У Бабруйску прайшоў фэстываль «Рок за баброў». Ён прынёс масу станоўчых уражаньняў і сэнсацыйную навіну. А зь Міністэрства культуры быў атрыманы афіцыйны дакумэнт, што міністэрства нічога ня мае супраць выступу беларускіх рок-гуртоў.

Месца правядзеньня фэсту не было выпадковым. У Бабруйску разьмяшчаецца бровар «Сябар», які вырабляе гатунак піва «Баброў». Па прыкладзе знаных расейскіх півавараў, якія ўкладаюць грошы ў рок-музыку, бабруйцы вырашылі зрабіць нешта падобнае ў дачыненьні да айчынных музыкаў. Сымбалічна, што адкрываў сямігадзінны канцэрт на плошчы ля гарадзкога Палацу мастацтваў ансамбль «Сябры». Анатоль Ярмоленка & Co былі адзіным калектывам, удзел якога без праблем быў ухвалены мясцовымі інстанцыямі. Рэшту бязьлітасна выкрасьлілі са сьпісу. Сярод непажаданых аказаліся «Нэўра Дзюбэль», «Крама», «N.R.M.» і нават «апалітычная» «Крамбамбуля». І толькі пасьля таго, як зь Міністэрства культуры быў атрыманы афіцыйны дакумэнт, што міністэрства нічога ня мае супраць прадстаўленага сьпісу выканаўцаў, перад гуртамі запалілася зялёнае сьвятло. Нават далі дазвол на выступ гурту «Zet».

Публікі на гарадзкой плошчы сабралася шмат, хоць пляц зусім не надаецца да рок-канцэртаў: гук адбіваўся ад дому насупраць, а таму нармальна слухаць музыку можна было толькі пад самай сцэнай.

Музыкаў чакаў лёзунг «За Беларусь!», прымацаваны на авансцэне. Аляксей «Стокс» рашуча заявіў: «Мы прыехалі выконваць музыку, а не выступаць пад нейкімі лёзунгамі». Тым больш, што канцэрт быў за ратаваньне баброў, якіх выкрасьлілі з Чырвонай кнігі. Урэшце лёзунг прыбралі.

Перад бабруйцамі выступалі «Індыга», Аляксей Шадзько зь «Сястрой», «Мадэра гард-блюз», «Slang», «Flat», «IQ-48», «Svet Boogie Band» i «Стокс». У цэлым канцэрт атрымаўся вельмі прыстойны па ўзроўні і разнастайны па стылістыцы. Праўда, падалося, што мясцовая публіка практычна ня ведала музыкантаў, за выняткам апошніх. Рэагавала яна даволі стрымана, разварушыць яе здолелі хіба што музыкі «Svet’u», якія паказалі сапраўднае сцэнічнае шоў. Вёў фэст у непаўторнай манеры Лявон Вольскі, што прыбыў у Бабруйск уначы з Гомелю, дзе таксама выступаў.

Выснова: усё залежыць ад людзей на месцах. Там, дзе імкнуцца перастрахавацца, культурнае жыцьцё атрымлівае пэрспэктывы зачахнуць. І наадварот: дзякуючы «Року за баброў» бабруйская публіка адкрыла для сябе нацыянальную рок-музыку. Прынамсі, пасьля канцэрту натоўп моладзі атачыў аўтобус з музыкантамі, каб узяць аўтографы.

Праўда, назва «фэстываль» падалася пакуль што авансам. Будзем спадзявацца, што наступным разам фэст пройдзе мінімум на месяц раней, калі ня летам, ды будзе працягвацца як мінімум два дні. Вось тады мы і атрымаем сапраўдны рок-фэстываль.

Рок-каранацыя адродзіцца

Як паведаміў дырэктар «Кляс-клюбу» Генадзь Шульман, што ўдзельнічаў у правядзеньні фэсту, пасьля двухгадовага перапынку мусіць аднавіцца «Рок-каранацыя». Да Юр’я Цыбіна, уладальніка правоў на ідэю цырымоніі, і «Кляс-клюбу» як яе арганізатара, напэўна, дадасца кампанія «Сябар». Адной з прычын, якія змусілі адрадзіць цырымонію, сп.Шульман назваў той факт, што за два гады на айчыннай сцэне зьявілася значная колькасьць цікавых калектываў. Для яго сапраўдным сюрпрызам сталі выступы «IQ-48» і «Svet Boogie Band», а таксама «Стоксу». Адносна апошняй згодны зь ім цалкам: «Стокс» зусім невыпадкова закрывалі канцэрт пад гукі шыкоўнага фаервэрку, паказаўшы, што тэлевізійнае ўвасабленьне калектыву і яго сапраўднае канцэртнае аблічча — рэчы вельмі розныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0