Пазаштатнага аўтара «Народнае Волі», пісьменьніка Васіля Гроднікава знайшлі мёртвым у сваім доме ў Заслаўі (Меншчына) 18 кастрычніка.
Мікалай Гроднеў адразу казаў, што брата маглі забіць. Аднак у той дзень міліцыя вэрсію забойства нават не разглядала. Унутранае кровазьліцьцё, ад якога памёр журналіст, маўляў, магло быць выклікана няўдалым падзеньнем. Аднак 19 кастрычніка прыйшлі зьвесткі судмэдэкспэртызы зь Менскай абласной клінічнай больніцы: прычына сьмерці В.Гроднікава — чэрапна-мазгавая траўма ў выніку ўдару тупым прадметам. У той самы дзень крымінальную справу па факце сьмерці перадалі ў Менскую раённую пракуратуру, сьледчаму Дзьмітрыю Кірыльчыку.
Паводле словаў рэдактара «НВ» Іосіфа Сярэдзіча, з В.Гроднікавым яны бачыліся некалькі тыдняў таму: «Апошні год мы супрацоўнічалі эпізадычна, і, пераважна з ініцыятывы газэты». У размове з карэспандэнтам «НН» І.Сярэдзіч адзначыў, што В.Гроднікаў ня быў зьвязаны з палітыкай. «Ён цудоўна валодаў беларускім словам, лёгка пісаў. У асноўным на сацыяльныя тэмы».
Кожнае здарэньне з журналістам, пасьля зьнікненьня Зьмітра Завадзкага і забойства Веранікі Чаркасавай, успрымаецца з унутраным напружаньнем. Асабліва калі гэтаму спадарожнічаюць нявысьветленыя акалічнасьці. Таму сьмерць Васіля Гроднікава адразу стала падставай для шматлікіх чутак і вэрсіяў. Хацелася б спадзявацца, што расьсьледаваньне не зацягнецца на няпэўны час, як гэта адбылося з справай В.Чаркасавай. Сьледзтва зноў зьвярнулася да сына: экспэрты праз год пасьля пачатку расьсьледаваньня паведамілі, што знайшлі сьляды Антонавай крыві ў кватэры. Праўда, сваякі ня вераць гэтым заявам. Маці журналісткі Дыяна Чаркасава зьвязвае прычыну гучных зьвінавачаньняў з тым, што мінуў год пасьля трагедыі: «Перад такой датай ім трэба нешта гаварыць, паказваць нейкія вынікі».