Серада вырашыць лёс Украіны?

У сераду Канстытуцыйны суд пачне разгляд указу Юшчанкі, у той жа дзень "Наша Ўкраіна" і Юлія Цімашэнка зьбіраюць масавы мітынг у падтрымку роспуску Рады.

10.04.2007 / 09:18

Ва Ўкраіне працягваецца палітычны крызіс. Прэзыдэнту Юшчанку супрацьстаяць прарасейскі ўрад і парлямэнцкая большасьць.

У сераду, 10 красавіка, у Кіеве зьбярэцца маніфэстацыя прыхільнікаў Блёку Юліі Цімашэнка, Нашай Украіны і грамадзкага руху былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Луцэнкі. Акцыя мае адбыцца ў 200 мэтрах ад Майдану, на Эўрапейскай плошчы. Першапачаткова «аранжавыя» былі супраць выхаду на вуліцы, але цяпер прыхільнікі Віктара Юшчанкі вырашылі падтрымаць прэзыдэнта.

У гэты дзень можа вырашыцца палітычны выбар Украіны. Калі Цімашэнка й Луцэнка зьбяруць вялікую колькасьць мітынгоўцаў у падтрымку прэзыдэнта, гэта вырашыць лёс Рады.

Тым часам Вярхоўная Рада працягвае свае паседжаньні, нягледзячы на тое, што ўжо тыдзень яна не мае для гэтага адпаведных паўнамоцтваў. У сваю чаргу, прэзыдэнт Юшчанка ня мае намеру скасоўваць свайго рашэньня пра роспуск Вярхоўнай Рады.

МБ