Апазыцыя ў сучасных умовах абавязана фармуляваць задачы і за сябе, і за тую частку ўладнай «эліты», якая хоча, але ня можа пакуль сфармуляваць свае інтарэсы.

Журналіст на літару «п»

Здарылася амаль неймаверная рэч. Галоўная афіцыйная газэта «Беларусь сегодня» і апазыцыйнае выданьне «Народная воля», над якім навісла пагроза закрыцьця, амаль адначасова раскрытыкавалі расейскі тэлеканал ТВЦ. Дакладней, праграму гэтага тэлеканалу, у якой была выказаная думка, нібыта ў Беларусі няма іншага выбару, як увайсьці ў склад Расеі.

Такія выказваньні, на думку афіцыйнай газэты, крыўдзяць беларусаў.

У прынцыпе, маскоўскі вядоўца, як і запрошаныя ім у студыю госьці — Павал Барадзін і Канстанцін Затулін, — не сказаў нічога новага. На гэтую ж тэму падобным чынам раней выказваліся і Нямцоў з Хакамадай, і нават прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Яму належыць вядомы тэзіс наконт «мухаў і катлет». Маўляў, альбо інтэграцыя паводле мадэлі Эўразьвязу, і тады ўзаемаразьлікі за сыравіну й тавары па рыначных цэнах, альбо далучэньне да Расеі на правах «малодшага брата». А зусім нядаўна, як вядома, прэзыдэнт Пуцін дапоўніў сваё стаўленьне да Беларусі выказваньнем аб тым, што беларусы й расейцы — «адзін народ».

Вядома, недзяржаўныя выданьні, у першую чаргу «Народная воля», і раней у сваіх публікацыях нярэдка закраналі тэму шавінізму ды нэаімпэрыялізму ў сучаснай расейскай палітыцы. У прыватнасьці, крытыкавалі спадароў Барадзіна, Затуліна ды іншых. Але ж на старонках беларускага афіцыёзу падобная крытыка выглядае даволі сьмелай ды экзатычнай. Праўда, расейскі прэзыдэнт у публікацыі непасрэдна ня згадваецца, але ж у ёй даецца водпаведзь маскоўскаму журналісту, набліжанаму да крамлёўскіх кабінэтаў. Характэрна, што прозьвішча журналіста таксама пачынаецца зь літары «п»!

Разам з тым варта нагадаць, што кожны тыдзень «Беларусь сегодня» друкуе дадатак «Союз. Беларусь — Россия», орган рады міністраў саюзнай дзяржавы. Тае самае «саюзнае дзяржавы», «дзяржаўным сакратаром» якой зьяўляецца спадар Барадзін. Але гаворка цяпер не пра расейскіх чыноўнікаў ды расейскія мас-мэдыя. Гаворка пра пазыцыю беларускіх чыноўнікаў і беларускіх СМІ. І хаця прынцыповых разыходжаньняў паміж дзяржаўнымі чыноўнікамі й дзяржаўнай прэсай быць ня можа, ёсьць, як бачым, некаторыя нюансы.

Рэфэрэндум ужо не патрэбны

Канал СТБ — своесаблівы беларускі аналяг маскоўскага ТВЦ — нядаўна распачаў сэрыю ток-шоў пад назвай «Жорсткая размова». У адной зь першых перадач закраналася, у прыватнасьці, сучасная расейская палітыка. Зразумела, «жорсткую размову» на беларускім тэлебачаньні можна весьці толькі аб тым, што адбываецца па-за межамі Беларусі. Аля ня ў тым сэнс. Галоўная думка такая: тое, што адбываецца ў Расеі, нас, у прынцыпе, ня тычыцца. Мы глядзім на сытуацыю ў нашых суседзяў строгім, але непрадузятым позіркам.

Калі перафразаваць расейскага пралетарскага паэта — у нас, савецкіх беларусаў, уласная годнасьць. Мы будуем сваю маленькую сымпатычную краіну. А краіна, «чыя моладзь рэгулярна перамагае на міжнародных матэматычных конкурсах, ня мае патрэбы ў чыімсьці патэрналізьме і ня будзе крочыць у мінулае, у бязьлікую губэрню вялікай імпэрыі». Калі апусьціць словы пра матэматычныя конкурсы (дарэчы, а чаму толькі матэматычныя — няўжо іншых талентаў няма?), гэтая цытата з прэзыдэнцкай газэты магла б упрыгожыць якое хочаш апазыцыйнае выданьне.

Зразумела, Дуброўка, Бэслан, а цяпер і Нальчык зрабілі сваю справу. Дый «мухі» з «катлетамі» таксама. Гэткія параўнаньні нават рэгулярныя паездкі ў Сочы ніяк ня могуць згладзіць.

Рэфэрэндум 1995 году, які павінен быў паставіць крыж на беларускай мове й гістарычнай сымболіцы, сёньня б наўрад ці быў магчымы. Нездарма аб рэфэрэндуме наконт канстытуцыі саюзнай дзяржавы гаворку вядзе апошнім часам толькі расейскі бок — галоўным чынам у асобе Паўла Барадзіна. Беларускі бок лічыць рэфэрэндум на гэтую тэму непатрэбным, паколькі беларускі народ, маўляў, падтрымаў ужо ўсенародным галасаваньнем свайго лідэра ды ягоную палітыку. Праўда, лідэр на тэму канстытуцыі саюзнай дзяржавы выказваецца апошнім часам рэдка і даволі цьмяна. А ягоныя адносіны з расейскім лідэрам можна назваць рэгулярнымі, але наўрад ці сяброўскімі.

Ці азначае ўсё вышэйсказанае, што беларускія ўладныя эліты і апазыцыя пачалі гаварыць на адной мове? У пераносным сэнсе, зразумела, паколькі беларускай мовы «эліта» па-ранейшаму цураеццца. Ці азначаюць закіды дзяржаўных мас-мэдыя наконт расейскай імпэрскасьці, што Беларусь канчаткова стала на шлях нацыянальнай дзяржаўнасьці і сувэрэнітэтам улады ніколі не ахвяруюць?

Чыноўнікам няма чым размаўляць

Зразумела, гаварыць аб беларускай уладнай эліце як аб чымсьці цэлым і адзіным не выпадае. Частка яе шчыльна зьвязана з расейскім ВПК, палітычным істэблішмэнтам, дый проста са спэцслужбамі. Для гэтай часткі «эліты» нацыянальныя каштоўнасьці не зьяўляюцца, мякка кажучы, прыярытэтнымі. Астатняй жа частцы, якая аб’ектыўна павінна быць зацікаўлена ў дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, проста цяжка ўсьвядоміць, а тым больш сфармуляваць свае інтарэсы — проста ў сілу свайго выхаваньня й сытуацыі «выжываньня» ва ўладных структурах. Галоўнай гарантыяй такога выжываньня зьяўляецца адсутнасьць уласнай пазыцыі. Прынцып «не высоўвайся» ніяк не дапамагае яе выразнаму акрэсьленьню.

У такіх умовах задача апазыцыі становіцца і больш простай, і больш складанай адначасова. Калі не лічыць перамогу ў наступных прэзыдэнцкіз выбарах галоўнай задачай — а такая перамога ў сёньняшніх умовах выглядае немагчымай, — то што тады выходзіць на першы плян? Ня крытыка цяперашняй улады й першай асобы пэрсанальна, бо вялікая, найбольш актыўная й сьвядомая частка насельніцтва і без таго ставіцца да ўладаў досыць крытычна, а выразна сфармуляваная альтэрнатыва цяперашняму стану рэчаў.

Яшчэ нядаўна галоўнай праблемай апазыцыі выглядала праблема еднасьці. Ня мела вялі- кага значэньня, хто будзе адзіным кандыдатам на выбарах: нацыяналіст, камуніст ці лібэрал. Прынцыпова важна было, каб ён быў, каб можна было аб’яднаць намаганьні вельмі распыленай апазыцыі вакол нейкай асобы, якая аб’ектыўна, а ня дзеля нейкіх харызматычных якасьцяў, стане цэнтрам сілы. Дакладней — адным з цэнтраў сілы, здольным процістаяць моцнай уладзе.

І вось цяпер адзіны кандыдат ад апазыцыі ёсьць. І хаця вакол яго віруюць і яшчэ будуць віраваць палітычныя страсьці, асабістыя амбіцыі, крыўды ды непаразуменьні, факт стаўся фактам. Цэнтар дэмакратычнай палітычнай сілы пачаў фармавацца. Але гэтага недастаткова, каб зьмяніць сытуацыю ў краіне. І ня толькі таму, што цяпер асоба адзінага будзе навідавоку і па ёй будуць біць з прапагандысцкіх гармат усіх калібраў. На першы плян выходзіць тое, што заўсёды лічылася сумнай матэрыяй, асабліва сярод журналістаў, — праграма кандыдата. Вядома, доўгіх праграм выбаршчыкі ніколі не чыталі і чытаць ня будуць. Але могуць і павінны быць нейкія асноватворныя моманты, зразумелыя ўсім. І перш за ўсё — той самай частцы ўладнай «эліты», якая хоча, але ня можа пакуль сфармуляваць свае інтарэсы. У яе проста няма сваёй мовы — у літаральным і пераносным сэнсе. Ёсьць толькі нежаданьне залежаць ад прыхамаці аднаго чалавека і ад пэрспэктывы аб’яднаньня з магутным суседам, якое нічога добрага, прынамсі сёньняшняй эліце, не абяцае.

Памыі і аўтарытэт

Гаворка не аб тым, каб знайсьці нейкага патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ад улады ды заключыць зь ім саюз ці зьдзелку. Сёньня такога кандыдата папросту няма. Шукаць яго ў атачэньні прэзыдэнта — усё адно што лічыць анёлаў на канцы голкі. Гаворка аб тым, каб ва ўладных, перш за ўсё сілавых, структурах знайшліся людзі, якія ня стануць ахвяраваць сваёй рэпутацыяй, выконваючы злачынныя загады ў крызіснай сытуацыі. Сёньня да такой сытуацыі, выглядае, яшчэ вельмі далёка. Але таму менавіта сёньня яшчэ ня позна схіліць на свой бок, хаця б маральна, тых чыноўнікаў, якія не заплямілі сябе злачынствамі.

Гэта не азначае, што трэба зь людзьмі з уладнымі паўнамоцтвамі, але вельмі абмежаванай адказнасьцю весьці нейкія нікому не патрэбныя й не зразумелыя палітычныя гульні, што ім трэба даваць нейкія палітычныя авансы. Напачатку трэба сфармуляваць дакладную ўласную пазыцыю па ўсіх пытаньнях — у тым ліку і па пытаньнях адносін з Расеяй. Каб не было месца для палітычных спэкуляцый ды абвінавачаньняў у адсутнасьці патрыятызму ці несамастойнасьці апазыцыі.

Апазыцыя не павінна апраўдвацца і тым самым ставіць сябе ў нявыгаднае становішча. Улада і афіцыйная прэса імкнуцца змусіць яе менавіта да гэтага. Таму з экранаў тэлебачаньня і радыёпрыёмнікаў, старонак газэт штодня ліюцца памыі на галовы апазыцыянэраў, на дэмакратычны рух увогуле. Уступаць у палеміку з «чэснымі» журналістамі, тлумачыць нешта ў сваё апраўданьне бессэнсоўна. Але й маўчаць нельга.

Вось калі апазыцыя будзе мець і пасьлядоўна праводзіць уласную палітычную лінію, прынцыпова выказвацца па ўсіх праблемах — незалежна ад таго, што будуць гаварыць улады ў Менску, Маскве ці Брусэлі, — тады рана ці позна ў апазыцыі зьявіцца аўтарытэт, падарваць які ня змогуць ніякія газэты разам з тэлебачаньнем.

Хацелася б, вядома, каб гэта адбылося раней. Каб нашы дзеці ня толькі перамагалі на матэматычных алімпіядах, але й ганарыліся тым, што яны беларусы і што яны — зь Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0