Русафобафобія: напярэдадні паездкі Аляксандра Мілінкевіча ў Маскву ўспыхнула новая дыскусія на тэму расейскага ўплыву ў Беларусі.

У інтэлектуальных колах назіраюцца дзіўныя зьявы: аналітыкі, што не адносяць сябе да праўладных, актыўна вышукваюць у апазыцыі «празаходнікаў» і «антырасейцаў», пагражаючы ім, у найлепшым выпадку, правалам на выбарах-2006. На аналітычным інтэрнэт-рэсурсе «Наша думка» распалілася сапраўдная інтэлектуальная бойка. Дакладней, зьбіцьцё — там прыхільнік «расейскага праекту» знайшоўся толькі адзін. У ролі баксёрскай ігрушы аказаўся палітоляг Андрэй Суздальцаў.

«З гадамі на палітычным подыюме расейскай сталіцы сфармавалася сапраўднае беларускае «мадэльнае агенцтва», дзе, выбіваючыся зь сілы, зьмяняючы адзін аднаго, беларускія дзеячы дэманструюць сваё імкненьне трапіць у так званую «беларускую абойму» Крамля», — піша А.Суздальцаў у аналітычным трыпціху «Менск—Масква». Яўген Абзаваты, даўні праціўнік Суздальцава, не пагаджаецца: «Паведамленьні пра наведваньне расейскай сталіцы прадстаўнікамі апазыцыі зьяўляліся дастаткова рэгулярна. Аднак большасьць такіх сустрэч адбывалася па ініцыятыве самой Масквы. Гэта сьведчыць, хутчэй, пра цікавасьць расейскай палітычнай эліты да сытуацыі ў нашай краіне, чым пра папрашайніцтва з боку тутэйшых палітыкаў».

А.Суздальцаў закідае апазыцыі няздатнасьць стварыць прарасейскі праект, які склаў бы альтэрнатыву прарасейскаму праекту А.Лукашэнкі. «Прарасейскі праект», на ягоную думку, мусіць прадугледжваць поўную адмову ад кантактаў з Захадам — як у Лукашэнкі. Ідэя стварэньня «прарасейскага праекту» ня новая. Ёй некалькі гадоў. Але ніхто з палітыкаў, апроч Лукашэнкі, ня тое што ў кааліцыі, а нават па-за яе межамі ня кажа пра патрэбу ўвесьці адзіную валюту ды стварыць адзіную дзяржаву. Хіба што Валер Фралоў, які зрабіў падобную заяву ў артыкуле «З Расеяй ці без?», надрукаваным у «Народнай волі». Здавалася б, расейскі палітычны бамонд мусіў ухапіцца за прапанову Фралова як за выратавальную саломінку. Але Масква маўчыць. «Расейская ўлада ў канчатковым выніку прызнае тых, хто ўжо прызнаны», — мяркуе іншы аналітык «Нашай думкі». Дэкляраваньне сваёй прарасейскай пазыцыі зусім не гарантуе падтрымкі Крамля. Крэмль паважае толькі сілу.

«Глеб Паўлоўскі цяпер працуе, каб стварыць сваю кліентуру ў Беларусі. Але згадваецца 2002 г., калі так ці інакш у падтрымку Пуціна (калі той прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі абласьцямі. — Рэд.) выступілі толькі Сініцын і Ярашук. Іх амаль што затапталі», — кажа Віталь Сіліцкі. «Я быў у Маскве, бачыў, чым займаецца Паўлоўскі, і пераканаўся: гэта працуе на ўтрыманьне статус-кво», — сьцьвярджае галоўны рэдактар часопісу «Arche» Валер Булгакаў.

На артыкул «Нашай Нівы», у якім расказвалася пра спробы Масквы раскалоць беларускіх дэмакратаў і пра спробы асобных апазыцыянэраў спадабацца Маскве, адрэагавала «БелГазета» артыкулам «Масква шызам ня верыць. А апазыцыя — маскалям». Калі парада беларускім палітыкам не пачынаць сваю кампанію ад Спаскай вежы — шыза, то як назваць такую параду ад «БГ»: «Перад Масквой яна (палітычная сіла, якая выставіла кандыдата на выбары. — Рэд.) павінна высьцілацца яшчэ мацней, чым перад Брусэлем і Вашынгтонам». Добры спосаб заваяваць беларускага выбаршчыка.

«БелГазета» апраўдвае адсутнасьць раўнапраўнага дыялёгу з Масквою тым, што апазыцыя ня выйграла за дзесяць год у Беларусі ніводных выбараў. Як быццам, у нас цягам дзесяцігодзьдзя праводзіліся паўнавартасныя выбары. І няўжо гэты дыялёг пачнецца, калі беларускія палітыкі пачнуць весьці сябе, падобна да дыванчыкаў для ног?

«І ня Фонд эфэктыўнай палітыкі павінен падладжвацца пад беларускіх нацыяналістаў. Самі нацыяналісты павінны шчасьліва ўсьміхацца пры слове «Эўразія», — павучае «БелГазета».

«Па гэтай лёгіцы той, хто прышчурана глядзіць на Маскву, той нацыяналіст», — кажа В.Булгакаў. Так і ўсю прэзыдэнцкую раць з Лукашэнкам на чале ў нацыяналісты запісаць можна. Указвала ж нядаўна расейскім ідэолягам «Беларусь сегодня», што яны «крыўдзяць нас сваімі цалкам мядзьведжымі ўхваткамі».

«Калі блізкія да Крамля структуры сапраўды заняліся пошукам «больш сучасна думаючага палітыка», нацыяналістам, якіх цалкам задавальняе адзіны кандыдат ад апазыцыі А.Мілінкевіч, трэба актыўна пераконваць Расею ў тым, што ён такім зьяўляецца», — піша «БелГазета». А як не пераканае, то што? Ну ж Расея не падтрымае адзінага кандыдата так, як падтрымлівала Януковіча, Мілошавіча ды Акаева, а будзе процідзейнічаць, як Юшчанку й Вароніну? Ото ўжо гора сербанём! — рэзюмуе камэнтатар сайту «Наша думка».

«Людзі, якія прафэсійна займаюцца нацыянальным адраджэньнем, зазвычай, інтэлігенты і ведаюць мовы», — пад’ялдыквае «БелГазета». Хацелася б чакаць гэтага і ад тых, хто прафэсійна займаецца журналістыкай. А то выходзіць, што аўтар «БГ» з тыповым імем Радыён Раскольнікаў, падгледзеўшы ў «НН» спэцыфічны тэрмін расейскіх паліттэхнолягаў «Эўраўсход», перакладае яго зь беларускай на расейскую як «ЕС» («Эўрасаюз»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0