На мінулым тыдні ў Менску прайшла прэзэнтацыя кнігі «Беларусь: Дорога в будущее».

Над кнігай, што аналізуе становішча Беларусі, працавалі 30 чалавек. Прэзэнтацыю праводзілі рэдактары выданьня — намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук і кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка.

Паводле аўтараў кнігі, у Беларусі ёсьць тры шляхі далейшага разьвіцьця: увайсьці ў эўрапейскую супольнасьць; далей інтэгравацца ва ўсходнім кірунку; разьвівацца самастойна. Аўтары кнігі найбольш рэалістычным называлі трэці варыянт. У найбліжэйшай будучыні ў Эўразьвязе нас не чакаюць, мяркуюць укладальнікі. На думку Леаніда Заікі, «займацца сабой — ня самы горшы варыянт. Мы і так многае пераймаем: купляем патрыманыя аўтамабілі, носім вопратку сэканд-хэнд, палітыкі паўтараюць жарты, сказаныя іншымі…».

Зрэшты, пытаньне «беларусацэнтрычнасьці сьвету» застаецца для Л.Заікі цьмяным. Так, на прэзэнтацыі ён заявіў: «Лукашэнка зрабіў вельмі карысную рэч, што спыніў усе дыскусіі наконт беларускай мовы». Кіраўнік «Стратэгіі» актыўна карыстаўся тэрмінам «Эўраўсход», прыдуманым Глебам Паўлоўскім, што абурыла палітоляга Віталя Сіліцкага: «Давайце выбіраць тэрміны, зручныя нам, а не карыстацца чужымі».

Аналізуючы стан сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны, Я.Раманчук зазначыў утапічнасьць ідэі Крэмніевай даліны: у экспарце Беларусі доля высокатэхналягічных тавараў складае толькі 4%, тады як у Малайзіі — 58%. Гаворачы пра неабходнасьць татальных рэформаў, Я.Раманчук зазначыў: хто б іх ні праводзіў, масавага беспрацоўя можна пазьбегнуць. «У нас ня монаэканоміка, каб абрынуцца адразу».

Манаграфію аўтары даслалі кожнаму дэпутату з абедзьвюх палатаў парлямэнту. Праз чатыры гады яны абяцаюць выдаць новую кнігу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру