Thelocal, гэта 43-гадовы грамадзянін Балгарыі. Яшчэ каля 30 чалавек былі высланыя з горада паліцэйскімі.

Паводле папярэдняй версіі паліцыі, дзве групы зборшчыкаў пабіліся з прычыны кепскага ўраджаю.

«Гэта здагадка. У нас усюды бракуе ягадаў, а ім не плацілі. Таму самая нязначная сітуацыя можа выклікаць раздражненне», — заявіла мясцовымі СМІ адна з супрацоўніц гарадской паліцыі.

Многія мігранты — зборшчыкі ягадаў з-за канфлікту з працадаўцамі пачалі сяліцца ў шведскіх лясах. Частка з іх не мае грошай. Мігранты выказвалі жаданне вярнуцца дахаты.