Палітрада пры адзіным кандыдаце зацьвердзіла лідэра АГП на пасадзе старшыні Нацыянальнага камітэту.

У сераду 12 кастрычніка ў Менску прайшло першае паседжаньне Палітычнай рады пры адзіным кандыдаце ад дэмсілаў. На прапанову Алеся Мілінкевіча Палітрада зацьвердзіла кіраўніком штабу Сяргея Калякіна. «Пакуль у штабе, акрамя старшыні, нікога няма. Усё давядзецца рабіць з нуля», — канстатаваў сп.Калякін. У вэртыкаль штабу будуць інтэграваныя актывісты, якія ўдзельнічалі ў папярэдніх палітычных кампаніях. «Ніякіх паралельных структур ня будзе», — папярэдзіў начштабу.

Алесь Мілінкевіч прапанаваў Палітрадзе кааптаваць у свой склад кіраўніка Фонду лякальнага разьвіцьця, экс-дэпутата Вярхоўнага савету СССР Віктара Карняенку — ён будзе адказваць за працу зь недзяржаўнымі арганізацыямі. «Важна, каб ніхто не апынуўся за бортам», — паабяцаў сп.Карняенка. Пра сваё прызначэньне сябрам Палітрады пры адзіным кандыдаце ён даведаўся ад журналістаў. Іх папрасілі пакінуць памяшканьне паседжаньня — абмяркоўвалася далікатная тэма: хто зробіцца старшынём Нацыянальнага камітэту — органу, які будзе выпрацоўваць інтэлектуальную плятформу для адзінага кандыдата.

Да правядзеньня Кангрэсу прагназавалася, што Камітэт узначаліць былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў. Але з улікам вынікаў галасаваньня па адзіным кандыдаце, Палітрада палічыла больш апраўданым прызначыць старшынём Нацыянальнага камітэту Анатоля Лябедзьку. В.Лявонаў, хутчэй за ўсё, будзе ўведзены ў склад Палітрады. «Нацыянальны камітэт — ценявы ўрад —будзе выпрацоўваць вобраз новай Беларусі», — заявіў А.Лябедзька. Але калі гэты вобраз набудзе рысы праграмы адзінага кандыдата, пакуль сказаць цяжка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0