Кожны чытае газэты па-свойму. Я — вачыма настаўніка гісторыі.

Ня раз бывала, што мае вучні даведваліся пра нейкі факт з друку і ўспрымалі інфармацыю пра яго як праўдзівую. Шкада, але і «НН» друкуе невэрыфікаваныя зьвесткі. У №38 я знайшоў некалькі недакладанасьцяў.

На 11-й старонцы ў подпісе пад здымкам паведамляецца, што Аляксандар Мілінкевіч усклаў кветкі «да магілаў першых прэзыдэнтаў БНР Пётры Крэчаўскага і Васіля Захаркі». Па-першае, ня Крэчаўскага, а Крачэўскага. Носьбіт гэтага прозьвішча кіраваўся этымалягічным прынцыпам і пісаў «Крэчэўскі», што, дарэчы, зафіксавана на здымку. Калі ісьці за фанэтычным прынцыпам, дык трэба пісаць «Крачэўскі», што і зроблена ў «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі» і «Беларускай энцыкляпэдыі». І звалі яго ня Пётрам, а Пятром, што таксама зафіксавана на здымку. Пётрам ён быў у побыце. Па-трэцяе, П.Крачэўскі ня быў прэзыдэнтам БНР — ён зьяўляўся старшынём Рады БНР. Прэзыдэнтаў БНР ня мела ніколі. Мікола Абрамчык быў прэзыдэнтам Рады БНР. Але ягоным наступнікам вярнулі тытул старшыні. Па-чацьвёртае, Пётар Крачэўскі і Васіль Захарка — не былі яны і першымі старшынямі. Першы пасаду старшыні Рады БНР займаў Іван (Янка) Серада. У ліпені 1918 г. старшынём Рады БНР стаў Язэп Лёсік. А ўжо 13 сьнежня 1919 г. прыйшоў час П.Крачэўскага…

Зьвернемся цяпер да гісторыі кулінарыі і літаратуры. Студэнтка Наталка Харытанюк паведамляе, што ў яе, калі ўбачыла бабулін рэцэпт аднаго торту, «як у Тараса Бульбы, аж сьлінкі пацяклі ды забурчала ў жываце». Мне ж помніцца, што і сьлінкі пацяклі, і забурчала ў жываце ня ў гогалеўскага Тараса, а ў палясоўшчыка Тараса, які зьнячэўку трапіў на Парнас. Там, як вядома, «дзеўка Геба» карміла багоў.

Як унясла… на стол каўбасы,

Бліны аўсяны ў рашаце,

Аж сьлінкі пацяклі ў Тараса

І забурчала ў жываце.

Гэта добра, што моладзь чытае клясыку. Але не заўсёды трэба пакладацца на памяць. Памяць — ненадзейны саюзьнік ня толькі аўтараў гістарычных тэкстаў. Кулінарных — таксама.

З артыкулу пра Валіка Грышка («НН» №39) я даведаўся, што імя Веня ў перакладзе з лаціны азначае «любы сын». Спачатку трэба ўдакладніць: гаворка ідзе пра Веніяміна (Бэньяміна) ці пра Бэнэдыкта, якога ў праваслаўным асяродзьдзі падчас мянуюць Венядзіктам? Калі пра Веніяміна, дык гэта імя перакладаецца як «сын правае рукі». Праўда, Томас Ман у рамане «Язэп і ягоныя браты» (кніга «Якубава былое», разьдзел сёмы «Рахіль», навэля «Бэноні») піша што імя Веніямін, якое Якуб-Ізраіль даў свайму дванаццатаму сыну, перакладаецца як «сын адзіна праведнай» (Бэньямін). Што ж да Бэнэдыкта-Венядзікта, дык, здаецца, яно паходзіць ад слова benedictus – добраславёны, блаславёны.

Нарэшце, цікавы артыкул пра магчымага настаўніка Паўлюка Багрыма («Дык хто ж такі Магнушэўскі?») яшчэ й пасьмяшыў мяне, бо Язэпа Янушкевіча ў ім называюць «Якушэвічам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0