Але ягоная мова чужая для нашага нэабуржуазнага, мяшчанскага, кансэрватыўнага тэатру.

П’есы нобэлеўскага ляўрэата Гаральда Пінтэра не карыстаюцца шырокай вядомасьцю ні ў Беларусі, ні ў нашых суседзяў. У Польшчы толькі Новы тэатар (Лодзь) мае ў рэпэртуары пастаноўку «Дзень нараджэньня Стэнлі». У 1970-я Пінтэравы п’есы ставілі досыць часта: у Польшчы было пастаўлена 15 твораў. У Беларусі нобэлеўскага ляўрэата ня ставілі ні за саветамі, ні цяпер. І нават не перакладалі. Толькі часопіс «ARCHE» перакладаў Пінтэраў памфлет супраць вайны ў Іраку. Перакладчык Зьміцер Колас лічыць, што акурат актыўная антыамэрыканская пазыцыя дапамагла Пінтэру атрымаць сёлета Нобэлеўскую прэмію.

Драматург, грамадзкі дзеяч Мікалай Халезін адзін зь нямногіх у Беларусі, хто добра абазнаны з творчасьцю набэліянта: «Калі прыяжджаў Стопард, мы абмяркоўвалі, што шэраг твораў Пінтэра быў бы актуальны для сёньняшняй Беларусі». Актуальнасьць Пінтэравых п’ес Халезін бачыць у пошуку нетрадыцыйнай тэатральнай мовы. «Але Пінтэр — адзін з тых аўтараў, якія не пасуюць цяперашняму беларускаму кантэксту. Яго мова — чужая для нашага нэабуржуазнага, мяшчанскага, кансэрватыўнага тэатру. Ніводзін зь цяперашніх беларускіх тэатраў ня можа засвоіць яго мовы: да гэтага не падрыхтаваныя рэжысэры й акторы і зусім не падрыхтаваная публіка. Яна прызвычаеная да мовы савецкага тэатру».

Аляксей Дудараў лічыць, што «тэатар ня можа быць аднолькавым. Калі існуе адзін толькі тэатар абсурду — гэта абсурд. Калі існуе адзін толькі тэатар сацрэалізму — гэта таксама абсурд». Аднак і Дудараў скептычна ставіцца да пэрспэктывы пастаноўкі Пінтэравых п’ес на беларускай сцэне.

Ці ўсё так фатальна для гледача з п’есамі ангельскага драматурга? М.Халезін лічыць, што ёсьць гледачы, якія прагнуць менавіта такога тэатру — нетрадыцыйнага, авангарднага: «Мы — «Свабодны тэатар» — ставім якраз такія спэктаклі, дзе акторы гавораць іншай мовай. Ёсьць моладзь, яна ня ходзіць у Купалаўскі тэатар, але гатовая пайсьці ў клюб глядзець «Псыхоз» — вельмі складаны спэктакль. У гэтым сэнсе Беларусь — унікальная краіна, дзе камэдыйнымі, антрэпрызнымі, камэрцыйнымі пастаноўкамі займаюцца дзяржаўныя тэатры, а сур’ёзныя пастаноўкі ідуць у антрэпрызах».

Нобэлеўскія ляўрэаты-драматургі (Бэкет, Фо, Пінтэр) вызнавалі новыя ідэі, таму яны не запатрабаваныя ў Беларусі, лічыць М.Халезін. Прычына такой сытуацыі — у палітыцы: «Калі няма шчырасьці ў СМІ, яе пачынаюць шукаць у іншых сфэрах. Бо кожнае вальнадумства, усялякі пошук новых ідэй разбураюць асновы ўлады. Тое самае з сучаснай беларускай літаратурай. Я быў вялікім скептыкам адносна яе запатрабаванасьці. Але я бачыў, як у адну зь менскіх кавярняў набіраецца поўная заля на паэтычныя чытаньні. Калі выйшаў раман Уладзімера Някляева «Лабух», у мяне пыталіся літаральна празь дзень, ці не магу я знайсьці гэты твор, каб пачытаць. Не Шамякіна пыталіся. Таму што людзі шукаюць гэтай новай шчырасьці, новай мовы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0