Сасіма, як Багрыма, здаюць у салдаты

Актывіста незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Мікіту Сасіма затрымалі ўвечары 7 кастрычніка за распаўсюд улётак з заклікам удзельнічаць у Дні салідарнасьці ды адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна. 10 кастрычніка ён быў дэ-юрэ асуджаны на трое сутак арышту «за нецэнзурныя выразы ў грамадзкім месцы». Аднак міліцыянты — сьведкі абвінавачаньня — гэтага не пацьвердзілі. Пасьля вызваленьня 10 кастрычніка Сасіма зноў затрымалі, адвезьлі ў Баранавіцкі райваенкамат, дзе ўручылі пазоў у войска.

2000 даляраў штрафу за набажэнства

Адміністратара пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» Васіля Юрэвіча 7 кастрычніка суд Маскоўскага раёну Менску пакараў штрафам у 150 базавых велічынь (3 млн 825 тыс.) за правядзеньне набажэнства. Агулам Юрэвічу ўжо прысудзілі каля 6000 даляраў (у эквіваленце) штрафу.

Ціснуць на прафсаюзы

Супрацоўнікі юрыдычнага аддзелу Гарадзенскага гарвыканкаму 4 кастрычніка правяралі дзейнасьць базавых арганізацыяў Беларускага незалежнага прафсаюзу на ААТ «Горадня-Азот». Для праверкі дакумэнтаў прафсаюзу гарвыканкамаўскія чыноўнікі зьвярнуліся да намесьніка дырэктара па ідэалягічнай працы.

Сяброў прафсаюзу РЭП з РУП «Канструктарскае бюро дакладнага электроннага машынабудаваньня оптыка-мэханічнага абсталяваньня» 10 кастрычніка апытвалі ў пракуратуры Ленінскага раёну Менску па 40 хвілін кожнага. Адміністрацыя прадпрыемства ў чэрвені адклікала юрыдычны адрас суполкі, матывуючы гэта малой колькасьцю чальцоў. Пасьля скаргі ў гарадзкую пракуратуру рашэньне было адменена. Раённая пракуратура праводзіла гэткім чынам яшчэ адну праверку колькасьці чальцоў суполкі.

Старшыню прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча выклікалі 10 кастрычніка ў пракуратуру, дзе ён даваў тлумачэньні наконт інфармацыі ў прафсаюзным бюлетэні «Экспресс-инфо» №22 за 8 жніўня. Паводле БАЖ, супрацоўніца пракуратуры Сьвятлана Ганчарова сумнявалася, што трэба распаўсюджваць нэгатыўную інфармацыю пра сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў краіне.

У Ганцавічах

Недзяржаўнай газэце «Ганцавіцкі час» 6 кастрычніка раённы вузел электрасувязі адмовіў у разьмяшчэньні на мясцовым радыё рэклямнай абвесткі пра падпіску.

Скаргу Букаса не задаволілі

Намесьнік пракурора Менскай вобласьці ў лісьце ад 29 верасьня не задаволіў скаргу галоўнага рэдактара газэты «Борисовские новости» Анатоля Букаса на папярэджаньне, вынесенае яму пракурорам Барысава. Пракуратура ўпэўненая, што журналіст ня мае права ня толькі публікаваць матэрыялы справы, яшчэ не завершанай судом, але й сваё меркаваньне пра яе.

У Белаазёрску

6 кастрычніка на кватэру да актывісткі БСДП («Грамада»), дэпутаткі Белаазёрскага гарсавету Натальлі Акаронкі зьявіліся судовыя выканаўцы: Берасьцейскі раённы суд завочна прысудзіў яе да штрафу ў мільён руб. Аднак абласны суд адмяніў гэтае рашэньне, бо Акаронка не магла быць у судзе з паважнай прычыны. Але судовыя выканаўцы ўсё ж прыйшлі апісваць маёмасьць.

Затрыманьні ў Віцебску. Сканфіскаваны «Arche»

У Віцебску 6 кастрычніка падчас распаўсюджваньня дэмакратычнае прэсы затрыманы актывісты КХП—БНФ Аляксандар Салаўян і Ўладзімер Плешчанка, а таксама беспартыйны Барыс Хамайда. У той самы дзень у Хамайды апісалі маёмасьць за нясплачаныя штрафы. 7 кастрычніка міліцыянты канфіскавалі ў яго ўсе асобнікі «БДГ. Деловой газеты», мясцовай газэты «Выбар» і часопісу «Arche» для экспэртызы.

Справа Скрабца ў судзе

Справу палітвязьня Сяргея Скрабца 7 кастрычніка перадалі ў Вярхоўны суд.

Затрыманьні за «Народную волю»

У Горадні 7 кастрычніка міліцыянты затрымалі прафсаюзнага актывіста Івана Романа, які раздаваў рабочым Заводу аўтаагрэгатаў «Народную волю». У аддзяленьні на яго склалі пратакол.

Леванеўскі зьвяртаецца ў суд

Палітвязень Валер Леванеўскі 7 кастрычніка зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд з просьбай выправіць сытуацыю, якая склалася са скаргамі вязьняў: ён сьцьвярджае, што не працуе норма Канстытуцыі, паводле якой грамадзянін Беларусі мае права абскардзіць у судзе любое накладзенае на яго пакараньне.

Суд над Лябедзькам і Шушкевічам

У Берасьці 11 кастрычніка адбыўся суд над лідэрам АГП Анатолем Лябедзькам і лідэрам БСДГ Станіславам Шушкевічам. Іх абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыяванага сходу 9 ліпеня падчас вылучэньня дэлегатаў на Кангрэс. А.Лябедзька на тым сходзе нават ня быў: яго затрымалі на пад’езьдзе да месца правядзеньня.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0