Актывіста Саюзу палякаў Беларусі журналіста Андрэя Пачобута міліцыянты затрымалі ў Горадні 20 кастрычніка і ўручылі яму дакумэнт з падпіскай аб нявыезьдзе з прычыны ня выплачанага да канца штрафу за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Журналіст ня стаў яго падпісваць, заявіўшы пра сваю нязгоду з такой мерай стрыманьня. Штраф складае 5,1 млн руб. Журналісту ўдалося назьбіраць 4,6 млн. Рэшту ён пакуль не сплаціў.
Бабруйскія геройствы
18 кастрычніка ў Бабруйску двое невядомых спрабавалі сілай зацягнуць у машыну кіраўніка мясцовай філіі АГП Уладзімера Куртукова. Выратавалі знаёмыя, якія былі непадалёк.
На рок-канцэрце ў Бабруйску 22 кастрычніка затрыманы маладафронтаўцы Дзяніс Буйніцкі й Сяржук Лацінскі, якія ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг. На іх склалі пратакол за «хуліганства». Чатырох маладафронтаўцаў, якія зладзілі пікет у падтрымку затрыманых каля міліцыі, завялі ў пастарунак, але адпусьцілі праз тры гадзіны без складаньня пратаколаў.
Сьледчым няма чаго рабіць
Сьледчыя прыходзілі 20 кастрычніка «на размову» да актывіста незарэгістраванага «Маладога фронту» Сержука Марчыка ды ягонага аднагрупніка Андруся Юруця — студэнтаў Баранавіцкага ўнівэрсытэту. Іх цікавілі маладафронтаўскія ўлёткі, разьвешаныя ў Баранавічах.
У Кобрыні баптыстаў мучаць
20 кастрычніка ў Кобрыні прадстаўнікі райвыканкаму, пажарнай інспэкцыі й санстанцыі склалі пратаколы на пастараў незарэгістраваных суполак цэркваў Хрысьціянаў веры эвангельскай Мікалая Радковіча й Эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў Сьцяпана Канавальчука. Радковіча за парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі аштрафавалі на 25 тыс.руб.
Сарваны моладзевы форум
Тры мікрааўтобусы з дэлегатамі моладзевага форуму, якія ехалі ў Горадню, затрымалі 21 кастрычніка пад Валожынам. Міліцыянты сьпярша шукалі выбуховыя рэчывы, потым заявілі, што аўтобусы перагружаныя. Тым часам на турбазу пад Горадняй прыбылі амапаўцы і супрацоўнікі КДБ зь відэакамэрамі.
Доктарка змагаецца за праўду
Жыткавіцкі раённы суд 21 кастрычніка адхіліў пазоў галоўнай лекаркі Тураўскага шпіталю Ірыны Сяргейчык да адміністрацыі раённага мэдаб’яднаньня. Яе звольнілі, заявіўшы, што досьвед і веды не адпавядаюць займанай пасадзе, аднак папярэдні суд аднавіў лекарку на працы. Тым часам І.Сяргейчык стварыла пры шпіталі рэабілітацыйны цэнтар.
Гарадзенскія штрафы
Суд Кастрычніцкага раёну 13 кастрычніка абавязаў ТДА «Альбатрос» выплаціць чальцу прафсаюзу РЭП Вячаславу Сьцяшкевічу 1 274 770 руб.: ён звольніўся з прадпрыемства, аднак пры звальненьні зь ім не правялі поўны разьлік.
У Берасьці налёт на Шыманскага
Берасьцейская філія ГА «Фонд імя Лява Сапегі» 18 кастрычніка выканала патрабаваньне Мін’юсту й зьмяніла статус, адмовіўшыся ад права юрыдычнай асобы.
Кіраўнік Берасьцейскага фонду падтрымкі моладзевых ініцыятыў «Дзедзіч» Зьміцер Шыманскі 20 кастрычніка падаў скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў. За тыдзень да таго яны ўварваліся ў памяшканьне арганізацыі, спаcлаўшыся на інфармацыю, што там «адбываецца бойка», і канфіскавалі друкаваныя выданьні.
Леванеўскі ў Менску
Палітвязьня Валер’я Леванеўскага везьлі з Івацэвіч у менскую больніцу тры дні — з 15 па 18 кастрычніка. Ён таксама падаў заяву ў Івацэвіцкі раённы суд з патрабаваньнем спагнаць з папраўчай калёніі №22 481 тыс.руб.: Леванеўскі лічыць, што адміністрацыя не даплаціла яму за працу.
Мін’юст працуе
ПБНФ атрымала ліст ад начальніка ўпраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Алега Сьліжэўскага: чыноўнік патрабуе падаць сьпіс вылучаных на Кангрэс дэмсілаў дэлегатаў ад незарэгістраваных арганізацый «Пэрспэктыва» й «Правы альянс».
Міністэрства 20 кастрычніка скончыла праверку недзяржаўных прафсаюзаў. Свабоднаму прафсаюзу мэталістаў прапанавана зьмяніць статус, бо ён ня мае неабходнай колькасьці чальцоў. Матэрыялы на Дэмакратычны прафсаюз транспартнікаў накіраваныя ў пракуратуру.
БКДП і «День» супраць Менгарвыканкаму
Савет Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў 20 кастрычніка падаў у суд і пракуратуру пазоў на Менгарвыканкам за парушэньне Канстытуцыі й закону. Падставай стался тое, што гарадзкія ўлады дазволілі БКДП пікет на плошчы Бангалор у падтрымку незалежных прафсаюзаў, абавязаўшы падпісаць дамову з шасьцю суб’ектамі (у тым ліку хуткай дапамогай, міліцыяй і г.д.) на аказаньне паслуг. Квітанцыі пра аплату трэба было прынесьці да пачатку акцыі.
ТДА «Дзеньпрэс» — выдавец газэты «День» — падало ў суд на Менгарвыканкам: чыноўнікі ліквідавалі таварыства за «неажыцьцяўленьне гаспадарчай дзейнасьці». Працэс перанесены на 28 кастрычніка.
Затрымалі за «Народную волю»
Барыса Хамайду віцебскія міліцыянты затрымалі 21 кастрычніка падчас распаўсюду «Народнай волі». У пастарунку ў яго перагледзелі ўсе выданьні: «БДГ. Деловую газету» і часопіс «Arche» вярнулі, незарэгістраваную газэту «Выбар» канфіскавалі.
Фонд Сапегі высяляюць
Віцебскую філію фонду імя Лява Сапегі спрабуюць выселіць: пры канцы кастрычніка арганізацыя атрымала чарговае патрабаваньне ад ЖРЭТ Першамайскага раёну пакінуць памяшканьне, дзе яна мае «прапіску». Плошчы маюць выкарыстоўвацца «па іншым прызначэньні». Арганізацыю спрабуюць выселіць з канца жніўня.
Справа Чаркасавай
Тэрмін папярэдняга расьсьледаваньня забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай падоўжаны яшчэ на два месяцы.
Затрыманьні ў Мазыры
У Мазыры 22 кастрычніка міліцыянты затрымалі ў прыватным доме актывістаў маладзёвай філіі АГП, незарэгістраванага маладзёвага цэнтру «Гарт», якія сустракаліся з грамадзянкай Францыі Сафі Вазьняк і грамадзянінам Польшчы Міхалам Папінам. Замежных грамадзянаў міліцыянты ня выпусьцілі, а павезьлі празь Менск — дэпартаваць у Польшчу, хоць дакумэнты ў іх былі ў парадку.
АШ