Улады спадзяюцца зьнізіць спажываньне алькаголю на чалавека з 9,5 да 7,8 л у год.

На пачатак году ліцэнзіі на вытворчасьць алькаголю ў краіне мелі 127 прадпрыемстваў. Павышэньне іх аб’ёмаў продажу за апошнія гады выклікала рост выпадкаў алькагалізму. З 1990 г. алькаголікаў-мужчынаў стала больш утрая, жанчын — у чатыры разы.

Каб абмежаваць выпуск сьпіртнога, урад зацьвердзіў праграму разьвіцьця алькагольнай прамысловасьці на 2006—2010 г. Яна прадугледжвае скарачэньне ліцэнзіяў на вытворчасьць алькаголю й зьмену структуры вытворчасьці на карысьць «якасных і натуральных напіткаў». Маюцца на ўвазе гарэлка і разьлітыя ў Беларусі вінаградныя віны, якія ніхто ў сьвеце не лічыў бы натуральнымі, ні тым больш якаснымі.

Выпуск гарэлкі й лікёра-гарэлачных вырабаў летась склаў 7,4 млн дэкалітраў (у 2000 г. было ўдвая меней). Да 2010 г. колькасьць вытворцаў будзе скарочана на траціну. Некаторыя прадпрыемствы перапрафілююць. Гарадзенскі і клімавіцкі заводы будуць выпускаць пакетаваныя сокі, гомельскі — квас.

Адначасова плянуецца забясьпечыць рост экспарту, які хочуць павысіць у 9 разоў у параўнаньні з узроўнем 2005 г. Дзеля гэтага мяркуецца мадэрнізаваць найлепшыя лікёра-гарэлачныя заводы — «Менск-Крышталь», гомельскі, берасьцейскі й віцебскі.

Закрануць зьмены і вытворчасьць пладовых вінаў. Летась іх было выпушчана 26,4 млн дэкалітраў, у чатыры разы болей, чым у 2000 г. (6,6 млн.) Цяпер жа вытворчасьць пладовых вінаў хочуць скарачаць на карысьць вінаградных вінаў і каньяку зь імпартных вінаматэрыялаў.

З 2008 г. пладовыя віны будуць вырабляць толькі з айчыннай сыравіны. На васямнаццаці заводах выраб «Крыжачкоў» будзе спынены, што скароціць вытворчасьць на 2,5 млн дэкалітраў. Затое павялічыцца колькасьць прадпрыемстваў — вытворцаў вінаграднага віна, з 31-го да 37-мі.

Лічба вытворцаў каньяку павялічыцца з шасьці да васьмі. Новыя каньячныя лініі будуць створаны ў Берасьці й Гомелі.

Паводле дэкрэту прэзыдэнта, які набудзе сілу 13 сьнежня, колькасьць вытворцаў і гандлёвых суб’ектаў на алькагольным рынку скароціцца — дэкрэт забараняе весьці бізнэс індывідуальным прадпрымальнікам ды ўсталёўвае жорсткія ўмовы для аптавікоў. Застанецца менш за 10% кампаніяў. У адпаведнасьці з дэкрэтам для атрыманьня ліцэнзіі на аптовы гандаль алькаголем прадпрыемства мусіць мець статутны фонд ня менш за 100 тыс. эўра, склады плошчай больш за 1 тыс. м² і займацца аптовым гандлем ня менш за пяць гадоў.

Мэта ўсіх новаўвядзеньняў — зьмяншэньне колькасьці спажываньня чыстага алькаголю на аднаго чалавека ў год — з 9,5 л у 2004-м да 7,8 л у 2010-м. Пакуль Беларусь б’е ўсе адмоўныя рэкорды. Летась аб’ём продажу алькагольных напояў у пераліку на чысты сьпірт склаў 9,5 л, што на паўтара літра перавышае максымальны ўзровень, вызначаны Сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0