Да грамадзянаў сьвету
* * *
у Жодзіне на мосьце
пад якім шуміць вадаспад
гляджу на гульню пырскаў
усплываюць відзежы
дзяцінства
трансьляцыя празь дзесяцігодзьдзі
Пліса ашчадна
(даражыць кожнай кропелькай)
коціць свае воды
у Бярэзіну
вадаспад як мытня
кожная кропелька
праходзіць агляд
недзе там унізе
пад замшэлым каменем
схаваўся мянтуз
з маім залатым кручком
у роце
∎
* * *
шлях ад электрычкі
да матчынага дому
колькі разоў ім кіраваўся!
у розныя бакі
і вельмі рана-раненька
і ўдзень і ўночы
нёс думкі і мары
а яшчэ
матчына блаславеньне
і клопат і трывогу
пакуль гэты шлях існуе
датуль я прывязаны пупавінай
да цябе
мой родны горад
∎
* * *
сябар-аднаклясьнік
запрасіў да сябе ў госьці
сядзім ля става на лавачцы
і згадваем маладосьць
побач Пліса гайдае на сваіх хвалях
белатварыя лілеі
а за ракой
пачынаецца знаёмы лясок —
зялёным пасам ён выцягнуўся ў бок
карпусоў піянэрлягеру
у якім штолета ты бавіў
вольны час свайго дзяцінства
ці растуць зараз у тым ляску
суніцы?
ці грэюцца на іглістых сьцежках
яшчаркі?
ці хаваюцца пад маладымі елачкамі
сямейкі масьлякоў?
ці варта ўсё гэта спраўджваць?
∎
* * *
на шляху да майго летняга дамка
ляжыць вялікі камень
ідучы побач
я заўсёды цікаўна разглядаю
валун
няўжо такую дакладную геамэтрыю
яму надала прырода
калі гэта зрабіў чалавек
дык камень той можа быць толькі
надмагільным
∎
* * *
вось і яшчэ адзін год
набліжаецца да скону
пераглядаю свой дзёньнік
занатоўваю апошнія падзеі
нібыта ў бухгалтарскай кнізе
падрахоўваю балянс
∎
* * *
сабаку накарміць
прылашчыць
зазірнуць у вочы
сказаць добрае слова
выйсьці на шпацыр
паслухаць як шамацяць ільдзіны —
абуджаная Дзьвіна
як авечыя статкі
гоніць іх
на кірмаш у Рыгу
песьня вялікай ракі ў адліжную зіму
прайсьціся ўздоўж берага
нічога не кранаючы
не пакідаючы сьледу
укінуць у раку закаркаваную бутэльку
зь лістом да грамадзянаў сьвету
Полацак