Ён зачароўваў людзей. Кожнае слова клалася ў сэрца і душу, гонячы мурашак па целе і выбіваючы сьлязу.

Тры беларускія паэты

Упершыню мы пазнаёміліся з Анатолем Сысом, калі вучыліся на І курсе гомельскага філфаку. Чаму я кажу «мы» — бо на адным патоку са мной вучыўся Едрусь Акулін і Сяржук Сыс, які паходзіў з Заспы, суседняй з Гарошкавам вёскі. Да нас у аўдыторыю зазірнуў малады хлопец са сьветлымі валасамі ды трохі выпучанымі вачыма й безапэляцыйна абвясьціў: «Я — паэт Анатоль Сыс! Калі сярод вас ёсьць паэты ці празаікі — увечары прыходзьце на пасяджэньне літаратурнага гуртка «Крынічка»!»

Мы ўтрох і пайшлі туды. Дзе і пазнаёміліся. Сыс вучыўся на ІІІ курсе і быў вядомы на ўвесь філфак паэт, хоць добрых жывых настаўнікаў ці паплечнікаў у яго не было. Віктар Ярац, які вёў тады пасяджэньні «Крынічкі», таксама Толікаў зямляк з Заспы, хутчэй, быў за сябра. А нас, маладзейшых, пакуль што ён ня браў у разьлік. Пазьней ужо, у Менску, убачыўшы нас зь Едрусем, заўсёды ганарліва абвяшчаў усім: «Глядзіце, гэта мае дзеці!» І сапраўды, першых пару гадоў ва ўнівэрсытэце мы «глядзелі яму ў рот».

Толік сам шукаў і выбіраў сабе паэтычных настаўнікаў. Ня памятаю, каго хваліў з расейскіх паэтаў, а зь беларускіх горда абвяшчаў: «У маладой літаратуры ёсьць тры сапраўдныя паэты: Разанаў, Някляеў і Пашкоў!» Трэба сказаць, што амаль не памыляўся. Прынамсі, два зь іх дакладна застануцца ў беларускай літаратуры.

Добра памятаю першы пачуты мною верш Сыса, які ён прачытаў на «Крынічцы». Там было штосьці пра забітага дэльфіна, які плаваў па сініх хвалях, а побач зь ім плавалі ягоныя мазгі.

Гэтая пэўная саматужнасьць, аддаленасьць ад літаратурнага Менску наклала адбітак на ягонае далейшае жыцьцё і літаратурны шлях, які ён церабіў выключна сам. Адсутнасьць аўтарытэтаў — небясьпечная рэч. Яна дазваляе бясстрашна ісьці наперад, захоўваць прыродную чысьціню і дасягаць неймаверных вышынь, але часам даводзіць жыцьцё да поўнага анархізму і робіць яго проста бессэнсоўным.

Толькі не ўгражайце!

Ён любіў гучны сьмех, цікавыя, а часам і балючыя жарты. Прыгожы і вельмі дужы, ён падабаўся многім філялягіням. І часам круціў зь імі раманы. Але ўжо ў тыя гады ён прысьвяціў сябе адной паненцы — паэзіі. Імкнучыся дасягнуць максымальнай шчырасьці ў паэзіі, ён амаль не адрозьніваў паэзію ад жыцьця і быў гэткім жа шчырым у жыцьці, што часта ставіла яго ў драматычныя сытуацыі. Разы два яго зьбіраліся выганяць з унівэрсытэту. Не за тое, што кепска вучыўся, а за тое, што ён заўсёды быў шчыры і казаў праўду выкладчыкам у вочы. Былі выкладчыкі, якія любілі яго, а былі такія, што ненавідзелі. Спраўджвалася банальная ісьціна: мізэрнасьці ненавідзяць талент за тое, што ён не такі, як яны. Упершыню ў жыцьці я бачыў такую непрыхаваную зайздрасьць да яскравага таленту і жаданьне зламаць чалавека, даказаць, што ён — нікчэмнасьць. Але Сыс не ламаўся, не ўгінаўся і горда, як карабель, ішоў сваім шляхам.

Што да жартаў — Толік любіў сам ствараць розныя недарэчныя і сьмешныя сытуацыі. Ужо ў Гомелі ён з двума аднавяскоўцамі, таксама мажнымі хлопцамі, прыйшоў у рэстаран. Селі за столік. Афіцыянтка прапанавала зрабіць заказ. Абсалютна сур’ёзна хлопцы далі заказ: «Тры міскі баршчу і булку хлеба!» Афіцыянтка разгубілася і перапыталася: «Что? Что?» «Тры міскі баршчу і булку хлеба!» — з каменнымі тварамі паўтарылі яны. Афіцыянтка спалохалася і, адыходзячы ад іх задам, адно толькі паўтарала: «Не ўгражайце! Не ўгражайце!»

Наступным разам яны са сваім сябруком у гомельскім парку голасна наўзрыд аббрахалі маленькага сабачку, які на ворцы ў сваёй гаспадыні ўздумаў пабрахаць на іх. У выніку ўцякаў спалоханы сабачка, а разам зь ім і ня менш спалоханая ягоная гаспадыня.

Палеская салідарнасьць

У нечым ён, безумоўна, паўплываў на наша станаўленьне як асоб, унутраную незалежнасьць. Самае каштоўнае, што ён навучыў цаніць асабістым прыкладам, дык гэта волю, якая тады яшчэ ня значылася ў сыстэме савецкіх каштоўнасьцяў. Добра памятаю, як, ходзячы паўсюль з нататнікам зь вершамі, якія ён пісаў пакутліва доўга, літаральна хварэў, перапісваючы, прагаворваючы на прапахлых супамі інтэрнатаўскіх лінолеўмных калідорах, дашліфоўваючы ўначы, перабіраючы словы, як каштоўныя камяні, ён убачыў нас, што ішлі з начной разгрузкі брудныя і стомленыя, і сказаў: «Напрацавацца пасьпееце! Вучыцеся, пакуль у вас ёсьць такая магчымасьць, чытайце, пішыце, узрастайце, пакуль кормяць вашыя бацькі! Вас сюды не працаваць пасылалі!» Гэта ўразіла мяне. Я падумаў — і праўда! І болей на начныя разгрузкі не хадзіў.

Але была яшчэ адна начная разгрузка, на якую мы трапілі ў будатрадзе разам зь Едрусем і Толікам. Разгрузка калійных угнаеньняў з вагонаў. Мы будавалі дамы ў Бабчыне, якія цяпер стаяць пустыя — радыяцыйная зона. Грошай плацілі мала, і вось нашы камандзіры дамовіліся на калым. Па два чалавекі на вагон, цэлую ноч мы кідалі шуфлямі гэтае ўгнаеньне, а Толік час ад часу запяваў магутным голасам штосьці з Доны Самэр. Была такая папулярная амэрыканская сьпявачка. Амаль сюррэалістычная карціна. Ціхая палеская ноч, якая, не пасьпеўшы скончыцца, ужо запалілася на ўсходзе мяккім золкам, вялізныя празрыстыя зоркі, чысты сьпеў звар’яцелых салаўёў і магутны рык нястомнага Сыса.

Тады ў Бабчыне ў Сержука Сыса пачаліся непрыемнасьці зь мясцовымі хлопцамі праз тамтэйшую прыгажуню, і яны пачалі адлоўліваць яго ўсёй сваёй вясковай грамадой, ганяючыся за ім, як статак быкоў, каб пабіць (хоць Сяржук быў невінаваты, і дзяўчына — ні сном ні духам, а заварыў кашу тутэйшы хлопец, п’яны стрыечны брат Міколы Мятліцкага). Толік прапанаваў нечаканы ход — усім хлопцам з будатраду пастрыгчыся нагала, каб было немагчыма пазнаць Сержука. Паехаўшы у лазьню ў Хойнікі, мы, чалавек дванаццаць, салідарна гэтак і зрабілі. Памятаю выраз на тварах у хойніцкіх габрэйскіх хлапцоў, якія тады яшчэ жылі ў Хойніках і тусаваліся каля лазьні, калі яны ўбачылі цэлую купу лысых будатрадаўцаў. Сержука ўжо было немагчыма адрозьніць, хаця вечна п’яны Мятліцкі са сваімі быкамі і прыходзіў на апазнаньне, ды дзе там!

Навяртаньне

Першыя спробы ўцягнуць Толіка Сыса ў моладзевы нацыянальны рух у 1981-м, які тады распачалі менскія студэнты — В.Вячорка, С.Сокалаў, С.Дубавец, — ён успрыняў насьцярожана. Казаў, што ў Менску там нацыяналісты і што ўсё гэта скончыцца турмой, а ён хоча пісаць вершы і нічога болей.

Хоць і з праблемамі, унівэрсытэт ён дзякуючы дэкану скончыў і пайшоў у войска, служыў у польскай Легніцы, у пантонным батальёне. У Польшчы разгортваўся незалежніцкі рух, і, як расказваў Сыс, на плоце вакол вайсковай часьці ім часта малявалі тое, што думалі пра іх.

За гэты час падрасьлі і мы, перайшоўшы на беларускую літаратурную мову, павялічыўшы свае веды ў беларушчыне ды пашырыўшы кола аднадумцаў. Гэта моцна ўразіла Толіка па прыходзе з войска. Яго шыкоўная трасянка, якой ён вечна фарсіў падчас вучобы, цяпер выглядала анахранізмам. І ён адразу ж перайшоў на літаратурную мову, на якой размаўляў да канца жыцьця. Ён і да нас пачаў ставіцца ўжо як да роўных. Працуючы ў Веткаўскай «раёнцы», часта бываў у нас у інтэрнаце, браў чытаць кніжкі, слухаў мае гарачыя аповеды па гісторыі Беларусі, што я здолеў накапаць па пэрыёдыках, чытаў Ермаловіча, Абдзіраловіча, «Калосьсе» і «Студэнцкую думку», якія ў фатакопіях хадзілі па руках. І не такія страшныя ўжо былі для яго нашыя нацыяналісты. Неўпрыкмет, атрымаўшы патрэбныя веды, ён і сам стаў носьбітам беларускай нацыянальнай ідэі.

Увосень 1984 г. я паступіў у асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук і атрымаў месца ў інтэрнацкім пакоі на Акадэмічнай. Там яшчэ давучваўся Юзік Янушкевіч, ужо вучыўся гісторык Мікола Крывальцэвіч, толькі паступіў Генадзь Сагановіч. У нас адразу ж склалася беларускае кола, і закіпела актыўнае жыцьцё.

У гэты час, кінуўшы «раёнку», у Менск прыехаў Толік Сыс. Ня маючы жытла, спаў у пакоі ў мяне, у Сагановіча, які меў аднаасобны пакой. Хадзіў-шукаў па Менску працу, пакутаваў, шумна ўздыхаў і напісаў хіба што за пару гэтых месяцаў адны з найлепшых сваіх вершаў — «Пацір», «Маналёг Апанаса Філіповіча», «Дух» ды яшчэ некалькі іншых. Таксама напісаў пару артыкулаў па беларускай культуры, у прыватнасьці для «Маладосці» пра слуцкія паясы. Урэшце знайшоў працу на тэлебачаньні, за што вельмі дзякаваў Бураўкіну, атрымаў пакой у інтэрнаце і неяк зачапіўся за Менск. За гэты час пазнаёміўся са сьвядомай беларускай моладзьдзю.

Назвы, дарэчы, для сваіх «маналёгаў» часам даваў адвольна, як з тым жа ж «Апанасам Філіповічам», за старасьвеччынай маскуючы сучасны зьмест. А часам натхняўся якой-небудзь постацьцю зь беларускіх нацыянальных дзеячаў, якая ўражвала яго сваім яскравым талентам ці трагічным жыцьцёвым лёсам. Так, ужо пазьней, перабіраючы старую беларускую пэрыёдыку, я прачытаў пра беларускага артыста Рамуальда Жакоўскага, які скончыў жыцьцё самагубствам, перапісаў гэтую інфармацыю і паказаў Толіку. Той схапіўся за яе і напісаў «Маналёг Рамуальда Жакоўскага».

Увесну 1985 г. на Радаўніцу на Ўсходніх могілках сьвядомая моладзь і старэйшыя наладзілі ўскладаньне кветак да магілы Караткевіча. Прыйшлі і мы. Былі прамовы і выступы. Толік таксама выступіў і прачытаў свой верш «Дух». Як ён чытаў вершы — гэта асобная гаворка. Ён зачароўваў людзей. Кожнае слова клалася ў сэрца і душу, гонячы мурашак па целе і выбіваючы сьлязу. Усе зьнерухомелі, бо было ў вершы, апроч усяго, і пра «плюгавага», які скажа: «Дух — гэта, людзі, Я!» — Скажа, а сам з рагамі. Людзі разявяць рот — Як жа ж, такія словы: «З намі — увесь народ! Шлях да адзінай мовы!» — зь якой пагардай і нянавісьцю гучалі гэтыя радкі пра «адзіную мову»! Прарокам вяшчаў ён пра Духа-заступніка, які «Выжыве — гэна так! Знойдзе… і вам на тацы медны падасьць пятак: «Вось вам на хлеб, засранцы!» Пра «адзіную мову» тады вяшчалі з самых высокіх трыбун. І асацыяцыі з «плюгавым» былі вельмі празрыстыя.

Адразу пасьля сканчэньня прамоў да Анатоля падышлі тры коратка пастрыжаныя хлопцы ў цывільным, якія дагэтуль абціраліся ў натоўпе, сунулі яму пад нос кніжачкі і памкнуліся затрымаць яго. У мяне было адчуваньне роспачы, як, мабыць, і ва ўсіх, хто там быў. Бо што на той час азначала такое затрыманьне, ня ведаў яшчэ ніхто. Я інстынктыўна схапіў аднаго зь іх за локаць, спрабуючы нейкім чынам затрымаць, задаючы нейкія недарэчныя пытаньні, накшталт «За што?». Адзіны, хто не разгубіўся, дык гэта быў Анатоль, які рэзка разьвярнуўся і… пабег! Гэтага не чакалі і «ціхуны», якія са спазьненьнем кінуліся за ім. Толік зьявіўся ўвечары да нас у інтэрнат і расказаў, што ўцёк ад іх, — добра, на могілках на Радаўніцу тады было шмат людзей, і ён, пераседзеўшы за адной з магілак, выбраўся незаўважаным.

Увесну 1985-га прыйшла мая чарга ісьці ў войска на паўтара году. Вярнуўшыся ў Менск увосень 1986 г., я ўбачыў, што Толік ужо асвойтаўся ў Менску, пазнаёміўся шмат з кім зь беларускіх культурных дзеячаў, фатографаў, мастакоў, моладзевых нацыянальных актывістаў. Алег Бембель, Алег Мінкін, Анатоль Кляшчук, Аляксей Марачкін — гэты шэраг неардынарных асоб можна было б працягваць і працягваць. Знаёмствам спрыяла ягоная праца. Цягаючы драты — іншага яму не прапаноўвалі — за камэрамі і асьвятляльнымі лямпамі, ён меў шмат часу, каб пагаманіць і пазнаёміцца зь цікавымі для яго людзьмі. Сытуацыя ў грамадзтве пачала мяняцца, гарбачоўская перабудова надала нам рэальнага імпэту і аптымізму. Зьявілася магчымасьць для легальнай працы, прапаганды беларускіх ідэй. Пачала пераглядацца ў аб’ектыўны бок беларуская гісторыя, зьявіліся ў друку забароненыя доўгія гады літаратурныя творы.

Павевы волі пасьля доўгага перыяду задушша і застою п’янілі нам галовы. Была спроба далучыць Анатоля да падпольнай дзейнасьці, якую тады праводзілі мы па меры сваіх магчымасьцяў. Я расказаў яму пра нашу групу, у якую ўваходзілі Вячорка, Суша, Івашкевіч, Дубавец ды іншыя, расказаў пра мэты і задачы. Цяпер ідэя незалежнасьці Беларусі, яе дэсаветызацыі не была такой недасяжнай. Ён пагадзіўся працаваць, удзельнічаў у некалькіх зборках, здаваў складкі, штомесячна па пяць рублёў, але далей справа не пайшла. Падпольная праца патрабавала скрытнасьці і кансьпірацыі, а Толікава паэтычная імпульсіўнасьць і шчырасьць маглі нашкодзіць і яму, і ўсім нам, таму было вырашана глыбей яго ня ўцягваць, шчыльна працуючы разам у легальным полі. Тым больш што мы разумелі: ягоны паэтычны талент, тыя тэмы, на якія ён пісаў, тыя праблемы, якія ён ставіў у сваіх вершах, ягоныя прамоўніцкія здольнасьці, здольнасьці пераконваць і ўплываць на людзей ужо маглі быць рэалізаваны адкрыта і легальна зь вялізнай карысьцю для Бацькаўшчыны. Ён жыў Беларусьсю і дзеля Беларусі, а што яшчэ трэба было?

У кастрычніку—лістападзе 1986-га на чарговай нарадзе Міктарату, як мы называлі свае патаемныя зборкі, было прынята абавязковае для выкананьня рашэньне максымальна разьвіваць легальныя мэтады працы ў грамадзтве праз стварэньне «нефармальных», як іх называлі, арганізацый. А ў сьнежні 1986 г. у інтэрнатаўскім пакоі Анатоля Сыса на Авангарднай упершыню сабраліся шэсьць маладых літаратараў, якія запачаткавалі Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», якое адыграла значную ролю ў творчым і дэмакратычным жыцьці Беларусі напрыканцы 1980-х.

Як пазьней высьветлілася, адзін з нашай шасьцёркі яшчэ раней быў завэрбаваны КДБ, але ўжо нішто не магло спыніць моладзевага руху і тых грандыёзных перамен у гісторыі Беларусі, якія неўзабаве надышлі, да чаго мы таксама, наколькі маглі, прыкладалі свае намаганьні. Бліскучая роля ў тагачасным моладзевым нацыянальным руху належала Анатолю Сысу. Больш падрабязна я напішу пра гэта пазьней. Жыцьцё «Тутэйшых», літаратурныя вечарыны, удзел у розных «нефармальных» імпрэзах, узьняцьце на шчыт у сваёй творчасьці нацыянальнай ідэі — усё гэта натхняла ня толькі Анатоля, але і тых людзей, зь якімі ён кантактаваў. Эпоха зьмен нараджае вялікіх творцаў. Трагедыя гэтай эпохі становіцца часта і іхняй асабістай трагедыяй.

Паводле часопісу «Асамблея»

АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ — літаратура-знаўца, праваабаронца, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», зачыненага ў кастрычніку 2003 г.

Маналёг Апанаса Філіповіча

У гэтай краіне ня маю я дому,

Вось воблака — сяду і ў сьвет палячу.

Над гэтай гаморай, над гэтым садомам,

Ні грошай, ні славы — я волі хачу.

У гэтай краіне ня маю я долі,

Вось посах і торба і сотні дарог.

Па долю пайду. Не вярнуся ніколі.

Няхай мяне судзяць хоць людзі, хоць Бог.

У гэтай краіне ня маю я Бога,

Ушчэнт разапселі яго сьвятары:

Дзе церні павінны насіць — носяць рогі.

Які ж тагды бог, калі служкі зьвяры?

У гэтай краіне ня маю я роду,

Забыўся народ мой найменьне дзядоў,

І сьвету ня бачыць далей азяроду,

І дзецям ня дорыць на шчасьце падкоў.

У гэтай краіне ня маю я песьні,

Якая б народнай была і маёй,

Якую б сябрына запела ў Бярэсьці,

А рэха ўзышло за Дняпром і Дзьвіной…

У гэтай краіне ня маю я дому,

Вось воблака — сяду і ў сьвет палячу.

Над гэтай гаморай, над гэтым садомам

Ні грошай, ні славы — я волі хачу,

Бо ў гэтай краіне ня маю я волі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0