«НН» аналізуе першыя інтэрвію адзінага кандыдата.

Перамога Алеся Мілінкевіча на Кангрэсе дэмсіл атрымала вялікі рэзананс у прэсе — як беларускай, так і замежнай. Выявілася, што Мілінкевіч не занадта шматслоўны, але і не маўчун. Ніколі не гаворыць пра сябе ў трэцяй асобе, затое займеньнік «я» выкарыстоўвае актыўна. Як і займеньнік «мы».

Мілінкевічавы прызнаньні

У Мілінкевічу ўражвае шчырасьць. Пра апэрацыю на нырках прызнаўся карэспандэнту найбольшай у Польшчы «Газэты выборчай», дадаўшы, што, паводле ягоных зьвестак, пэўныя структуры ўжо падшукваюць атруту пад чалавека, хворага на ныркі. Ня робіць таямніцы зь сямейных праблем. «Я жанаты другі раз, але не хачу апраўдвацца», — сказаў ён у інтэрвію «Камсамолцы».

Шчыры Мілінкевіч і з самім сабой: «Цалкам відавочна, што сёньня мы ня можам прыйсьці да людзей з сацыяльна-эканамічнымі прапановамі, бо ў нас у гэтым пляне ўсё-такі адносна спакойна», — прызнаецца Мілін-кевіч уплывовай украінскай газэце «Дзеркало тижня». «Ва Ўкраіне людзі выйшлі на вуліцы не па сала ды гарэлку, а таму, што іх прынізілі», — кажа Мілінкевіч у інтэрвію чэскаму выданьню нумар адзін «Лідовэ навіны».

Пра сваю Цімашэнку

Калі «Народная воля» параўнала Мілінкевіча з Гаўлам, адзіны кандыдат сьціпла сказаў журналісту «Лідовых навінаў»: «Не заслужыў такога параўнаньня. Гэта сусьветны палітык, а я сябе такім не лічу. З Гаўлам мяне параўналі таму, што я ня тып рэвалюцыянэра, а хутчэй падобны да спакойнага інтэлектуала». На іншым канцы лягічнага ланужка хаваецца сюрпрыз: «Але нешта ад Юшчанкі запазычыў — буду мець сваю Юлію Цімашэнку. Спадарыню Ірыну Красоўскую. Яна прыгожая, разумная і тэмпэрамэнтная».

Мілінкевіч усяляк падкрэсьлівае тое, што ня хворы на ўладу, — і нават прызнае, што ў нечым гэта ягоная хіба: «Я прапанаваў Лябедзьку і Калякіну самыя высокія пасады, на якія яны прэтэндуюць, таму што відавочна: амбіцыі ў палітыкаў ёсьць… Можа, у мяне гэтых амбіцый трошкі менш — трэба будзе вырошчваць» («Дзеркало тижня»).

Няпэўнасьць ці хітрасьць?

Мілінкевічава шчырасьць нярэдка ўспрымаецца як няўпэўненасьць. Ён любіць выкарыстоўваць выразы накшталт «мне здаецца», «даволі», «можа», «мабыць», з прычыны чаго ўсё, што гаворыць «адзіны», набывае некатэгарычнасьць. Цьвёрдае Мілінкевічава «Так!» у адказ на пытаньне «Ці пераможаце вы?» («НН») — гэта, хутчэй, выключэньне, чым правіла. «Страху няма, але ёсьць трывога — спраўлюся ці не», — прызнаецца Мілінкевіч «БДГ». «Я не такі добры эканаміст, каб гаварыць пра тонкасьці эканамічных узаемаадносінаў з Расеяй, — кажа Мі-лінкевіч у інтэрвію «Дзеркалу тижня» і дадае: — Я ж зусім недасьведчаны палітык». Так і хочацца спытаць: дык чаго ж тады вас выбралі, спадар Мілінкевіч?

Відаць, Мілінкевіч заўважае, што сам сябе ставіць у слабую пазыцыю. Таму ў тым самым інтэрвію «Дзеркалу тижня» адзіны кандыдат папраўляецца і кажа, што «ў палітыцы я нібыта сьвежы чалавек». У апошнім інтэрвію «БДГ» Мілінкевіч таксама мяняе акцэнты: «Мая невядомасьць згуляе на руку ўсёй апазыцыі, на якой, як гэта ні цяжка прызнаваць, даўно ляжыць пячатка заўсёдных няўдач».

А вось ці не хаваецца пад маскай добрага дзядзі Мілінкевіч — дыктатар? «У штабе адзінага «дэмакратыяй і пахнуць не павінна — тады ідзе праца», — гаворыць ён у інтэрвію «Белорусам и рынку». «Я за тое, каб выбарчы штаб адзінага кандыдата меў абсалютна дыктатарскія паўнамоцтвы» (інтэрвію «НН»). Ціхая сьвіньня глыбака рые, — як казала мая бабуля.

Пра рэжым

Мілінкевіч тонка прыкмячае слабыя месцы рэжыму, якія ўжо сапраўды даліся ў знакі нават прыхільнікам Лукашэнкі — ад міністраў да простых калгасьнікаў: «Нават у вёсцы ненавідзяць уладу за тое, што яна хамская», — кажа ён карэспандэнту «Дзеркала тижня». «Ніколі брыгадзіры, дробнае начальства так не хамілі. Гэта паўсюдна, як эпідэмія» («Белорусы и рынок»).

«Яе немагчыма выхаваць», — гаворыць Мілінкевіч пра беларускую ўладу расейскай службе радыё «Свабода». «Лукашенка і яго рэжым не падлягаюць рэфармацыі, як не падлягала рэформам камуністычная ўлада» («Дзеркало тижня»).

Сцэнар перамогі ў Мілінкевіча адзіны: «Надзей на тое, што ў выпадку нашай перамогі ўлады абвесьцяць рэальныя вынікі выбараў, няма ніякіх. Дыктатура ні-колі не прызнае паразу. Бяз вулічных, але выключна мірных акцый не абысьціся» («Известия»).

Што да лёсу цяперашняга прэзыдэнта, дык у інтэрвію замежным мас-мэдыя Мілінкевіч выказваецца найбольш рэзка: «Што да Лукашэнкі, дык я не зьбіраюся далучацца да гульні, якую прапануюць некаторыя, — надаць яму гарантыі бясьпекі, калі добраахвотна сыдзе. Як я магу забыць на зьніклых? Толькі суд можа вырашыць, вінаваты Лукашэнка ці не» («Лідовэ навіны»).

Мілінкевіч лічыць, што гвалт у выніку сыграе супраць самога рэжыму: «Зьнішчэньне — фізычнае ці нейкае іншае — адзінага кандыдата можа ў выніку зрабіцца адным з самых магутных мабілізацыйных фактараў («Дзеркало тижня»). І Мілінкевіч гаворыць пра самаахвярнасьць: «Проста надыходіць такі момант, калі клопат пра радзіму, клопат пра будучыню дзяцей робіцца больш важным, чым захаваньне жыцьця» (інтэрвію расейскай службе радыё «Свабода»).

Алюзіі і рэмінісцэнцыі

Як выяўляецца, дзьве супрацьлегласьці — Мілінкевіч і Лукашэнка — маюць досыць шмат падабенстваў. «Тое добрае, што было пры Лукашэнку, калі ён сыдзе — паводле закону ён даўно павінен сысьці з улады, — будзе захаванае», — абяцае Мілінкевіч у інтэрвію расейскай службе радыё «Свабода». Эканамічныя задумы Мілінкевіча не ўражваюць навізной: «Патрэбная прыватызацыя малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Кантрольны пакет буйных прадпрыемстваў трэба пакінуць за дзяржавай, за Беларусьсю» («Белорусы и рынок»).

Мілінкевіч нават выкарыстоўвае тэрміналёгію Лукашэнкі: «Канстытуцыя прадугледжвае нэўтралітэт Беларусі, і нам трэба яго захаваць. Гэта не выключае магчымасьці шматвэктарнага супрацоўніцтва» («Белорусы и рынок»). У штабе адзінага павінна быць «вэртыкальная структура з выканаўчай дысцыплінай» («НН»). Канцэпцыя стварэньня «ідэйнай вэртыкалі» ў адказ на ўладную вэртыкаль Лукашэнкі была агучана Мілінкевічам падчас выступу на кангрэсе.

І хоць Мілінкевіч перакананы, што адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі павінна быць беларуская, ягоная фраза «Чалавек з расейскай мовай не павінен адчуваць сябе горш, чым чалавек, які валодае беларускай» («НН») гучыць амаль рэфрэнам да Лукашэнкавай «Расейскі чалавек у Беларусі павінен адчуваць сябе лепш, чым у Расеі».

«Расея для Беларусі — найважнейшы стратэгічны партнэр і найбліжэйшы саюзьнік», — кажа Мілінкевіч карэспандэнту газэты «Известия». І адразу робіць заўвагу пра тое, што Беларусь павінна застацца сувэрэннай. Але тое самае апошнім часам сьцьвярджае і Лукашэнка. Сьвежы прыклад — рэдакцыйны артыкул «Беларуси сегодня» за 11 кастрычніка, дзе жорстка крытыкуюцца расейскія палітыкі, якія «менш за ўсё цікавяцца думкай наконт імгненнага ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі самога беларускага народу». Пытаньне — ці гэта Мілінкевіч пераймае Лукашэнкаву зброю, ці Лукашэнка змагаецца за незалежніцкі электарат? Так ці інакш, выглядае, што выбары-2006 будуць барацьбой двух праектаў разьвіцьця незалежнай Беларусі.

Мэтафары ад Мілінкевіча

За час «кандыдацтва» Мілінкевіча назьбіраўся ўжо ладны сьпіс яго фірменных выслоўяў. «Я найлепшы зьбіральнік маленькіх дэмакратычных беларускіх земляў», — з гонарам кажа ён у інтэрвію «Комсомольской правде». «Для мяне Беларусь — гэта сьвятое», — выказваецца Мілінкевіч у інтэрвію «Белорусам и рынку». «Над беларусамі ніколі не заходзіць сонца», — гэта пра раскіданую па ўсім сьвеце беларускую дыяспару ў адказах на форуме радыё «Свабода». «Беларусь у небясьпецы!» — папярэджвае ён чытачоў чэскай газэты «Лідовэ навіны». «Мы абудзім Беларусь!» — абяцае адзіны кандыдат у інтэрвію «Газэце выборчай». «Будзе барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць», — сказаў Мілінкевіч у інтэрвію «НН» перад выбарамі адзінага. «Будзе вайна, сур’ёзная вайна», — з такімі словамі ён зьвярнуўся да дэлегатаў Кангрэсу. І пераможцы вайны ня вызначаны: «Калі мы прайграем, прама кажу — будзе «палярная ноч» ( «Дзеркало тижня»).

Мілінкевіч усяляк падкрэсьлівае, што ўлада для яго — ня мэта, а цяжкі абавязак: «Калі б у нашай краіне была цывілізаваная ўлада і краіна была б дэмакратычная, я ня быў бы ў палітыцы. Я выкладчык» (інтэрвію расейскай службе радыё «Свабода»). Але для Мілінкевіча «пачуцьцё адказнасьці перакрывае ўсё астатняе» («БДГ»). «Я проста хачу ўратаваць краіну» («Комсомольская правда»). Каб жа ўсё было так проста, спадар кандыдат…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0