15 кастрычніка зьбіраўся Сойм Партыі БНФ. Партыйцы заслухалі Аляксандра Мілінкевіча, папярэдзілі Алеся Міхалевіча ды склікалі на 17—18 сьнежня чарговы зьезд ПБНФ.

Удзел у прабегу Сойму браў лідэр Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Алесь Мілінкевіч. У сваім выступе ён нагадаў, што на Кангрэсе перамог ня ён асабіста, «а нацыянальная ідэя — стрыжань нашае працы. Але мы перамаглі ня дзеля таго, каб сесьці на белага каня й ад’ехаць ад іншых, а каб умацаваць коньніцу». А.Мілінкевіч акрэсьліў спосаб арганізацыі сваіх штабоў. На першым этапе, калі галоўная праца — распаўсюд інфармацыі, за аснову трэба браць куставы прынцып, ад пачатку 2006 г. — будаваць штабы ў адпаведнасьці з адміністрацыйным падзелам. Адзіны кандыдат не зьбіраецца гастраляваць па заграніцах, хоць запрашэньняў безьліч. На Сойме адзначалі й вялікую цікавасьць да пэрсоны адзінага: падчас яго он-лайн-інтэрвію на «Свабодзе» прыйшло 226 пытаньняў (дагэтуль рэкорд быў 70).

Вінцук Вячорка паабяцаў, што Партыя БНФ стане лякаматывам супольнае працы: «Халявы ня будзе, працаваць прыйдзецца нам, менавіта мы нясём адказнасьць за захаваньне кааліцыі й перамогу адзінага кандыдата на выбарах. Усе, хто добра праявіў сябе падчас падрыхтоўкі Кангрэсу дэмсілаў, актыўна ўключацца ў працу штабу кампаніі Аляксандра Мілінкевіча».

Было падпісана і пагадненьне аб супрацоўніцтве з моладзевай ініцыятывай «Правы альянс» ды заслуханы справаздачы кіраўнікоў партыйных камісій. Было таксама вырашана стварыць аргкамітэт новай унутрыпартыйнай арганізацыі «Моладзь БНФ». Цікава, што два гады таму, пасьля сыходу з партыі Паўла Севярынца, у партыі вяліся размовы пра тое, што больш моладзевая арганізацыя ў складзе БНФ стварацца ня будзе.

Сьнежаньскі зьезд Партыі БНФ будзе нешматлюдны — 155 дэлегатаў. Колькасьць сяброў Сойму, якую прапаноўваецца зацьвердзіць зьездам, будзе ня больш за 47 чалавек (у апошнія гады колькасьць сяброў скарачаецца). Колькасьць намесьнікаў таксама прапануецца зьменшыць — да трох. У якасьці «чацьвёртага лішняга» разглядаецца Алесь Міхалевіч, якога іншыя партыйныя кіраўнікі на Сойме вінавацілі ў кулюарнай рабоце ў Беларусі і за яе межамі, скіраванай на падзел партыі. Сам Алесь Міхалевіч адрэагаваў на крытыку: «Я супраць падзелаў, але не хаваю, што на наступным зьезьдзе партыі, які пройдзе праз два гады, буду балятавацца на пасаду старшыні. Я лічу пазытыўным скарачэньне адной з пасадаў намесьніка старшыні, згодны, што намесьнікаў павінна быць менш. Але ў нас дэмакратычная партыя, і толькі зьезд вырашыць, хто будзе намесьнікам, а хто — не».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0