Зоркавы час маладых знаўцаў шахаў і матаў зь Беларусі прыпаў на 2003 год — Сяргей Азараў стаў віцэ-чэмпіёнам сьвету да 20 гадоў, Сяргей Жыгалка — чэмпіёнам сьвету і Эўропы да 14 гадоў.

Сёлета новая генэрацыя айчынных шахматыстаў выступіла «на Эўропе» зь меншым посьпехам — мэдалёў з Чарнагорыі не прывёз ніхто. 10-гадовая Наста Зязюлькіна апынулася на пачэсным 5-м месцы, ейная пагодка Наташа Кусянкова была 7-й. Прысутныя дзівіліся з таго, што гэтая вучаніца бабруйскага трэнэра Віктара Заўгародняга ўмее захоўваць спакой у любых пазыцыях. Крыху расчаравалі старэйшыя хлопцы і дзяўчаты. Некаторыя зь іх загрузьлі ў ніжняй частцы турнірнай табліцы, што зь беларусамі наагул здараецца рэдка. Новапаўсталая зорка з Баранавіч, 11-гадовы Давід Хачыкян, узяў 4,5 ачка зь дзевяці — што праўда, змагаючыся ў групе да 14 год.

Сярод «дарослых» спаборніцтваў апошняга часу важнае месца займаюць беларуска-расейскі кубак у менскай СДЮШАР-11, бліскуча выйграны Юр’ем Ціханавым, клюбны чэмпіянат Эўропы ў італьянскім курортным мястэчку Сан-Вінсэнтэ, на якім знакамітая «Вясьнянка» ў складзе Сяргея Азарава, Андрэя і Сяргея Жыгалак, Яўгена Мачалава, Міхаіла Гінзбурга і Ўладзімера Куцанкова заняла 17 месца з 48-мі. Усё-такі яно даволі сьціплае ў параўнаньні зь леташняй «дзясяткай».

Увосень віцэ-чэмпіён Беларусі Юры Ціханаў заваяваў апошні гросмайстарскі бал, чэмпіён Менску Мікола Аляўдзін чарговы раз выканаў майстарскую норму. Аднак правілы, паводле якіх зацьвярджаюцца міжнародныя званьні, прадугледжваюць наяўнасьць пэўнага рэйтынгу: сп.Ціханаў яго мае, сп.Аляўдзін — пакуль не. На клюбным чэмпіянаце крокі да новага статусу зрабілі і браты Жыгалкі, і аматар бліцу Куцанкоў. Усё больш беларускіх гульцоў назапашваюць балы майстроў ды гросмайстраў. Тэндэнцыя ня можа ня цешыць — абы колькасьць перарастала ў якасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0