Расея падвышае цану на газ
Расея ў найбліжэйшы час усталюе сусьветныя цэны на энэрганосьбіты для ўсіх краінаў, у тым ліку «сваіх хаўрусьнікаў». Пра гэта заявіў кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў. «Газпром» мае падвысіць цану на дадатковыя 1,4 млрд кубамэтраў газу, якія Беларусь набывае ў наступным годзе, да сярэднеэўрапейскіх тарыфаў. А з 2007 году «Газпром» мае падвысіць цану на ўвесь газ, які ідзе ў Беларусь.
БХК згортваецца ў Гомелі
Гомельская філія РГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» спыняе дзейнасьць. Рашэньне аб ліквідацыі ўсіх рэгіянальных структураў прыняла Рада грамадзкага аб’яднаньня з-за складанасьцяў зь юрыдычнымі адрасамі. Цяпер замест БХК у вобласьці будзе дзейнічаць рэгіянальны прадстаўнік, бо патрэба ў абароне правоў і свабодаў чалавека на Гомельшчыне толькі ўзрастае.
Купала на Кутузаўскім
Помнік Янку Купалу ў Маскве паставілі на пастамэнт на Кутузаўскім праспэкце. Як паведамілі «НН» у Міністэрстве культуры Беларусі, афіцыйнае адкрыцьцё помніка заплянавана на вясну. Прычыну затрымкі работнікі ведамства параілі шукаць у сталіцы суседняй дзяржавы: «У Маскве так вырашылі».
На зімоўку
У рэйтынг-лісьце Міжнароднай фэдэрацыі футболу (ФІФА), распаўсюджаным 19 кастрычніка, зборная Беларусі паднялася на адну прыступку і займае 70-е месца. За чатыры тыдні зборная атрымала перамогу над Шатляндыяй і паразу ад Нарвэгіі. Першае месца па-ранейшаму трымае Бразылія. Зборная Польшчы — 23-я, Расея — 30-я, Украіна — 39-я. Да канца году зборная Беларусі ня мае матчаў, таму да студзеня можа толькі панізіцца ў табэлі.
АР, svaboda.org, belngo.info