З пачуцьцём глыбокага задавальненьня выслухаў прэзыдэнцкую справаздачу аб раскрыцьці віцебскай справы. З таямнічымі выбухамі піўных бляшанак пакончана.

Больш за ўсё ў прэзыдэнцкім «Элемэнтарна, Уотсан» прыкалола ня тое, што фраяркоў так хутка ўпакавалі, а сацыяльная прырода злачынства.

За тэрактамі стаялі не варагі-чачэнцы і ня Нэо з Марфэем — баевікі з «Народна-вызваленчага войска», якія нарэшце знайшлі выхад з матрыцы. Віцебскімі Равашолямі аказаліся нейкія «ахламоны».

У сьвятле сказанага віцебскія выбухі можна лічыць новай старонкай у гісторыі беларускага тэрарызму. Раней матывы несьці піратэхніку ў масы былі выключна палітычнымі або матэрыяльнымі. Грынявіцкі, кідаючы «machine infernale» ў царскі членавоз, марыў пра народніцкі сацыялізм. Кілер 1990-х, чакаючы ў засадзе кліента, будаваў паветраны замак — прыкінуцца ў малінавы лапсэрдак і ахамуціцца залатым ланцугом. Віцебскімі тэрарыстамі рухала жаданьне чыста псыхалягічнай сатысфакцыі. Такое пачуцьцё немагчыма атрымаць, адкапаўшы Аўгустоўскі канал, зрабіўшы з ворага біфштэкс у «Mortal Kombat: Shaoling Monks» ды выкаціўшы 0,7 «крыжачка». Прыход кайфу гарантуе толькі парушэньне артыкулаў крыміналкі. Ва ўсім сьвеце такая сацыяльная зьява называецца хуліганствам.

Паглядзіце на файл братоў М., якія падазраюцца ў арганізацыі выбухаў: адзін гарбаціцца на заводзе, другі — на рынку. Калі прыняць вэрсію шызы, трэба ўтылізаваць усю сыстэму адукацыі і сацыялізацыі, якая плодзіць тэрарыстаў, а потым яшчэ ўладкоўвае іх на прадпрыемства. Напэўна, трэба даць поўху і БРСМ, сябрамі якога, хутчэй за ўсё, былі віцебскія браты Гафс.

У прынцыпе, дзяржава павінна толькі вітаць рэнэсанс хуліганства. Хуліган — неад’емны спадарожнік добрых савецкіх часоў, куды так прагне Лукашэнка. У каўбасныя часы Брэжнева самым модным паратункам ад нудоты было спаліць кнопкі ў ліфце і накрэмзаць угары: «Фантамас».

Змагацца з хуліганамі немагчыма: іх крыніца — сама сыстэма. Таму ў саўку прыдумалі вельмі клясны ход — раскручвалі вобраз «патрыятычнага хулігана»: дробны злачынец, апынуўшыся перад дылемай: прадаць Радзіму і зарабіць мех грошай або застацца верным рашэньням зьезду КПСС, — выбіраў апошняе.

Нашы мандарыны таксама асуджаны заняцца стварэньнем «ляяльнага ахламона». Першым крокам можа быць судовы працэс над М. У працэсе слуханьняў раптам магло б усплыць, што адна зь пякельных бляшанак прызначалася фашыстам зь віцебскага «Фонду Сапегі», якія хацелі замуціць відавочна антыбацькоўскі «сэмінар рэдактараў незалежных бюлетэняў».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру