Алешча — першая беларуская станцыя на чыгунцы Невель—Полацак. Вакол станцыі — колькі дзясяткаў хатаў. Ані назваў вуліц, ані нумароў на хатах. Міліцыянты, якія прыяжджаюць разьбірацца з чарговым здарэньнем на лесапагрузцы, так і запісваюць сьведку: «Жыве ў трэцім доме ад крамы».

Здарэньняў хапае. За апошні тыдзень спалены тартак, узламана і абрабавана сталоўка, тры траўмы на вытворчасьці. Рэакцыя майстроў, міліцыі ды паспалітага люду аднолькавая: «Спалілі нападпітку», «Напіліся — залезьлі».

Тут толькі два кірункі жыцьця, вызначаныя каляінай чыгункі: з Расеі дызэль возіць тэхнічны сьпірт, у бок Полацку адгружаюць лес і зьяжджаюць людзі. Большасьць алешчынцаў працуюць тут жа, на станцыі. Тут жа бадзяюцца дзеці, козы абдзіраюць кару са штабэляваных круглякоў. У цяньку адлежваюцца пераможаныя зялёным зьмеем.

— Трэба нешта рабіць, — зьвяртаецца да мяне кабета, чый дом стаіць ля самай транспартэрнай стужкі. — Я нават не магу сюды прывезьці ўнука — сап’ецца! Тут усё гэтым заканчваецца. Прападае Алешча!

Жыхарку мясцовыя завуць Багамолкай. Яна зьбірае подпісы, каб пабудаваць у Алешчы царкву. Сельсавет, лесапунктаўскае начальства й бацюшкі з Полацку «ня супраць». Размаўляю наконт гэтага з рабочымі падчас перакуру. Тыя слухаюць напаўвуха, як занудлівую мараль. Адзін не вытрымлівае:

— Ну дык і ўзначальвай Партыю адраджэньня Алешчы.

Партыя — гэта Багамолка, сям’я майстра, разьметчыца Мая ды некалькі жыхароў, што голасна наракаюць на тутэйшы павальны алькагалізм. Супраціўнікі называюць іх «язьвеньнікі-трэзьвеньнікі». Астатні народ — пасярэдзіне але пасьля заробку сама менш на тыдзень змыкаецца са «сьпіртавозамі» і ўтварае агрэсіўную большасьць.

Алешча вымірае. Як спыніць дэградацыю беларускай вёскі на стыку з буйной індустрыяй? Плян Лукашэнкі называецца «аграгарадкі». Пабудуем замест сельпо ўнівэрсам, замест лазьні — басэйн ды цырульню, і тады зажывяце!

Не зажывуць. Ня зьменіць гэта. Тут душы ратаваць трэба. Пачынаць варта са спрыяньня хрысьціянскім суполкам. У кожнай вёсцы — ільготы царкве, касьцёлу, малітоўнаму дому. Толькі Богу пад сілу ператварыць амярцьвелыя, засьпіртаваныя паселішчы ў здаровую беларускую вёску, дзе не ўпіваюцца, ня крадуць, шануюць працу.

Другое — прыватная ўласнасьць ды прадпрымальніцтва. Яшчэ савецкага часу грувасткія вытворчасьці, што ледзь ліпяць дзякуючы дзяржманаполіі, так і просяцца ў гаспадарскія рукі. Дробны гандаль, лясное зьбіральніцтва, агратурызм, нават паляваньне ў Эўропе ўжо даўно пастаўлены на шырокую камэрцыйную аснову і кормяць цэлыя краі й дзяржаўныя бюджэты. Інакш у які басэйн пойдзе алешчынскі штабялёўшчык, што атрымлівае за месяц 150 тысяч «бруднымі»?

Нарэшце, трэцяе — мясцовая ўлада. Маласіценскі сельсавет нічога не вырашае і ні пра што ня дбае ва ўласнай вёсцы — куды ўжо суседняй Алешчы. Галоўнай уладай з уласным бюджэтам, правам распараджацца дзяржаўнай зямлёй ды ліцэнзіямі, з абавязкам падтрымліваць чысьціню ды парадак у навакольлі тут мусіць быць павет на чале з войтам, а ня «Полацаклес» ды абласныя рэвізоры наездамі раз на год.

Каб адрадзіць Алешчу, у 2006-м абавязкова трэба перамагаць.

Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0