Кіраўнік Нацыянальнага аркестру адказвае на пытаньні карэспандэнта «НН».

Кіраўнік Нацыянальнага аркестру пагадзіўся на гутарку пры ўмове: калі «НН» прынясе прабачэньні за матэрыял «Ня ўсё так добра ў аркестры Фінберга» («НН», №36). «Надта мяне закранулі нават адным загалоўкам», — сказаў дырыжор. Мы дамовіліся сустрэцца ў нядзелю — кіраўнік ансамблю працуе сем дзён у тыдзень.

Мы — найлепшыя

«НН»: Як маецца аркестар?

МФ: Працуем у двух кірунках: эстрадная/джазавая і акадэмічная музыка, ладзім фэстывалі ў гарадах. Ужо адзінаццаты раз правядзём фэстываль у Нясьвіжы, шосты — у Заслаўі, Тураве, Стоўпцах, па традыцыі, у Маладэчне і Віцебску. Усяго аркестрам — у лютым нам спаўняецца 20 год — было арганізавана 62 фэстывалі, на якіх стараемся спалучаць мастацтва і навуку — у рамках фэстываляў праводзяцца навукова-практычныя канфэрэнцыі. Наш аркестар — найлепшы ў краіне. Пра гэта сьведчыць і самае высокае званьне, якое можа атрымаць творчы калектыў. У жніўні нам надалі статус «нацыянальны».

«НН»: Якое месца ў вашых праграмах займае беларуская музыка?

МФ: На 90% гэта беларускія творы. Мы стварылі цыкль аўтарскіх праграм на вершы Міцкевіча, Багдановіча, Коласа, Купалы, Караткевіча, сучасных паэтаў. Амаль нікога, хто напісаў варты верш, не забылі. У лютым усё падсумуем у праграме «Анталёгія».

Джаз запатрабаваны больш, чым Купала

«НН»: Вы не сказалі пра джазавы фэстываль.

МФ: Мы даём магчымасьць паслухаць джаз усім цікаўным, бо ладзім фэст пры дзяржаўнай падтрымцы. Таму і квіткі ідуць па нізкіх цэнах. 15 000 руб. — нармальная цана для канцэрту, які задавальняе ўсіх. Гэта хуліганства, калі прыяжджаюць нейкія артысты, працуюць пад фанаграму і бяруць з гледачоў куды большыя грошы. Мы заўсёды граем ужывую.

«НН»: У якіх адносінах вы знаходзіцеся з Прэзыдэнцкім аркестрам? Ці не замінаеце адзін аднаму?

МФ: У нашай краіне 28 аркестраў, і кожны займае сваю нішу. Прэзыдэнцкі аркестар запатрабаваны ў цырыманіяле, пратакольных справах. Мы ж езьдзім па краіне, выступаем па-за межамі, найперш у Маскве.

«НН»: Але Прэзыдэнцкі аркестар таксама гастралюе па краіне. Як вы ставіцеся да ідэі зьліцьця гэтых двух калектываў?

МФ: Няхай будзе нават 100 аркестраў, галоўнае, каб яны былі прафэсійныя і запатрабаваныя. Прэзыдэнцкі і наш аркестар ня могуць злучыцца, бо, калі ёсьць пэўны набор і колькасьць інструмэнтаў, удвая болей іх быць ня можа.

«НН»: Ці існуе праблема недахопу музычных кадраў для аркестру зь Беларусі?

МФ: Аркестар на 99% складаецца з музыкаў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю ў Беларускай акадэміі музыкі. Узровень нашай музычнай адукацыі вельмі высокі.

«НН»: Зь якім цяжкасьцямі сутыкаецеся?

МФ: Усе творчыя праблемы мы ліквідуем на рэпэтыцыях. Непакоіць тое, што цяжка сабраць поўную залю. Калі на джаз-фэстываль квіткі распаўсюджваюцца за два дні, то на канцэрт, прысьвечаны Купалу, куды марудней.

«НН»: Чаму так?

МФ: Вінаватыя не выканаўцы, вінаватыя слухачы. Кожны чалавек мусіць займацца самавыхаваньнем, цікавіцца культурай, паэзіяй. Кажуць, што не стае беларускай музыкі. Калі ласка, на нашых канцэртах яе ўдосталь. Трэба любіць сваё нацыянальнае, бачыць пазытыў. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для творчага выяўленьня. Некаторыя артысты выбіраюць самы лёгкі шлях: зробяць адну песеньку і танчаць пад яе на трох тэлеканалах. Глыбокі і зьмястоўны твор зрабіць куды цяжэй. Трэба зацікавіць маладых і вярнуць іх з начных клюбаў у канцэртную залю. Бо акрамя музыкі танцавальнай, ёсьць музыка сур’ёзная, да якой трэба цягнуцца. Бывае няёмка і сорамна, калі ў студэнцкай аўдыторыі пытаюся пра беларускую музыку, а ў адказ — цішыня.

Выканаўцаў шмат, выніку ніякага

«НН»: Гадоў восем таму Вы прарочылі «Палацу» славу «Песьняроў». Ці спраўдзіліся чаканьні?

МФ: Я быў адзін зь першых, хто заўважыў гурт і запрасіў яго на фэстываль у Маладэчне. «Палац» сапраўды тады гучна заявіў пра сябе. Але, каб замацавацца, трэба болей канцэртаваць, рабіць новыя праграмы і заўсёды імкнуцца наперад. Ужо некалькі год я нічога ня чуў пра гэтую групу.

«НН»: Якое Ваша стаўленьне да таго, што музыканты фактычна падзелены на два лягеры?

МФ: Ведаю адно: музыканты ёсьць прафэсійныя і непрафэсійныя. Той, хто хоча, працуе: у нас ёсьць філярмонія, іншыя канцэртныя арганізацыі. Ні пра якія падзелы я нічога ня ведаю, ніякіх сьпісаў ня бачыў.

«НН»: Каго ж Вы цяпер вылучылі б на сучаснай беларускай сцэне?

МФ: Выканаўцаў шмат — выніку ніякага. Дзе іх праграмы? Нельга ж бегаць з адной і той жа песьняй па ўсіх радыёстанцыях і тэлеканалах. Я запрашаў у Маладэчна і поп-, і рок-артыстаў, і наступны раз яны прыходзілі з тым жа матэрыялам, што і ў першы. Цяпер мне цяжка назваць нейкага выдатнага артыста, усе яны — аднолькавыя. Зараз не хапае Асобы.

«НН»: Няўжо загад аб 75% ня выратаваў?

МФ: Гэты загад даў магчымасьць беларускім музыкам больш плённа працаваць. Чым болей будзе гучаць беларускай музыкі, тым болей шанцаў, што зьявяцца вартыя ўвагі. Але недастаткова некалькі разоў прагучаць на FM-станцыі. Гэта музыкант аднаго дня ці аднаго году. На болей часу яго не хапае. Таму большасьць такіх музыкантаў зьнікае — ім няма чаго сказаць публіцы. Сёньняшнім поп-сьпевакам і сьпявачкам не стае музычных ведаў. Абавязкова трэба мець адукацыю. Бязь ведаў ня створыш нават поп-твор.

«НН»: Дык якой павінна быць якасная беларуская папулярная песьня?

МФ: Магу прывесьці ў прыклад творы ў выкананьні Pri- ma Vera і Натальлі Тамелы, якія я ўзяў у рэпэртуар аркестру, бо яны адпавядаюць усім патрабаваньням. Маюць глыбокі тэкст, гармонію (абавязковыя музычныя знаходкі), правільную канструкцыю і чыстае інтанаваньне.

Размаўляў Сяргей Будкін

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру