Польшча прываблівае турыстаў сантэхнікам.

«Жывяце ў Францыі? У вас цякуць трубы? Польскі прыгажун-сантэхнік не прыедзе дапамагчы вам! Прыяжджайце лепей вы да нас на курорт!» Такія надпісы аздаблялі плякаты з выявай сантэхніка-плэйбоя, што ў чэрвені зьявіліся ў Францыі. Рэклямная кампанія Польскага турыстычнага аддзяленьня ў Парыжы (Polish National Tourism Office) дасьціпна падсьмейваецца з французаў, якія прагаласавалі супраць Канстытуцыі ЭЗ. Адной з асноўных прычынаў была боязь французаў перад прывідам: мітычным вобразам «польскага сантэхніка», які адбярэ ў французаў працу, пагадзіўшыся працаваць за капейкі. Польскі сантэхнік стаў галоўным жупелам агіткампаніі левых супраць Эўраканстытуцыі.

Упершыню сантэхнік зьявіўся на інтэрнэт-старонцы парыскага аддзяленьня «Поль- скай турыстычнай арганізацыі». Ён зрабіў фурор. За тры летнія месяцы колькасьць візытаў у парыскі офіс ПТА павялічылася на 38% (у параўнаньні з адпаведным пэрыядам 2004 г.). Цэнтар наведалі 9,8 тыс. зацікаўленых у прыезьдзе ў Польшчу. Амаль на 40% узрасла таксама колькасьць запытаў наконт краіны, што высылаліся ў парыскае аддзяленьне ПТА электроннай поштай. А колькасьць наведваньняў ўэб-сайту кампаніі падскочыла ў дзесяць разоў. «Кампанія мела надзвычайны посьпех», — гаворыць Каміла Лучыньска-Вільчак, спэцыяліст ПТА па сувязях з грамадзкасьцю. Ужо вядома, што Польшчу ў гэты летні сэзон наведала больш турыстаў з Францыі, чым звычайна (рост склаў каля 20—30%).

Тварам рэклямнай кампаніі стаў 21-гадовы Пётар Адамскі. У камбінэзоне, абвешаны сантэхнічным рыштункам, мускулісты прыгажун на фоне гораў і рачулак запрашае ўсіх ахвотных наведаць Польшчу. Стваральнікі рэклямы забілі двух зайцоў: зрабілі рэкляму Польшчы і зьмякчылі настроі французаў.

Пра незвычайную кампанію пісалі газэты ва ўсім сьвеце — ад Аўстраліі да Калюмбіі. Усяго зьявілася 250 публікацый у прэсе. Усе артыкулы былі сабраны і выдадены ў форме кнігі. Яе мяркуе распаўсюджваць ПТА, якая налета зьбіраецца выдаткаваць яшчэ больш грошай на рэкляму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0