16 год бяз даху над галавой існуе знакаміты гурт у Міханавічах. Ён сьпявае найстарэйшыя песьні Эўропы.

Выбачэньні рэкеціраў

Неяк на памежжы на аўтобус напалі рэкеціры. Празь некалькі сэкундаў яны ўжо прасілі прабачэньня… Рэч у тым, што, агледзеўшыся, малойчыкі ўбачылі амаль адных дзяцей і некалькі старых бабулек, з такіх, што сядзяць на печцы ў вёсачцы з трох хат ды лушчаць семкі. Што там за думкі варухнуліся пад голенымі патыліцамі, да канца няясна, але ж не ўзялі нават семак.

Гэта вярталіся з Кракава ў Міханавічы артысты фальклёрнага гурту «Калыханка». Каб выклікаць добрыя пачуцьці — дастаткова аднаго іхняга выгляду — а што ўжо казаць, калі засьпяваюць?

Многія песьні вы пачуеце ўпершыню, але яны будуць падавацца знаёмымі. Гэта загаворыць ажылымі архетыпамі генэтычная памяць. Нехта згадае, што колькі гадоў таму гурт сьпяваў разам з рок-зоркай Бутусавым, але гэта глядзіцца выпадковасьцю. Вось калі б разам з «Тройцай», было б куды лягічней. У тым ліку і таму, што некаторыя «калыханкаўцы» вучыліся ў Івана Кірчука на факультэце народнай творчасьці ўнівэрсытэту культуры. І «Калыханка» — таксама зорка, нават цэлае сузор’е. Асабліва добра відаць гэта сузор’е зь неба суседзкага замежжа.

У адну толькі Польшчу разоў пяць запрашалі на фэстывалі ды фальклярыстычныя канфэрэнцыі. «Там зьбіраюцца энтузіясты фальклёру — моладзь, студэнты, — распавядае кіраўніца «Калыханкі» Ларыса Рыжкова. — Увечары — канцэрт фальклёрнага калектыву, пасьля рассоўваюць усе дэкарацыі, накрываюць «ручнікі-самабранкі» проста ў полі, на траве, і вакол кожнага «стала» ўтвараецца невялікі фэстываль».

Спадарыня Ларыса і людзі, згуртаваныя вакол яе, — вялікія энтузіясты адраджэньня народнай творчасьці, рэстаўратары беларускай душы. Яны знаходзяць паўзабытыя мэлёдыі, дастаюць іх са скарбонак народнай памяці, удыхаюць новае жыцьцё.

Зь Ленінграду ў Беларусь

Пачалося ўсё ў 1980-я. Віцяблянка Ларыса Рыжкова, скончыўшы Акадэмію мастацтваў, зьехала вучыцца ў асьпірантуру ў Ленінград. Там дзяўчына зразумела, што аўтэнтычная народная музыка — справа яе жыцьця, пачуўшы ад старых людзей нешта абсалютна незнаёмае. Ларыса стала езьдзіць па вёсках, слухаць старэйшых жыхароў, занатоўваць народныя сьпевы. Яна стварыла сем аўтэнтычных народных творчых калектываў у Кірыскім раёне Ленінградзкай вобласьці, зладзіла Кірыскі фальклёрны фэст, што зь цягам часу стаў традыцыйным. Потым апынулася ў Міханавічах і стала шукаць аднадумцаў тут.

Шаснаццаць гадоў таму яна была маладой маці з гадавалай дачушкай, але гэта зусім не перашкодзіла Ларысе стварыць новы фальклёрны калектыў. Такім чынам, «Калыханка» сёлета дасягнула «пашпартнага» ўзросту.

Фальклёрны холдынг

Цяпер пад «дахам» вялікага калектыву аб’яднана некалькі гуртоў, у тым ліку і дзіцячы ансамбль «Кумок». За шаснаццаць год зьмянілася пяць пакаленьняў артыстаў-заўзятараў. Сярэдні выканаўца-пачатковец памаладзеў: калі раней прымалі дзетак з 6—7 гадоў, цяпер займаюцца вакалам з трох-чатырохгадовымі. «Самыя вялікія фанаты «Калыханкі» — малеча, — кажа Алена Гадалава, дырэктарка Дому фальклёру ў Міханавічах. — Нават калі няма рэпэтыцыі, яны ўсё роўна бягуць да спадарыні Ларысы».

Музыка стала для дзяцей жыцьцёвым зацікаўленьнем. А тое, наколькі гэтая сьпеўная школа прафэсійная, яскрава ілюструе наступны выпадак. Неяк у Інстытуце культуры студэнты доўга развучвалі народную песьню са складанай мэлёдыяй. А сярод іх былі дзьве дзяўчынкі з «Калыханкі», якія паслухалі і адразу ўсё правільна прасьпявалі, зьдзівіўшы выкладчыкаў.

Вікторыі Бельчанцы, адной з салістак «Калыханкі», заслужаная артыстка Беларусі Ніна Брачкоўская сказала: «У вас ужо ўнікальная пастаноўка голасу, я баюся яе сапсаваць». Вікторыя ніколі не расстаецца зь песьняй. Нават нарадзіўшы дзіця, працягвае сьпяваць у «Калыханцы». Прывяла сюды і пляменьніцу Карыну. Цяпер думае прывесьці і дачку, але няхай тая трохі падрасьце.

«Здоб шы Здуб» ня першы

Некалі паблізу мястэчка стаяла вайсковая часьць. Ларыса і яе дзяўчаты змаглі зацікавіць вайскоўцаў сваімі ідэямі — тыя ахвотна хадзілі на рэпэтыцыі народных танцаў. Цяпер у канцэртным рэпэртуары мужчыны амаль не прысутнічаюць. Затое стала больш песень. Зь іх робяцца адмысловыя тэматычныя праграмы: то вясельныя народныя творы, то радзінныя, то купальскія — хвілін на сорак.

Адмыслова па гэтыя песьні было зладжана некалькі экспэдыцый у вёскі Салігорскага і Вузьдзенскага раёнаў. Жылі сярод старых людзей, слухалі сьпевы, запісвалі словы, музыку, падпявалі бабулям. Калі потым калектыў чарговы раз запрашалі на фэст у замежжа, Ларыса зь дзяўчатамі ехалі ў вёскі, «здымалі зь печы» сваіх аўтэнтычных артыстак і бралі іх з сабой. Нешта падобнае зрабілі на Эўрабачаньні хлопцы з гурту «Здоб шы здуб».

Найстарэйшыя песьні Эўропы

«Звычайна моладзь глядзіць на старых як на нешта аджылае, але толькі ня нашая, — дзеліцца назіраньнямі Ларыса. — Нашы дзеці бачаць у гэтых людзях бяздонны сьвет».

«На вёсцы разбураны лад жыцьця, няма ўжо тых традыцый, — працягвае Ларыса. — Мы ўнікальныя тым, што навучыліся ў старых пераймаць гэтыя традыцыі». Удзельнікі круглага стала па захаваньні культурнай спадчыны пра «Калыханку» так і сказалі: хутка будуць запісваць аўтэнтычны матэрыял у яе.

За гэты час яны двойчы былі ў Кракаве на фэсьце «Страчаныя танцы». Па ўсёй Эўропе жывуць гэткія ж апантаныя заўзятары, якія зьбіраюць і развучваюць забытыя, нават з часоў Сярэднявечча, старажытныя танцы самых розных народаў. Тое самае зь песьнямі. Аднойчы «Калыханка» брала ўдзел у фэстывалі «Найстарэйшыя песьні Эўропы» ў Любліне. Выступалі ў Малдове, Нямеччыне, Расеі, некалькі разоў езьдзілі з канцэртамі па Ўкраіне. «Вас, напэўна, на радзіме проста на руках носяць!» — захапляліся ўкраінцы. Але на радзіме ўсё ня так проста.

Пажыць у Міханавічы

Ня так даўно ў міханавіцкім Доме фальклёру зьявілася новая дырэктарка — Алена Гадалава. Яна кажа, што пасялілася ў вёсцы выпадкова, але лічыць гэта знакам лёсу. Некалькі гадоў таму дзяўчына вырашыла зьмяніць род дзейнасьці, працавала ў банку, але гэта не прымусіла забыцца на любімую справу. Вярнулася. Пасьля Інстытуту культуры яна пасьпела папрацаваць у вядомай «Гасьцёўні Галубка», потым — прад’юсэрам у тэлепраграме «Абібок», апынулася разам зь сям’ёй у Маскве. Вярнулася на радзіму. Пажыць у Міханавічы запрасілі сябры, потым былы старшыня калгасу дапамог з уласным жытлом, а старшыня сельсавету пазнаёміла Алену з Ларысай Рыжковай. У асобе Алены «Калыханка» займела свайго прад’юсэра.

«Перажываю заўсёды: як дзяўчаты выступяць? Але гэтыя перажываньні дапамагаюць духоўнаму росту, а не псуюць нэрвовую сыстэму». Алена дапамагае «Калыханцы». Зладзіла рамонт у былым будынку сельсавету, аддадзеным пад Дом фальклёру: знайшла каманду дызайнэраў па інтэр’еры, гатовых дапамагчы артыстам на адным энтузіязьме. Вырашана, што будзе свой музэй ручнікоў. Пакуль няма ўласнага прытулку, з памяшканьнем дапамагае Іна Яворская, маладая дырэктарка міханавіцкага Моладзевага культурнага цэнтру.

«Дзеці бачаць: шаснаццаць гадоў без уласнага даху над галавой — гэта непрэстыжна. Мы павінны надаваць беларускай музыцы прэстыж», — мяркуе Алена.

«Калыханка» стала свайго роду візытоўкай раёну. 14—21 кастрычніка «Калыханка» пабывала ў Сэрбіі разам з дэлегацыяй Менскага райвыканкаму. Пакуль кіраўнікі прадпрыемстваў усталёўвалі бізнэс-кантакты, гурт з посьпехам выступіў на міжнародным фэстывалі. Каб жа яшчэ актывізаваць канцэртавую дзейнасьць па Беларусі...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0