Дзень пры дні адновяцца перамовы аб уваходзе Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю.

Жаданьні і рэальнасьць

Міністэрства замежных справаў не стамляецца паведамляць, што перамовы пра ўступленьне Беларусі ў СГА «выйшлі на фінішную прамую». Яшчэ ўлетку супрацоўнік МЗС Антон Кудасаў аптымістычна заявіў: мы ня толькі адной нагой, але ўжо й галавой у Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Чарговы раўнд перамоваў пройдзе ў найбліжэйшыя дні. Цалкам працэс далучэньня Беларусі мяркуецца завяршыць да студзеня 2007 г. Аднак ня ўсё так бясхмарна — звычайна працэс прыняцьця займае пяць-сем гадоў. А Беларусь пакуль не завяршыла перамоў зь ніводнай краінай, толькі мяркуе падпісаць дамовы з Кітаем, Індыяй, Кубай, Малдовай ды Кыргызстанам.

Выгоды СГА

Праз тое, што Беларусь не зьяўляецца чальцом СГА, яна губляе каля 100 млн даляраў штогод. Галоўныя перавагі сяброўства — скасаваньне бар’ераў для доступу беларускага экспарту на сусьветныя рынкі тавараў і паслуг, а таксама доступ да мэханізмаў СГА ў вырашэньні гандлёвых спрэчак, што пазбаўляе ад дыскрымінацыі ў гандлі.

Пракаповіч — супраць

У адпаведнасьці з нормамі СГА, Нацбанк мае дазволіць замежным банкам адчыняць філіялы ў Беларусі. Кіраўніцтва галоўнай фінансавай установы краіны не жадае пра гэта й слухаць. «Мы ня можам ацаніць дзейнасьць такога банку, калі ў Беларусі дзейнічае толькі ягоны філіял. А калі дзейнічае даччыны банк, мы можам поўнасьцю адсачыць яго працу», — кажа старшыня праўленьня Нацбанку Пятро Пракаповіч. Банкаўская сыстэма Беларусі «бедная» ў параўнаньні з заходнімі краінамі й Расеяй. Ёсьць рызыка, што ў выніку лібэралізацыі банкаўскай прасторы беларускія банкі ператворацца ў філіялы замежных.

Палёгка для мэталюргаў, бяда для тэкстылю

Ад уступленьня ў СГА можа пацярпець сельская гаспадарка: дзяржаве давядзецца спрасьціць імпарт замежных прадуктаў і зьменшыць падтрымку прадпрыемстваў АПК. Зь іншага боку, ураду давядзецца актывізаваць высілкі па разьвіцьці інфраструктуры аграрных рынкаў ды зрабіць крок да разьвіцьця рынкавых мэханізмаў гаспадараньня ў аграрна-прамысловым комплексе. Беларусь ужо гатовая паступова скараціць дзяржаўную падтрымку вёскі на 20% на працягу шасьці гадоў (з 504 млн даляраў да 403 млн).

Уступленьне ў СГА нанясе ўдар па машынабудаваньню — імпарт у Беларусь вялікі, а прадпрыемствы краіны — тэхналягічна адсталыя. Незайздросныя пэрспэктывы і ў лёгкай прамысловасьці — давядзецца канкураваць з танным польска-кітайскім імпартам.

Бясспрэчна выйграюць ад уступленьня ў СГА паліўная прамысловасьць і чорная мэталюргія. Будуць адмененыя антыдэмпінгавыя санкцыі ў дачыненьні да экспартаванай зь Беларусі мэталапрадукцыі, што значна пашырыць рынкі збыту.

А што там Расея?

У сьнежні завершацца перамовы па далучэньні да СГА Расеі. Аптымісты мяркуюць, што ўступленьне Беларусі й Расеі ў арганізацыю дысцыплінуе гандлёвыя дачыненьні. Ня трэба баяцца, кажуць экспэрты, што Беларусь страціць расейскі рынак. Стаўкі мытных пошлін на тавары, якія складаюць аснову экспарту ў Расею, супастаўныя з ўзроўнем ставак, якія Масква прапанавала на перамовах з СГА.

Галоўная праблема ў тым, што ў Расеі ў дзяржаўным бюджэце канцэнтруецца 26% ВУП, у Беларусі — больш за 50%. Значыцца — чакай гандлёвых войнаў, антыдэмпінгавых і кампэнсацыйных захадаў накшталт нядаўняй «цукровай вайны». Магчымае выйсьце — увядзеньне памежнага й мытнага кантролю паміж дзьвюма краінамі. А як жа тады «саюзная дзяржава»?

Без «залатой акцыі»

Каб трапіць у СГА, ураду Беларусі неабходна перагледзець больш за 100 законаў, дэкрэтаў і загадаў. Гэта тычыцца пастаноў, якія ўвялі жорсткія мытныя працэдуры, «залатую акцыю», нетарыфныя абмежаваньні па імпарце, забарону на адкрыцьцё прамых філіялаў замежных банкаў, высокія ўвозныя пошліны на імпартныя тавары — усе, што аддалялі беларускую эканоміку ад рынкавай мадэлі, набліжаючы да камандна-адміністрацыйнай. Праект указу прэзыдэнта аб дапасаваньні тых дэкрэтаў і загадаў да нормаў СГА ўжо гатовы. Засталося паставіць подпіс.

Сусьветная гандлёвая арганізацыя заснавана 1 студзеня 1995 г. Налічвае 148 краінаў-сяброў. СГА гарантуе сябрам узаемнае забесьпячэньне рэжыму найбольшага спрыяньня ў гандлі. На першым этапе далучэньня да СГА рабочымі групамі разглядаецца гандлёва-палітычны рэжым краіны ды эканамічныя мэханізмы. На другім этапе адбываюцца кансультацыі й перамовы з усімі краінамі — сябрамі рабочай групы наконт камэрцыйных саступак з абодвух бакоў. У гэты час краіна атрымлівае ўсе правы, якімі валодаюць сябры СГА, што азначае канец яе дыскрымінацыі на замежных рынках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0