Дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (Вільня) прафэсар Алег Манаеў адказаў на пытаньні карэспандэнта «НН»: «Дынаміка рэйтынгу залежыць ад здольнасьці Мілінкевіча спадабацца беспартыйным».

Пяць чыньнікаў перамогі

«НН»: Якая можа быць дынаміка рэйтынгу адзінага кандыдата ад апазыцыі?

Алег Манаеў: Дынаміка рэйтынгу кандыдата залежыць ад пяці фактараў. Першае — высілкі, якія прыкладае сам кандыдат. Другое — намаганьні, якія робяць яго каманда й саюзьнікі. Трэцяе — праца канкурэнтаў па апазыцыйным лягеры. Чацьвёртае — вонкавыя чыньнікі — Усход і Захад. Пяты, нарэшце, чыньнік — контравысілкі, якія прадпрымаюць улады. І любы чыньнік можа вырашыць яго лёс.

Самае важнае — вядомасьць і інфармаванасьць беларускага электарату. Наўрад ці да сярэдзіны красавіка — афіцыйнага старту прэзыдэнцкай кампаніі — сытуацыя ў гэтым кірунку зьменіцца. Пашырэньне станоўчага стаўленьня залежыць ад магчымасьці данесьці інфармацыю да людзей, асабістых сустрэч. Але прыгадаем практыку мінулых выбараў, калі ўлады рабілі розныя захады, каб сарваць сустрэчы апазыцыйных кандыдатаў з выбарцамі.

Спадабацца Расеі

«НН»: Наколькі важна ў выбарах стаўленьне Расеі й Захаду?

АМ: Захад і Эўропа ўжо вызначыліся з адзіным кандыдатам. А вось чыньнік Расеі для Мілінкевіча будзе цяжкім. Мілінкевіч неаднаразова заяўляў у сваіх прамовах пра гатоўнасьць улічваць геапалітычныя інтарэсы Масквы. Але словы словамі, а ёсьць вобраз. Чатыры гады таму Домаш таксама шмат езьдзіў у Маскву. Але ніводная зь ягоных дамоўленасьцяў не спрацавала, не была выканана Расеяй. Домашу не паверылі.

«НН»: З таго часу нешта зьмянілася?

АМ: Я спадзяюся, што Мілінкевічу ўдасца дасягнуць посьпехаў на ўсходнім накірунку, бо сам Алесь — чалавек вельмі разумны, і сілы, зь ім зьвязаныя, таксама разумныя.

Выконваць абяцаньні

«НН»: А што чакаць ад саюзьнікаў і канкурэнтаў?

АМ: Важна, што сп.Мілінкевіч заручыўся падтрымкай асноўных супернікаў па дэмакратычным лягеры. Кансалідацыя ёсьць. Ці будзе надалей нарошчвацца гэты патэнцыял, залежыць ад дзьвюх рэчаў. Першая — яго асабістыя здольнасьці: палітычныя й псыхалягічныя. Гаварыць зь людзьмі, выконваць свае абяцаньні, дабівацца, каб тыя, хто даваў абяцаньні яму, таксама іх выконвалі — Мілінкевіч можа гэта рабіць. Другі нюанс — ці здольны ён будзе пашырыць і зрабіць больш гнуткім свой палітычны імідж? Ягоны палітычны партрэт моцна афарбаваны ў нацыянальна-дэмакратычныя тоны. Важна, каб ён гэты вобраз пашырыў — каб уключыў у сябе элемэнты профілю сацыял-дэмакрата, лібэрала, наагул беспартыйных людзей, якія прагнуць зьмен, але ні зь якімі структурамі ня зьвязаны.

«НН»: Наколькі ўдасца гэта зрабіць?

АМ: Усё залежыць таксама і ад дзеяньняў партыйных і непартыйных структур, якія яго падтрымліваюць. Некаторыя («прагматыкі») лічаць, што перамагчы ў 2006 г. ня ўдасца, і таму трэба працаваць на раскрутку сваёй ідэалёгіі, структур, людзей, то бок рабіць працу на будучыню. Маўляў, пасьля 2006 г. жыцьцё ня скончыцца. Таму гэтыя сілы зусім не зацікаўленыя ў тым, каб іх кандыдат неяк пашыраў, паглыбляў вобраз. Наадварот, яны зацікаўленыя ў як мага больш вузкім пазыцыянаваньні сваіх каштоўнасьцяў і мэтаў, каб аддзяліць сябе ад усіх іншых. Другі варыянт — каманда. Тут пакуль усё нармальна. Каманда ёсьць, і яна гатова дзейнічаць. Але тут важна, каб ня толькі фігуры, але й структуры далучаліся да агульнага працэсу. Калі выбаршчык, які чакае перамен (а такіх 45%, што супастаўна з тымі адсоткамі, якія гатовы галасаваць за прэзыдэнта), убачыць перад сабой разьдзяленьне твараў, гэта ня будзе спрыяць павышэньню рэйтынгу нікога зь іх.

З боку ўлады, хутчэй за ўсё, будзе ісьці татальная дыскрэдытацыя любога адзінага і неадзінага. Гэта будзе мець істотнае значэньне для рэйтынгу, бо тыя шляхі, каб дайсьці да выбаршчыкаў, несупастаўныя зь велізарнай інфармацыйна-прапагандысцкай машынай уладаў, у якую ўключаны ня толькі дзяржаўныя СМІ, але й інфармацыйна-ідэалягічная сыстэма ў школах і на прадпрыемствах.

Шанец «іншага»

«НН»: Калі і пры якіх умовах ён можа дасягнуць 10%, 20%, зраўнавацца з рэйтынгам Лукашэнкі?

АМ: Згодна з апытаньнем апошняга нашага дасьледаваньня: «Як вы думаеце, А.Лукашэнка настолькі добра спраўляўся з абавязкамі прэзыдэнта, каб ізноў быць выбраным на гэтую пасаду, ці вы лічыце, што прыйшла пара даць шанец каму-небудзь іншаму выконваць гэтыя абавязкі?», зафіксаваныя наступныя лічбы: ізноў выбраць — 44,3%, даць шанец іншаму — 44,8%. Лічбы прыкладна аднолькавыя. Вось і зьяўляецца нейкая «столь» для кандыдата — 45%. Амаль палова электарату ў прынцыпе хацела б і магла б даць шанец новаму чалавеку.

На пытаньне «Калі Лукашэнка будзе зноў вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах і яго супернікам будзе прадстаўнік дэмапазыцыі, за каго вы аддасьцё голас?» прагаласуюць за Лукашэнку 47,5% (што супадае зь яго рэйтынгам), за прадстаўніка дэмакратычнай апазыцыі — 25,5%. І пакуль гэтая лічба (25,5%) на 20% меншая, чым проста «даць шанц новаму». Бо 44,8% — гэта наагул пра кагосьці новага — і з атачэньня самога прэзыдэнта, і з апазыцыі.

На аснове ўсяго гэтага магу выказаць меркаваньне, што за гэтыя паўгоду да прэзыдэнцкай кампаніі Мілінкевічаў рэйтынг у любым выпадку павысіцца — і рэйтынг пазнавальнасьці, і рэйтынг стаўленьня, то бок гатоўнасьці за яго галасаваць.

«НН»: Павысіцца да якога ўзроўню?

АМ: Да 16 красавіка, моманту абвяшчэньня прэзыдэнцкай кампаніі, ён будзе 17—18%, магчыма 20%, максымум 25%. Бо рэйтынг любога кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі — гэта ня болей за 25%. Наступную вышыню — выйсьці на ўзровень паміж 25% і 45% — можна ўзяць толькі тады, калі ўдасца асабіста яму і яго паплечнікам пазыцыянаваць гэтага кандыдата не як кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі, а больш шырока, як альтэрнатыву.

Глядзець праз акуляры электарату

«НН»: Што дзеля гэтага трэба?

АМ: Яго людзі, што прыйдуць у кватэры да простых людзей, павінны пазыцыянаваць сябе куды шырэй, чым як прадстаўнікі ад дэмакратычнай апазыцыі. Чалавек, які прыйшоў у кватэру, не павінен пазыцыянаваць сябе як сябра партыі, недзяржаўнай арганізацыі, а казаць: «Я — настаўнік», «Я — бізнэсмэн», «Я — студэнт», «Я — пэнсіянэр»…

«НН»: Ці ўдасца яму знайсьці такіх людзей і рэкрутаваць іх у свае шырокія групы?

АМ: Я не выключаю такой магчымасьці, але ў цяперашні момант яе ня бачу. З разьвіцьцём прэзыдэнцкай кампаніі шанцы на павелічэньне рэйтынгу ўзрастаюць. І з 16 красавіка да 16 ліпеня рэйтынг можа быць ужо паміж 25% і 45%.

Я сказаў «можа», бо аналітыкі невысока ацэньваюць узровень паліттэхналягічнасьці дэмакратычных сілаў Беларусі. Ці ўдасца Мілінкевічу й яго камандзе гэты рэсурс павялічыць? Ня ведаю. Але бяз гэтага рашыць тую задачу, пра якую мы з вамі гаворым, вельмі складана.

Гутарыў Зьміцер Дрыгайла

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0