Той, хто чакае ветру

Кастрычніцкая прапорцыя

Восеньскае гра-

фіці:

жоўты – fifty

чырвоны – fifty.

Лісьця кан-

фэці.

Thirty,

thirty,

thirty…

* * *

той, хто чакае дажджу,

не пакрыўдзіць яго парасонам,

не схаваецца ў хату як далей,

ў пераход ці засцаны пад’езд.

той, хто чакае сонца,

не начэпіць на нос акуляраў,

не абмажацца брыдкім крэмам,

і ў салярый ня ступіць нагой.

той, хто чакае ночы,

не уключыць сьвятла ў пакоі,

не прыпыніцца пад ліхтарняй,

ці ў мігценьні рэклямнай лухты.

той, хто чакае ветру,

да яго ніколі ня сходзіць,

не зьняволіць яго у ветразь

і у млын, як каня, не ўпражэ.

той, хто чакае свой час,

не спытае: «калі ўжо нарэшце?»

не адкажа, што доўга зьбірацца

і няма дзе пакінуць ключы.

* * *

Я зьбягу ад вялікага гораду,

ад свайго невымоўнага болю.

Ня бярогся я восені змоладу —

гэта пекла ў тры жоўтыя колы.

Я зьбягу, далібог, як найдалей,

ніцма лягу з разьбегу ў траву.

Стану цененькай радыёхваляй

і далей ад этэру зьбягу.

Закручуся, як вожык, у лісьце

і прасплю у кубле да вясны.

Пэўна, гэта найлепшае выйсьце.

Вось цікава, ці сьніць вожык сны?..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0