У Беларускім войску асвойваюць «службу ў рэзэрве». Гэта першы крок на шляху да ўвядзеньня альтэрнатыўнай службы.

Служба ў рэзэрве ўлічвае інтарэсы і дзяржавы, і прызыўнікоў, што, атрымліваючы вайсковую спэцыяльнасьць, працягваюць прафэсійную дзейнасьць ці вучобу. Новы від службы — эканамічны: утрыманьне рэзэрвы абыходзіцца таньней. На службу ў рэзэрве залічваюцца маладыя людзі з вышэйшай адукацыяй, карысныя спэцыялісты, пэрспэктыўныя навукоўцы, спартоўцы. Маладыя людзі становяцца на ўлік у вайсковыя часьці, дзе зь імі штогод праводзяцца заняткі і вучэбныя зборы. Для першага навучальнага году колькасьць гадзін складае ад 300 да 850 у залежнасьці ад ваенна-ўліковай спэцыяльнасьці. Другі і трэці гады — па 250 гадзін. Грамадзяне без вышэйшай адукацыі служаць тры гады, з вышэйшай — два, а тыя, хто навучаўся на вайсковых катэдрах, — адзін навучальны год. У выпадку вайны рэзэрвісты будуць накіраваныя ў вучэбныя падразьдзяленьні для навучаньня на малодшых камандзіраў.

Папулярная служба

Пра рост цікавасьці да яе сьведчаць наступныя лічбы: летась прызыў у рэзэрву склаў 820 чалавек, сёлета — 3 000. Пералік вайсковых спэцыяльнасьцяў рэзэрвістаў пашырыўся з 22 да 78. Маладых людзей найперш прыцягвае скарачэньне працягласьці службы. Цяжка параўнаць месячныя зборы з паўнавартаснай тэрміновай службай. Служба ў рэзэрве прадугледжвае толькі навучаньне — ніякага нясеньня нарадаў, акрамя як па падразьдзяленьні. Кантакты зь іншымі вайскоўцамі абмежаваныя. Суседзтва з такой халявай ня можа не абураць тых, хто служыць «правільна».

Валер праходзіць службу ў заходнебеларускім мястэчку. Рота рэзэрвы, у якой ён служыць, налічвае 80 чалавек, палова зь якіх маюць вышэйшую адукацыю. Падчас нешматлікіх кантактаў з вайскоўцамі тэрміновай службы малады чалавек увесь час адчувае непрыязнасьць зь іх боку. Але калі іх нэгатыўнае стаўленьне да «халяўшчыкаў» яшчэ можна неяк вытлумачыць, то неўспрыманьне ўсур’ёз рэзэрвістаў з боку асобных кадравых вайскоўцаў зьдзіўляе. Асабліва ўлічваючы тое, што зэканомленыя ў выніку рэформы сродкі павінны пайсьці і на паляпшэньне ўмоў службы кадравага складу.

Што ў суседзяў

Самай прасунутай у справе альтэрнатыўнай службы на постсавецкай прасторы зьяўляецца Малдова. Гэта краіна, дзе матывам для адмовы ад службы ў войску прызнаюцца нават пацыфісцкія погляды прызыўніка — дастаткова быць сябрам адпаведнай арганізацыі.

Украіна й Грузія пайшлі й па шляху эўрапеізацыі войска: скарачэньне агульнай колькасьці вайсковага складу, забесьпячэньне права на альтэрнатыву з-за рэлігійных поглядаў.

У краінах Балтыі, што першымі ўвялі альтэрнатыўную службу, заканадаўства цалкам дастасаванае да міжнародных стандартаў.

Расея ўвяла альтэрнатыўную цывільную службу зь мінулага году, і цяпер служба альтэрнатыўшчыкаў праходзіць у адмыслова вызначаных арганізацыях, колькасьць якіх сягае пад тысячу.

Зрухі ёсьць

У Беларусі пакуль альтэрнатыва мае падкрэсьлена вайсковы характар: гаворка пра цывільную службу не вядзецца, як і не зьяўляюцца матывамі для адмовы ад вайсковай службы пытаньні сумленьня.

Аднак першыя зрухі ў гэтым кірунку ёсьць. У некаторых часьцях вайскоўцы не прызначаюцца ў нарад падчас сьвяткаваньня рэлігійных сьвятаў іх канфэсіі. У іншых дазваляецца не страляць у часе вучэбных стрэльбаў тым вайскоўцам, што адчуваюць боязь перад зброяй. Гэтыя моманты даюць падставы спадзявацца на прыход у наша войска сусьветных стандартаў у пэрспэктыве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0