Палітыкі, якія робяць прадмовы да зборнікаў паэзіі прыгожых і таленавітых жанчын, заслугоўваюць зьняволеньня на 15 сутак.

Таму што выступаюць у ролі гэтакіх цмокаў-спакушальнікаў: маўляў, напішэце, душанька, пару слоў і пра наш грэшны промысел, — мо’ раптам увойдзеце ў гісторыю вызваленчага руху.

Бог даў Ірыне Багдановіч і прыгажосьць, і талент. А прадмову да яе зборніка «Сармацкi альбом» (Менск, 2004) напісаў прафэсар Юры Хадыка — вядомы фізык, мастацтвазнаўца й палітык. Хто менавіта з трох Хадыкаў не ўтрымаўся і зграшыў у гэтым канкрэтным выпадку — ці то фізык, ці то мастацтвазнаўца, ці ўсё ж такі палітык, — ня нашая справа. Не пра яго гаворка.

Вінаватая ва ўсім сама паэтка. І ў школе, і на філялягічным факультэце яе вучылі, што самая цудоўная лірыка — грамадзянская. Значыць, сапраўдны паэт зьяўляецца толькі тады, калі гэтую самую грамадзянскую лірыку асвойвае. Трэба пастарацца — і станеш сапраўдным паэтам.

Праўда, паэт ў гэтым выпадку — жанчына. Жанчыне грамадзянская лірыка паддаецца толькі ў тым выпадку, калі яна доўга пакутуе. У астатнім яна — ды яшчэ прыгожая — часьцей за ўсё піша добрыя вершы пра тое, што да палітыкі ня мае дачыненьня.

Пасьля прачытаньня «Сармацкага альбому» застаецца такое адчуваньне, нібыта яго пісалі адразу два чалавекі. Не Хадыка і Багдановіч — гэта якраз было б прасьцей за ўсё дапусьціць, — а Ірына і Багдановіч. Ірына — увасаблень-не жаночага пачатку, Багдановіч у гэтым выпадку — увасабленьне той самай грамадзянскасьці, на якую аўтарка «Альбому» раптам пачала прэтэндаваць. Прычым Багдановіч гэты, да вялікага жалю, усё адно — не Максім.

Усё напісанае Ірынай па праве можа лічыцца шэдэўрам беларускай лірыкі. У гэтых вершах валадарыць прыгажосьць, пануе каханьне, цьвітуць кветкі.

Бэз безупынны, бязьлiтасны, бэз летуценны,

Бэз як бязьмежжа памкненьняў, пачуцьцяў iграньня.

Бэз каралеўскi, сармацкi, бухмата-праменны,

Бэз як прэлюдыя лета, фартысыма траўня.

У гэтых вершах –– усё. І гудзеньне пчалы, і пах квецені бэзу, і нават начны сьпеў салоўкі, да якога прыслухоўваюцца закаханыя. Ад часоў бураўкінскага «Салаўя», у якім паэт здолеў перадаць сапраўдны птушыны пошчак, у беларускай паэзіі не было верша, у якім гукавая тканіна настолькі б адпавядала прадмету выяўленьня. Шкада, што ніхто з кампазытараў дагэтуль не здагадаўся пакласьці «Час бэзу» Ірыны на музыку –– атрымаўся б шыкоўны, велічны вальс.

Бэз як бясьпечнасьць, як сымбаль радзiнных фальваркаў,

Кожнай шляхецкай сядзiбы належнае ўбраньне,

Бэз як вяршэнства айчыны, а ўсiх недавяркаў

Зможа вясна гэтым бэзавым траўневым граньнем.

У паэтычным сьвеце Ірыны ёсьць месца для каханьня, для кветак і кляйнотаў, для ўспамінаў і для малітвы. Для ўсяго, чым здаўна жыла высакародная беларуская шляхцянка. Прычым лепшыя з напісаных ёю вершаў — якраз самыя культурныя і ня зводзяцца толькі да сармацкай традыцыі. Скажам, адчуваецца, што ў свой час паэтка добра і ўважліва чытала Аляксандра Блока:

У полацкiм Сафiйскiм саборы

Гучаў арган i вакал,

I голас узносiўся con amore,

I трапятаў, i кахаў.

Кахаў, i плакаў, i спадзяваўся,

Рэхам буры лунаў,

Анёльскiм крылом душы дакранаўся,

Уваскрасаў i канаў.

Будзiлi ўсiх i сьцiхалi хоры,

Пачуцьцi плылi бязь меж.

I ты быў побач, i con amore

Гучала, як мне, табе ж.

Здаецца, спыніся Ірына на гэтай паэтычнай ноце, у якой няма нічога фальшывага, у якой скрыпкі пяюць, вальс круціць галаву, салавей пранікае ў душу, гучыць боская літургія, — і жадаць больш няма чаго.

Але Ірыне ўпарта хочаца стаць Багдановічам. Хочацца пісаць паўнавартасную грамадзянскую лірыку, весьці за сабой народ, ператварацца ў валькірыю новай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі. Спакуса занадта вялікая. І зьяўляюцца ўжо іншыя вершы. Зусім, я б сказаў, іншыя, не Ірынай напісаныя. Ці — ня гэтай Ірынай.

Вы сёньня здрады кавалi,

Хоць вы маглi сябе ўзьвялiчыць.

Дый прыйдзе час для вас, калi

На суд Гiсторыя паклiча.

Нашчадак вас прымусiць сам

Сказаць, чаму вы прадавалi

Наш край усходнiм гандлярам,

А свой пасад не збудавалi?

Нельга сказаць, што ў гэтых радках ня чуецца музыкі. Чуецца. Але гэта ўжо ня голас скрыпак і не царкоўны арган, а трэск барабанаў, блізкі да ўсіх тых «выкрывальніцкіх» вершаў, што ў 1920-я гады пісалі «р-рэвалюцыйныя» паэты, — прычым не Маякоўскі нават, які-небудзь Безыменскі. Ды яшчэ з тымі самымі паэтычнымі штампамі, з поўнай адсутнасьцю густу і зь перакананасьцю ў тым, што рыфмаваныя радкі застаюцца паэзіяй у любым выпадку. Ці ты ганьбуеш трацкісцка-бухарынскі блёк, ці зусім нават дэпутатаў 1996 году, болей таленавітымі ад таго вершы ня робяцца: палітычнае кляймо — той самы штамп, толькі выпальваецца калёным жалезам. Хаця аўтарка «Сармацкага альбому», будучы выдатным спэцыялістам-філёлягам (магу ісьці ў заклад, бо чытаў яе апошнюю кнігу, прысьвечаную тэндэнцыям рамантызму ў беларускай літаратуры якраз 1920—1930-х г.), мусіла б гэта адчуваць. Але калі грымцяць барабаны і хочацца ў валькірыі, астатнія пачуцьці глухнуць.

На жаль, мабыць, менавіта гэтыя вершы прафэсар Хадыка й лічыць «самымі сармацкімі». Інакш бы ён, як і належыць чалавеку з густам, не заклікаў бы прачытаць гэты невялікі зборнік цалкам, а параіў бы, якія — нешматлікія, падкрэсьлім, — старонкі чытаць ня варта. Гэта было б шчыра.

Зьдзіўляльны сынтэз двух пачаткаў адбываецца тады, калі Ірына піша пра Радзіму, раптам адмаўляючыся ад палітычнай надзённасьці гэтай хвіліны і падпарадкуючыся той самай «культурнай традыцыі», пра якую піша ў прадмове да зборніку мастацтвазнаўца Хадыка. Тады ў вершах усё гарманічна: і скрыпкам і барабанам ёсьць сваё месца, гучыць аркестр.

Так крочым з кляймом тутэйшых

У свой прадапошнi час.

Бяз мовы, з iржавай славай,

Бяз родавых каранёў,

Бяз краю, што стаў дзяржавай,

Вартаю каралёў.

Сармацкая кроў-вядзьмарка

Дарэшты сьцякла ў зямлю.

Краiна былых фальваркаў,

Якую я так люблю,

Пакрыта пажоўклым лiсьцем,

Дзе мы блукаем адны…

Ёсьць і грамадзянскасьць, і паэзія. Бо адчуваецца пэўная розьніца паміж тым, калі гвалцяць уласны талент ці калі кіруюцца ім. У першым выпадку — з гнеўнымі інвэктывамі ў адрас палітычных апанэнтаў — абсалютны гвалт. Прычым гвалт, ад якога Ірына не адчувае ніякай паэтычнай і чалавечай насалоды. І гэта — цалкам заканамерна, бо прафэсія жанчыны, якая адчувае насалоду ад гвалту, — зусім не паэт, і нават не літаратуразнаўца. У другім выпадку — каханьне, пераплеценае з болем, што зноў-такі натуральна.

Якi анёл мяне баронiць

Ад зманлiвай няўдзячнай здрады,

Калi грахоў маiх атрады

Ў шалёны гон уздыбяць коней?

Калi душа мая iрвецца

Зямны ланцуг свой расшчаперыць,

Якi анёл мне цiшыць сэрца

I расчыняе ласкi дзьверы?..

Якi анёл?..

Жанчына заўсёды мае патрэбу ў падтрымцы і абароне, нават калі яна моцная. І ў лепшых вершах «Альбому» жаночы пачатак якраз і адчуваецца.

Зборнік Ірыны Багдановіч (аб’яднаем зноў двух аўтараў «Сармацкага альбому») — бясспрэчна, падзея ў сучаснай паэзіі. Але хочацца ўзяць у рукі нешта вострае, павышкрэбваць з тэксту ўсё тое, што відавочна ня ёсьць натуральным для паэта і жанчыны, і атрымаецца вельмі добрая кніга, якая стане карацей максымум на восем відавочна слабых вершаў. Праўда, тады зборнік абсалютна стане падобным да таго малюнку, які мы бачым на вокладцы — трэснутай і крыху шчарбатай кафлі зь вершнікам-сарматам. Але нічога: нашчадкі скажуць, што вышкрабана якраз тое, што ня вытрымала праверкі часам. Тым больш што атмасфэру эпохі гэтыя шчарбіны якраз і передадуць лепей за ўсё.

Багдановіч Ірына. Сармацкi альбом. — Менск, 2004.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0