Ня стала Сяргея Чысьціка. Ён быў звычайным паваенным хуліганам менскага цэнтру.

Пацаны — галеча сталінскага «шчасьлівага дзяцінства» — у адбеленых зубным парашком драных палатняных чаравіках шпацыравалі па цэнтры места, а ўначы тэрарызавалі суседзяў-жыдоў у Доме масонаў, запускаючы ў фортку ўначы котку з лапамі, заклеенымі ў палавінкі грэцкіх арэхаў на смале.

Служба ў Белпалку, шабашкі ў Магадане, а затым Сяргей сустрэў сьветлай памяці Вольгу Церашчатаву, заснавальніцу і дырэктарку ўнікальнага Музэю старажытнабеларускай культурыі. І ўсё зьмянілася ў жыцьці. Дзясяткі абразоў, скульптур, карцін прайшлі празь ягоную майстэрню. Вернутыя да жыцьця ягоным клопатам шэдэўры экспануюцца ў музэях па ўсім сьвеце. Цяжкі характар Сяргея Чысьціка не даваў яму спрацавацца з постсавецкімі хамаватымі начальнікамі. Калі пайшла з жыцьця Церашчатава, Сяргей быў вымушаны пакінуць музэй. Ён спрабаваў застацца прафэсіяналам, і часам гэта ўдавалася. Год — у Польшчы, год — у Грэцыі. Але тыповая хвароба нашага недалечанага грамадзтва, чакала яго. Ён многа піў.

Ягоны дом быў утульным для сяброў. Сюды заўсёды можна было завітаць і трошкі аддыхацца. І я сюды абавязкова прыйду на Дзяды. Пухам табе зямля, Сяргей.

Аляксей Хадыка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0