Рэпартаж Лёліка Ушкіна з Кубы.

Самалёт Масква—Гавана заходзіць на пасадку на аэрадроме імя Хасэ Марці. У салёне — тры групы пасажыраў: сярэдняя кляса, падкія на экзотыку і халяву турысты ды былыя бандзюкі, што выбіліся ў «людзі». Гэтыя — самая неспакойная катэгорыя пасажыраў. «Боінг» толькі пакідаў тэрытарыяльную прастору РФ, а яны ўжо назюзюкаліся. Калі лайнэр ляцеў над Грэнляндыяй, яны, як прывіды, блукалі па салёне, піхалі ў кішэні пасажырам грошы і мабілы ды лезьлі цалавацца. Над Флорыдай іх прабраў сон. Пасьля ўсяго гэтага сыходзіш з трапу на аўтапілёце: мытня, таксі, гатэль. Тое, што ты трапіў на абяцаную зямлю, якую марыў убачыць зь дзяцінства, разумееш, толькі калі пад нагамі пачынаюць хрусьцець бычкі тоўстых цыгар. Ты — на Кубе.

І каб ніякіх дзяўчатак

Выбіраючы, у які раён кубінскай сталіцы ўпісацца, мы даверыліся вопыту Гэмінгўэя, які ў 1928-м на два гады атабарыўся ў гатэлі «Аmbos mundes» у чэраве Старой Гаваны — паедзеным часам і камуністычным разгільдзяйствам каляніяльным квартале XVIII—XIX ст.

Мора сьмецьця на вуліцах і адсутнасьць асаблівага камфорту кампэнсуюцца фантастычнай формай міжасобаснай камунікацыі. Яшчэ ў самалёце нам расказалі гісторыю пра норавы тутэйшых. Групка маскоўскіх гомасэксуалістаў адправілася ў пошуках прыгод на Востраў Свабоды. Засяліўшыся на кватэру, яны асьцярожна спыталі ў гаспадыні, дзе тут тусуюцца «браты па сэксуальнай арыентацыі». Тая выйшла на балькон і зараўла: «Мігелеўна, ты ня ведаеш, дзе тут блакітныя ашываюцца?!.» Хутка ўвесь квартал кінуў штодзённыя справы, заняўшыся пошукамі сэкс-прыцінаў.

Амаль тое ж чакала й нас. Мы не пасьпелі абмяняць валюту і па дапамогу пайшлі да знаёмага доктара Манола. Ён ахвотна згадзіўся адвесьці да валютчыкаў. На ўсім маршруце гід штохвіліны прыпыняўся, каб расказаць суседзям і мінакам, што мы яго амігас, зь якімі ён зараз ідзе парушаць закон аб валютных апэрацыях. Усе паціскалі намі рукі, а дзяўчаты проста елі вачыма.

Тутэйшая палавая мараль — асобная тэма. «І каб ніякіх чыкас (гішп. — дзяўчатак)», — папярэдзіла нас гаспадыня пансіёну падчас засяленьня. Высьветлілася, што яе маральныя пасажы трэба разумець як «ніякіх чыкас з боку». Калі мы вярнуліся на пастой, яна забясьпечыла нам жывы каталёг гатовых да выкананьня інтымных паслуг сэньярыт. Застаецца дадаць, што ў гэтай галіне Куба пабіла два рэкорды: краіна — адзін з сусьветных лідэраў па колькасьці разводаў і антылідэр па колькасьці хворых на СНІД — скажыце дзякуй кубінскай сыстэме мэдыцыны.

БТ і ня сьнілася

На Кубе ходзяць «пэса кубаны» і «пэса канвэртыблі», курс паміж імі 24/1. «Пэса канвэртыблі» — гэта аналяг савецкіх валютных чэкаў, з той толькі розьніцай, што на ўсю БССР крамаў «Бярозка», дзе іх можна было атаварыць, існавала чатыры-пяць. На Кубе такія кропкі на кожным кроку, з намэнклятурай тавараў ад зубной пасты да кампутараў. Толькі цэны ў такіх крамах, у параўнаньні з сусьветнымі, вельмі завышаныя.Сярэдні заробак у краіне складае 10—15 канвэрсоўных пэса ў месяц (15 даляраў). Адкуль кубінцы бяруць грошы на ежу — незразумела.

Нядзіўна, што тэма мяса займае вельмі важнае пытаньне ў канфлікце з імпэрыялістамі. Купляю «Гранму», орган кампартыі, а там артыкул пра тое, што янкі паміраюць ад атлусьценьня. «Марале» нататкі: «мы жывём не каб есьці, а ямо, каб жыць».

На букіністычным развале ў Гаване наткнуўся на кнігу «Los disidentes» аб сапраўднай натуры кубінскіх адмарозкаў. Высьветлілася, што каронны мэтад антысацыялістычных правакацый на Кубе — раздаваць насельніцтву атрыманыя з Маямі мясныя вырабы і мэдыкамэнты. Таму выявіць апазыцыянэра на Кубе вельмі проста. Дастаткова зазірнуць у лядоўню.

У якасьці доказу каварных плянаў апызыцыі было надрукавана вялікае фота канфіскаваных у яе прадуктаў. Побач — сьпіс канфіскату, у якім два пакеты макароны па 500 г і 100 кубікаў мяснога булёну «Магі». Выява кубіка «Магі» шляхам фотамантажу павялічана і вынесена на першы плян. Можна толькі ўявіць сабе абурэньне звычайнага кубінскага абывацеля: «Мы тут бананамі перабіваемся, а яны кубікі «Магі» з макаронай трушчаць!..»

Помнік Ленану

Гавана — культурная Мэка. За тыдзень, што мы правялі ў сталіцы, тут прайшоў міжнародны тэатральны фэстываль, вялікі канцэрт рэпу, сьвяткаваньне юбілею Камітэтаў абароны рэвалюцыі. Савецкія — і беларускія («таварыш прэзыдэнт, настане той мамэнт») — стандарты культуры тут не прыжыліся. Пасьля прыходу ў 1999 г. на пасаду міністра культуры пісьменьніка Абэля Прыета артысты атрымалі больш грошай зь бюджэту ды амаль неабмежаваную свабоду творчасьці. Калі пачытаць орган мясцовых інтэлектуалаў «Gazeta de Cuba», то выбар тэм і іх асьвятленьне нагадвае, хутчэй, «Arche», чым нуднае «Полымя».

А кульмінацыяй новай культурнай палітыкі Прыета стала адкрыцьцё помніка Джону Ленану ў аднайменным парку Гаваны пяць гадоў таму. Кампазыцыя помніка падобная на твор Жбанава ў прывакзальным сквэры — толькі на кубінскай лаўцы разьмясьціўся чыгунны Ленан. Пад помнікам — надпіс: «Тыя, хто марыць, не самотныя». Кожны мінак можа падсесьці і адчуць сябе летуценьнікам. Яшчэ Хасэ Марці пісаў пра Кубу, што востраў — найлепшае месца для рэалізацыі сацыяльных утапічных праектаў.

Дзе ж у іх кнопка?

Заробак мінімальны, нават мыла ў дэфіцыце, поўны паліцэйскі кантроль: апроч паліцыі і мясцовых гэбістаў, у кожным квартале ёсьць «Камітэт абароны рэвалюцыі», які кантралюе прыватнае жыцьцё асобы. Чаму ж сыстэма Кастра ўсё яшчэ ня ляснулася? Менш за ўсе тут трэба дзякаваць дзяржпрапагандзе. «Гранма» ўяўляе сабой агітацыйны васьмістаронкавы лісток, шэсьць старонак якога прысьвечаны асьвятленьню правалаў імпэрыялізму ў розных кутках сьвету. Аніводнага артыкулу на тэмы ўнутранай сацыяльна-эканамічнай палітыкі.

У параўнаньні з «Эдукатыва» або «Кубавізьён» роднае БТ — нейкі прасунуты «Canal+». Мяне ўразіла адукацыйная праграма, дзе нейкая настаўніца прыблізна гадзіну вучыла двух піянэраў-пераросткаў выразаць з кардону дэльфіна і рабіць аплікацыю.

Дзе ж крыніца палітычнай ляяльнасьці? Вось муж гаспадыні пансіёну. Калі даведаўся, што я асьцярожна стаўлюся да барбудос, вельмі ўзрадваўся. Адразу паспавядаўся, як цяжка жыць пры Фідэлю простаму ІП, які зарабляе тым, што здае нумары для турыстаў. Ёсьць кліент, няма кліента — плаці штомесяц 300 даляраў у бюджэт. «А калі зарабляць нелегальна?» — пытаю я. «Спачатку штраф, а калі рэцыдыў — канфіскацыя кватэры», — адказвае суразмоўнік.

Памятнымі месцамі мафіі

Флянуючы па Гаване, несьвядома вывучыў гісторыю мафіі. Гатэль «Сэвілья» — месца, дзе любіў прыпыняцца Аль Капонэ, гатэль «Насіяналь» — улюбёнае месца Мэера Ланскі, а таксама месца, дзе ў сьнежні 1946 г. 500 топ-мафіёзі правялі нешта накшталт кангрэсу. Набярэжная Малікон — у свой час яблык разладу паміж нью-ёрскай і гаванскай мафіяй. Барацьба за кантроль над гатэлямі і казіно, якія тут будаваліся, вылілася ў крывавую вайну сямей.

Сёньня на Маліконе мірна: удзень пасьвяцца падлеткі і рыбакі, а ўначы — мянты і жменька вясёлых прастытутак. Максымум, што вам пагражае, — так званы bag-snatching. Выскачыўшы зь цемры, мясцовы Гаўрош выхапіць у турыста-разявакі заплечнік і растворыцца ў трушчобах Старой Гаваны. У майго сябра такім чынам проста з шыі сарвалі срэбны ланцужок. Мы сьпісалі гэта на апошнія канвульсіі батыстаўскай спадчыны.

Краіна-фарцоўка

У цэнтры нельга кроку зрабіць, каб не пачуць «фрэнд, уэа ю фром». Гэтых «уэаюфромшчыкаў» завуць jinetaras. Яны прапануюць цыгары, ром, дзяўчатак, паказаць горад, абмяняць грошы і, натуральна, час ад часу «кідаюць» іншаземцаў. У 1998 г. улады прынялі закон аб барацьбе з гэтым сацыяльным злом, аднак jinetaras не паменела. Бо яны — заканамерны спадарожнік пераарыентацыі кубінскай эканомікі на турызм, які сапраўды квітнее і ў пэрспэктыве можа гарантаваць рэінтэграцыю Кубы ў капіталістычны сьвет з захаваньнем камуністычнага шарму.

Здаецца, што ўсё да гэтага коціцца. Размаўляючы зь мясцовымі маладымі камуністычнымі бонзамі, я ўжо не разумеў, хто перада мной — пасьлядоўнік справы марксізму-ленінізму ці турапэратар, які рэклямуе нейкі гатэль.

Аднак апошнім часам сытуацыя кардынальна зьмянілася. Правадыр багатай на нафту Вэнэсуэлы Уга Чавэс, як Масква Беларусь, завальвае Гавану халявай. Навошта ў такіх умовах турызм? Зноў рэанімавалася ідэя рэгіянальнай антыімпэрыялістычнай рэвалюцыі, але гэтым разам пад гегемоніяй Чавэса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0