Выйшла другая кніга трэцяга тому «Індэксу ахвяраў тэрору». Рэцэнзуе Анатоль Сідарэвіч.

Калі паставіць усе чатыры кнігі Леаніда Маракова побач — відаць, як аўтар паглыбляўся ў тэму, як нарастаў аб’ём матэрыялу, і першапачаткова заплянаваныя тры тамы сталі чатырма ёмістымі кнігамі, хоць і выдадзеныя мізэрным накладам у 50 асобнікаў. Калі ў першых двух тамах выкарыстаныя пераважна энцыкляпэдыі, у трэцім томе аўтар выкарыстаў 52 крыніцы — матэрыялы Нацыянальнага архіву, кнігі і даведнікі, што выйшлі ў Беларусі і Расеі. Падаюцца нават нумары спраў, якія захоўваюцца ў КДБ. У другой кнізе ІІІ тому аўтар удакладніў зьвесткі пра людзей, чые біяграмы зьмешчаныя ў І і ІІ тамах.

У «Імянным паказьніку» пазначаецца, што Л.Маракоў сабраў матэрыялы пра 2731 чалавека. Але аўтар не ўпісаў туды яшчэ імёны 97 чалавек, зьвесткі пра якіх «падвярстаныя» да асноўных біяграм. Часьцей за ўсё Л.Маракоў падаваў зьвесткі пра арыштаваных і высланых бальшавікамі «членаў сем’яў здраднікаў Радзімы». Гэта жонка і дачка З.Жылуновіча, два сыны У.Ігнатоўскага, сястра А.Салагуба, бацька, дзядзька, родны і стрыечны браты М.Улашчыка, гэта жонкі паэта І.Харыка ды наркамаў М.Галадзеда і А.Хацкевіча, браты (адзін рабочы, другі селянін) малапісьменнага акадэміка Антона Платуна, які на пачатку 1929 г. заклікаў стасаваць да інтэлігенцыі «хірургію»… Іх імёны ў паказьніку ня значацца. Мусіць, з тае прычыны, што ўсе яны не былі літаратарамі ды навукоўцамі. На маю думку, гэта памылка.

Нельга абысьці і галоўную памылку. Кніга мае ў загалоўку слова «рэпрэсаваныя». Але трэба адрозьніваць рэпрэсаваных і ахвяраў тэрору. Аляксандар Прушынскі (Алесь Гарун), які друкаваў за царом улёткі з заклікам да гвалтоўнага зьвяржэньня дзяржаўнага ладу, быў рэпрэсаваны: г.зн. дзяржава ўжыла прадугледжаную законам санкцыю ў дачыненьні да таго, хто гэты закон парушаў сам і заклікаў іншых рабіць тое ж. Інакш кажучы, А.Прушынскі чыніў прэсію на ўрад ды іншыя органы ўлады Расеі — яны ўжылі да яго рэпрэсію (стрымалі яго ў дзеяньнях). Большасьць пакараных сьмерцю, сасланых і высланых за царскім часам — рэпрэсаваныя.

Іншая рэч савецкі час. Напрыклад, паэт Валеры Маракоў супроць савецкага ўраду не выступаў, але яго запалохвалі (тэрарызавалі) задоўга да ягонае сьмерці за яго лірычныя вершы, пазбаўленыя палітычнага зьместу. Яго «прабіралі» ў друку і на сходах, не даючы яму і ягоным прыхільнікам выступіць са словам у адказ. Маральна-псыхалягічны тэрор узмацняўся тым, што ў краіне была створана атмасфэра жаху — адбываліся беспадстаўныя арышты соцень людзей, у тым ліку калег В.Маракова. Мераю запалохваньня быў таксама трохмесячны арышт. Урэшце паэт — які не належаў да нелегальнае арганізацыі, ня вёў вуснай антыдзяржаўнай прапаганды, ня клеіў антысавецкіх улётак — быў арыштаваны другі раз і пасьля катаваньняў расстраляны на падставе неправамернага прысуду, што прызнана судовай інстанцыяй тае самае дзяржавы, якая асудзіла яго на сьмерць.

Гэтых прыкладаў дастаткова, каб паказаць адрозьненьне паміж рэпрэсаваным і ахвяраю дзяржаўнага тэрору, тэрарызаваным.

Дарэчы, слова «рэпрэсаваны» ў артыкуле пра В.Маракова ў «Беларускай энцыкляпэдыі» зьяўляецца палітычным эўфэмізмам слоў «ахвяра дзяржаўнага тэрору». Эўфэмізмамі зьяўляюцца і такія вынаходкі, як «беспадстаўныя рэпрэсіі» ды «незаконныя рэпрэсіі», што скрозь трапляюцца ў літаратуры.

Леанід Маракоў дарэмна спалучыў рэпрэсіі царскага часу з бальшавіцкім тэрорам: розныя рэжымы ды судовыя сыстэмы. Тое ж можна сказаць і пра спробу спалучэньня ў адной працы тэрору савецкага і польскага. Палітыка тэрору ў Заходняй Беларусі вымагае адмысловага дасьледаваньня, але трэба агаварыцца: дзейнасьць беларускіх антыдзяржаўных арганізацый, у тым ліку КПЗБ, мае маральнае і палітычнае апраўданьне, бо Польшча была дзяржаваю-акупантам, якая парушыла практычна ўсе абавязацельствы, узятыя ёю паводле або Вэрсальскага і Рыскага трактатаў у дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў.

Арыгінальнасьці працы Л.Маракова надае матэрыял, што тычыць савецкага пэрыяду. На падставе даступных крыніц аўтар паказвае дынаміку бальшавіцкага тэрору 1917—1955 г. у СССР, ілюструючы яго графікамі. Аўтар вылучае пяць хваляў лютага тэрору ў Беларусі (1929—1930, 1932—1933, 1937—1938, 1939—1940 і 1944—1945). Шкада, што ён ня выкарыстаў украінскіх дасьледаваньняў, бо не пісаў бы, што другая, чацьвёртая і пятая хвалі — «чыста беларуская зьява»: нешта падобнае адбывалася і ў паўднёвых суседзяў. Але аўтар мае рацыю, калі зазначае, што гэтых хваляў ня зьведала Расея. Адметна, што ў пэрыяд нэпу і «беларусізацыі» (1923—1929) у БССР — а гэта трохі больш за палову цяперашняй Беларусі — «арыштоўвалася прыблізна столькі ж — а то і больш — людзей, чым у бязьмежнай Расеі», што жыхар БССР «меў шанц быць рэпрэсаваным у 20 разоў большы, чым жыхар Расеі». Калі б дадаць да гэтага ўкраінскія лічбы, дык высьветлілася б імпэрская сутнасьць бальшавіцкага рэжыму, які праводзіў палітыку здушэньня беларусаў і ўкраінцаў больш жорсткімі мэтадамі, чым царызм.

Даючы зьвесткі пра нацыянальную прыналежнасьць ахвяр тэрору, Л.Маракоў не паказвае, што да палякаў адносілі і частку беларусаў-каталікоў. Таму пададзеная лічба (64% ахвяр тэрору ў БССР — беларусы), на маю думку, заніжаная. Адпаведна перабольшаны адсотак палякаў (23%), хоць яны знаходзіліся пад асабліваю апекаю «органаў», а абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Польшчы было тады банальнаю зьяваю. Як і ў Польшчы — абвінавачаньне беларусаў у дзейнасьці на карысьць СССР. Дарэчы, пра заходніх беларусаў. На жаль, у гэтай працы ня выведзена статыстыка тэрору ў рэгіёнах Беларусі, але можна сказаць, што немалую лічбу сярод яго ахвяр у 1921—1939 г., асабліва ў 1932—1938 г., склалі выхадцы з Заходняй Беларусі. І гаворка ня толькі пра людзей накшталт Ігната Дварчаніна ці Сымона Рак-Міхайлоўскага.

Мяне даўно цікавіў лёс вучня Віленскае беларускае гімназіі Кузьмы Янэля. У сярэдзіне жніўня 1924 г. гімназісты Янэль і Л.Бабровіч (у даведніку маецца артыкул пра Лявона Бабровіча) без тлумачэньняў былі схопленыя паліцыяй і жорстка зьбітыя. У выніку катаваньняў Янэль аглух на левае вуха. Так паведамляла «Сялянская праўда» 12 кастрычніка 1924 г. У траўні 1925 г. Антон Луцкевіч цытаваў у «Беларускай долі» прамову Янэля на пахаваньні Аляксандра Загорскага — вучня Польскае гімназіі імя Лялевеля, забітага падчас трагічных падзей у гэтай установе. Польскія шавіністы не далі Янэлю скончыць прамовы…

Сьлед гэтага чалавека я знайшоў у газэце «Зьвязда» за 28 лістапада 1930 г., дзе ён апублікаваў артыкул «Супроць нацыянал-дэмакратычнай ідэалёгіі ў пытаньнях дзяржавы». У артыкуле выхаванец ВБГ граміў Рыгора Парэчына (яго біяграма ў даведніку маецца) за артыкул «Ідэі беларускай дзяржаўнасьці перад утварэньнем Савецкай Беларусі». І вось цяпер з працы Л.Маракова я ведаю: К.Янэля былыя таварышы па партыі расстралялі ў траўні 1934 г. — на некалькі дзён пазьней за А.Салагуба, выхаванца ВБГ.

Невядомы застаецца лёс гімназіста Юркі Тарасюка, завадатара слыннага страйку ў ВБГ у лютым 1929 г. Забастоўшчыкаў падбухторвалі камуністы, абяцаючы ім працяг вучобы ў БССР. І Тарасюк апынуўся ў Саўдэпіі. 18 сакавіка 1933 г. ён надрукаваў у «Зьвязьдзе» артыкул «У абручох крывавых фашысцкіх дэкрэтаў». Ці не напаткаў яго лёс К.Янэля і А.Салагуба?

Асобная гісторыя людзей зь вёскі Старыцы (сёньня ў Капыльскім раёне), якая дала цэлую групу пэдагогаў: Аляксандра Аніхоўскага, Адама Міхайлавага Бабарэку, Пятра Бабарэку, Сымона Кандыбовіча, Алеся Каўпака, Мікалая Мамчыца. Зь імі таварышаваў Іван (Янка) Зянюк з суседніх Русакоў. Усе яны сталі актыўнымі дзеячамі беларускага руху, потым — фігурантамі розных «спраў»… І калі пра Аніхоўскага, П.Бабарэку, Кандыбовіча, Мамчыца артыкулы ў даведніку маюцца, то пра астатніх мы ведаем што-колечы з кнігі «Слуцкі збройны чын…» і скупых успамінаў Мікалая Ўлашчыка ды Антона Адамовіча.

Ва ўспамінах М.Улашчыка, Ант.Адамовіча ды Яўхіма і Вітаўта Кіпеляў сустракаем цэлы шэраг імёнаў, што праходзілі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Біяграмы Адама Міцкевіча, Канстанціна Ламакі, Ігната Савіча ды Івана Юрашкевіча дзякуючы Л.Маракову мы ведаем, але Альбіцкі з Наркамзему, Юзік Бараноўскі, Валерак Валога, Алесь Дарашэвіч, Зьміцер Дунько, Уладзімер Зяньковіч, Кацярыніч, Корань, Маркевіч, Мурашка, Саляніковіч, Я.Сасіновіч (быў пры У.Жылку да апошняе хвіліны, захаваў і прывёз Я.Кіпелю ягоны «Тэстамэнт»), Кандрат Сяледчык і П.Тараймовіч застаюцца людзьмі амаль невядомымі…

Чытаючы ў Л.Маракова пра Рыгора Бярозкіна, не магу не падказаць яму імя паэта Кастуся Шавеля — крытык зь ім сябраваў. Вывучаючы спадчыну А.Луцкевіча, я б хацеў пачытаць біяграмы А.Цукермана, які на пачатку 1929 г. увёў тэрмін «беларускі нацыянал-фашызм», былога сіяніста-сацыяліста Мар’ясіна і яго таварышаў Ерухімовіча ды Шапіры, якія ў верасьні 1929 г. на сходзе менскага гарадзкога партактыву так грамілі «нацдэмаў», што Луцкевіч адзначыў іх прамовы ў Вільні. Ці біяграму дацэнта БДУ Славіна, які ў маскоўскім друку нападаў на кадравую палітыку ў БССР, а разам з экс-«абласьніком» дацэнтам Гольманам атакаваў рэктара БДУ У.Пічэту. Я ўпэўнены, што іх жыцьцёвы шлях абарваўся ў 1930-х.

Але гэта пажаданьні, а не прэтэнзіі да аўтара даведніка. Прэтэнзіі можна было б прад’яўляць, калі б у сп.Маракова быў штат супрацоўнікаў, як у якім акадэмічным інстытуце ці дзяржвыдавецтве. У нэабальшавіцкай Беларусі няма ўстановы кшталту польскага Інстытуту нацыянальнае памяці, і яго функцыі пераймаюць прыватныя асобы, якія ўскладаюць на сябе абавязкі і шукальнікаў інфармацыі, і аўтараў, і рэдактараў, і наборшчыкаў… І таму іх можна назваць падзьвіжнікамі, а іхнюю патрэбную нацыі працу — подзьвігам.

Леанід Маракоў. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі: 1794–1991: Энцыкляпэдычны даведнік: У 3 т. — Менск, 2002—2005.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0