Дацкая сельская гаспадарка ўтрая больш эфэктыўная за беларускую. Хоць клімат той самы. Як ператварыць Беларусь у Данію? Вярнуцца да ідэяў Прышчэпава.

У 1920-я гады сярод эканамістаў БССР была папулярнай ідэя разьвіцьця сельскай гаспадаркі паводле ўзору Даніі. Тагачасны наркам земляробства Зьміцер Прышчэпаў нават казаў: «Беларусь у разьвіцьці сельскай гаспадаркі мусіць стаць Даніяй на ўсходзе Эўропы». Але ў верасьні 1929 г. Прышчэпаў быў зьняты з пасады народнага камісара земляробства па абвінавачаньні ў «правым ухіле», а масавае стварэньне калгасаў паставіла крыж на праекце беларускіх эканамістаў. Калі мы хочам сапраўднага адраджэньня беларускай вёскі, самая пара вярнуцца да «дацкага праекту».

Краіна-блізьнятка

Паводле кліматычных умоў Данія вельмі блізкая да нашай краіны, Полацак і Капэнгаген ляжаць на адной шыраце. Значная колькасьць дацкіх зямель ляжыць на марэнах, сфармаваных тым жа ледавіком, што пакінуў сьлед у Беларусі. Таму ў нашых краінах падобныя глебавыя і ляндшафтныя характарыстыкі, а сельскагаспадарчыя надзелы Даніі — знаёмыя нам кавалкі зямлі ад 3 да 30 га, якія ляжаць на схілах. Хоць клімат у скандынаваў больш акіянічны, колькасьць сярэднегадавых ападкаў прыкладна аднолькавая — 650 мм, тэмпэратурныя паказчыкі розьняцца на адзін пункт, і бываюць зацяжныя пераходныя пэрыяды паміж летам і зімой. Амаль аднолькавая ў нас вага сельскага насельніцтва — 25% у Даніі супраць 28% у Беларусі. Але ў Даніі меншы адсотак занятых у сельскай гаспадарцы 4% (у Беларусі — 11%), і большая шчыльнасьць насельніцтва (124 чалавекі на 1 км², супраць 48 у Беларусі).

Дзьве дарожанькі

У першыя гады савецкай улады сельская гаспадарка Беларусі ішла шляхам заходнеэўрапейскіх краін. Гаспадаркі, заснаваныя да калектывізацыі, арганізоўваліся на падставе распрацаванай беларускімі эканамістамі — А.Смоліч, Я.Кісьлякоў, С.Ждановіч — тэорыі арганізацыі беларускай сялянскай гаспадаркі й канцэпцыі разьвіцьця «Беларусь—Данія».

За калгасным часам такія разьлікі сталі нікому не патрэбныя. Лічылася, што ніякія фактары не перашкодзяць плянаваму разьвіцьцю калгасных вёсак: калі трэба, будуць падведзены ўсе дарогі, выдзелены ўгнаеньні, знойдзены рынкі збыту. Так было, покуль савецкую плянавую гаспадарку не напаткаў сыстэмны крызіс. Адразу высьветлілася, што ў рынкавых умовах калгасы існаваць ня могуць, бо шмат якія вёскі знаходзяцца далёка ад рынкаў збыту, транспартных магістраляў і нават гарадзкіх пасёлкаў, якія маглі б забясьпечыць іх неабходнай каапэрацыйнай падтрымкай. Такія вёскі ў новых умовах аказаліся асуджаныя на выміраньне. Гэты вынік яшчэ да пачатку калектывізацыі прадказвалі беларускія эканамісты Тодар Плятнэр і Гаўрыла Гарэцкі.

У Даніі сельская гаспадарка ўвесь час ішла па шляху разьвіцьця сялянскіх гаспадарак, якія й сёньня ў сваёй большасьці застаюцца дробнымі, — сярэдні надзел зямлі складае 50 га, 90% маюць у сваім складзе аднаго-чатырох працаўнікоў, фактычна працуе адна сям’я. У адрозьненьне ад Беларусі ў скандынаўскай краіне адсутнічаюць буйныя жывёлагадоўчыя комплексы, а вытворчасьць вядзецца пераважна на сямейных фэрмах.

Там не ваююць з ураджаем

Сёньня Данія мае адну з самых разьвітых сельскіх гаспадарак у сьвеце. Каля 200 тыс. чалавек, занятых у сельгасвытворчасьці, вырабляюць колькасьць прадукцыі, якой хапіла б на 16 млн чалавек (насельніцтва Даніі — 5,3 млн). Дзьве траціны сельгаспрадукцыі экспартуецца ў 160 краін. У сельскай гаспадарцы задзейнічана ў некалькі разоў менш працаўнікоў, чым у Беларусі, але малака ў агульнай вазе яны вырабляюць столькі ж, а мяса — у чатыры разы больш. Пры ўтрая меншай плошчы збожжавых зерня ў Даніі зьбіраецца больш за 9 млн т (лічба, на якую беларускі ўрад плянуе выйсьці не раней 2010 году). Прычына — ва ўраджайнасьці, якая ў Даніі амаль па ўсіх культурах у 2—3 разы вышэйшая, чым у нас. Па збожжы яна складае каля 60 ц/га (у Беларусі сярэдняя ўрадлівасьць за апошнія 5 гадоў была 23,6 ц/га), па бульбе — 410 ц/га (150 ц/га), па цукровым буракам — 565 ц/га (295 ц/га).

Сьвінячы рай

Сельская гаспадарка Даніі мае выразны жывёлагадоўчы ўхіл. Па ўзроўні спажываньня сьвініны на душу насельніцтва Данія займае першае месца ў сьвеце. У краіне гадуецца 21 млн сьвіней (у Беларусі — 3,4 млн). Ня дзіўна, што па ўзроўні спажываньня сьвініны Данія займае першае месца ў сьвеце, па экспарце — 8-е (1,2 млн т).

Краіна — буйны экспартэр масла й сыру. На адну карову ў Даніі ў сярэднім атрымліваюць 7350 кг малака (у Беларусі ў сярэднім за апошнія пяць гадоў — 2765). У абедзьвюх краінах вырабляецца аднолькавая колькасьць малака (4,7 млн т), але ў Даніі кароў утрая меней. Для атрыманьня такіх паказчыкаў вытворчасьці выкарыстоўваецца 2,72 млн га зямельнай плошчы (66% тэрыторыі краіны), у той час як у Беларусі задзейнічана 8,85 млн га (44%), зь іх 7,4 млн га знаходзяцца пад калгасна-саўгаснымі палеткамі.

Разьвянчаньне стэрэтыпаў

Новая праграма адраджэньня беларускай вёскі зноў робіць стаўку на буйную сельгасвытворчасьць — быццам за савецкім часам яна была высокаэфэктыўная. Але Беларусь толькі цяпер дасягнула ўрадлівасьці зерня і бульбы ўзроўню Даніі васьмідзесяцігадовай даўніны. Прычым сярэдняя ўрадлівасьць пшаніцы за апошнія пяць гадоў у Беларусі (25,6 ц/га) усё яшчэ была ніжэй узроўню Даніі 1923 году — 28,9 ц/га. Прычым адставаньне за гэты час не скарацілася: урадлівасьць пшаніцы ў Беларусі па ранейшаму амаль у 3 разы ніжэйшая, чым у Даніі. Па бульбе, якая лічыцца традыцыйнай беларускай культурай, адставаньне нават вырасла: калі 80 гадоў таму ўрадлівасьць бульбы ў Беларусі была ніжэйшая, чым у Даніі, у два разы, то цяпер — амаль у тры разы.

Аграгарадкі чакае той самы лёс, што напаткаў цэнтральныя калгасныя сядзібы. Як толькі спыніцца фінансаваньне з боку дзяржавы, скончыцца і разьвіцьцё аграгарадкоў.

Падмуркам сучаснай праграмы адраджэньня вёскі павінна стаць дзяржаўная падтрымка адраджэньня сялянскіх гаспадарак. Адродзяцца прыватныя гаспадаркі — уздымецца ў сельскай мясцовасьці і жыцьцё. Але недастаткова толькі даць фэрмэру кавалак зямлі і эканамічную свабоду, чакаючы, што ён дасягне эфэктыўнасьці вытворчасьці, як яго замежны калега-фэрмэр. Абавязак улады — хоць прыблізна стварыць фэрмэрам тыя ўмовы, якія яны мелі перад калектывізацыяй.

На першым этапе дзяржава павінна стварыць мэханізм выгаднага крэдытаваньня такіх гаспадарак, дапамагаць з набыцьцём неабходнай тэхнікі, арганізаваць аградапамогу, пры патрэбе ўзяўшы на сябе выдаткі і дапамагаючы з рамонтам тэхнікі, дастаўкай тавараў на рынак, панесьці іншыя выдаткі па аднаўленьні каапэрацыйных сувязяў у сельгасвытворчасьці. Неабходна стварыць крытычную масу фэрмэрскіх гаспадарак. На момант калектывізацыі налічвалася звыш 400 тыс. хутароў. Але ў ХХ ст. у Эўропе назіралася тэндэнцыя да ўзбуйненьня гаспадарак і памяншэньня іх колькасьці. Таму цяпер гэта лічба будзе меншая. Напрыклад, сёньня ў Даніі працуе 48 тыс. фэрмэраў, якія валодаюць зямельнай плошчай у 2,7 млн га, а ў Беларусі — 2,3 тыс. гаспадароў, і выкарыстоўваюць яны 148 тыс. га зямлі. Таму крытычнай масай для Беларусі будзе 100 тыс. фэрмэрскіх гаспадарак з валоданьнем зямельнай плошчай каля 6 млн гектараў. У гэтым выпадку фэрмэры будуць самі здольныя наладзіць і падтрымліваць неабходныя каапэрацыйныя сувязі. І тады пачнецца другі этап, калі дзяржава зможа адысьці і засяродзіцца на пытаньнях падтрымкі эканамічнай стабільнасьці, свабоды гаспадараньня і канкурэнцыі, абароны прыватнай уласнасьці.

Замест падтрымкі стратных калгасаў і галіновых праектаў, дзяржаўныя сродкі павінны выдзяляцца фэрмэрам на рэалізацыю канкрэтных бізнэс-плянаў. Калі б 6 млрд даляраў разьмеркаваць на 100 тыс. фэрмэраў, то 60 тыс. даляраў на аднаго фэрмэра стала б для многіх істотнай падтрымкай.

Новая «прышчэпаўшчынa»

Аграрную палітыку, якую праводзіў наркамзем Зьміцер Прышчэпаў, называлі «прышчэпаўшчынай». Наркам лічыў, што ліквідаваць векавую адсталасьць беларускай сельскай гаспадаркі ад Даніі і іншых заходнеэўрапейскіх краін можна, толькі калі запазычыць, іншымі словамі, прышчапіць ёй прагрэсіўныя мэтады і тэхналёгіі гаспадараньня. Прышчэпаў ня змог рэалізаваць ідэі. У ліпені 1930 г. яго арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» і асудзілі на дзесяць гадоў лягераў, выслаўшы на будаўніцтва Беламорканалу. У 1939 г. прысуд перагледзeлі, і былога наркама Сталыпіна прыгаварылі да вышэйшай меры пакараньня. Расстраляць не пасьпелі, Прышчэпаў памёр у турэмнай больніцы ў Менску.

Сёньня пераход сельскай гаспадаркі да рынкавых умоў ёсьць адлюстраваньнем яе адваротнай трансфармацыі — ад рынку да пляну — у 1920-я. Таму няма патрэбы ў нейкім асаблівым тэарэтычным абгрунтаваньні гэтага працэсу. Дастаткова спалучыць канцэпцыю «Беларусь—Данія» і распрацаваную раней тэорыю арганізацыі сялянскай гаспадаркі.

Перад дзяржавай стаіць задача сфармаваць сельскую гаспадарку, падмуркам якой будуць фэрмэры, і прышчапіць ёй тыя неабходныя інстытуцыянальныя элемэнты, якія дазволяць трывала атрымліваць рэнту зь зямлі. Гэта дапаможа пазбавіцца ад эфэкту «непрэстыжнасьці пражываньня ў сельскай мясцовасьці», дасягнуць больш раўнамернага разгрупаваньня насельніцтва і даходаў па тэрыторыі ўсёй краіны, што з часам дазволіць ператварыць Беларусь у Данію.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру