Аляксандар Лукашэнка на мінулым тыдні прымаў міністра замежных справаў Вэнэсуэлы, бо марыць пра сустрэчу з прэзыдэнтам Чавэсам, пастаўшчыком таннае нафты на Кубу. Рэпартаж спэцкара «НН» Лёліка Ушкіна з Вэнэсуэлы, новай саюзьніцы Беларусі па антыамэрыканскім альянсе.

Яшчэ на Кубе мне ўсе вушы пракампасьціравалі рэвалюцыяй у Вэнэсуэле. На кожным кроку — плякат з выявай тандэму Фідэля і Чавэса. Ходзіць нават анэкдот, што Уга і Фідэль — палюбоўнікі. Адпраўляючыся ў Каракас, ужо несьвядома рыхтуесься да кубінскіх міязмаў сацыялізму, накшталт дэфіцыту макароны.

«Гілтан» — пляцдарм рэвалюцыі

Прыляцелі: звычайны аэрапорт, звычайны горад, які архітэктурна нагадвае праспэкт Машэрава, мора сучасных аўто, на кожным кроку «Макдоналдс», «Кентукі Чыкен», «Філіпс», «Адыдас»… Ёсьць і так званы «індзейскі рынак», аднак там такія цэны, што можна падумаць, быццам той амулет насіў сам Вялікі Інка. Зразумела, тут атаварваюцца выключна замежнікі. Абарыгены спажываюць тыя ж рэчы, што і беларусы: голяцца «Жылетам», шпігуюць дзяцей «Чупа-чупсам» і носяць ліпавы «Лівайс». Цэны прыблізны тыя ж. З адзінай розьніцай: каб набыць усё гэта, вэнэсуэльцам ня трэба цягнуцца на Ждановічы. Увесь горад — вялікія Ждановічы. Уздоўж галоўных авэню кілямэтрамі цягнуцца яткі, зь якіх прадаецца шырспажыў (для даведкі — палова насельніцтва працуе ў нефармальным сэктары).

Адзіным пляцдармам рэвалюцыі ў краіне дзікага капіталізму падаўся пяцізоркавы гатэль «Гілтан». У яго канфэрэнц-залі ўвесь час адбываюцца зборы рэвалюцыянэраў — за адзін тыдзень пад гілтанаўскім дахам пасьпелі сабрацца на сусьветны кангрэс антыімпэрыялісты, сябры чавэсаўскай партыі «Бацькаўшчына для ўсіх» і, нарэшце, кубінскія дактары, якіх Чавэс імпартуе з Кубы ў абмен на нафту.

Усход ёсьць Усход

Каракас — вялікі і доўгі катляван. На дне ямы — буйны сучасны горад з хмарачосамі, мадэрновым мэтрапалітэнам, разь- вітай інфраструктарай. Вакол чырвоныя схілы гор. Чырвоныя, бо тут такі колер гліны, зь якой мясцовыя жыхары лепяць мазанкі. Халуп так шмат, што яны фармуюць цэлую ўрбаністычную масу. Яе так і называюць — «Зона Роха» («Чырвоная зона»), або Барыёс.

Барыёс — краіна ў краіне. Там няма вады, сьвятла, туды ня ходзіць паліцыя — можна сканаць, пакуль падымесься па кілямэтровай сьцежцы-лесьвіцы. Улада кантралюецца вулічнымі гангамі, таму візыт турыстаў туды непажаданы.

І гарэлка з агавы

Другі полюс вэнэсуэльскай мэтраполіі — багатыя раёны накшталт Мірамара і Мэрсэдэс, якія знаходзяцца на Ўсходзе — гэта таксама ўстойлівая назва. Усход — не манатонны на фарбы. Усімі колерамі вясёлкі зіхцяць вітрыны рэстаранаў, шыкоўных клюбаў, казіно, найбуйнейшых у сьвеце дыскатэк. На Ўсходзе раскашуе старая эліта — крэолы і тыя, хто падняўся ў час «сэ барато дагмі до» («гэта танна, давайце два»). Паводле гэтых словаў распазнавалі вэнэсуэльцаў, якія падняліся на нафтавым буме 1970-х. Знаёмы калюмбіец, які гарбаціцца ды-джеем, клянецца, што нават «обліка марале» на Ўсходзе іншыя. Гэта на Захадзе можна зьняць дзеўку за бутэльку гарэлкі (яе тут робяць з агавы). На Ўсходзе — усё па каханьні: яна сама пойдзе да цябе, праўда, пасьля таго, як ты пачастуеш яе какаінам.

Пяцьдзясят забойстваў штодзень

«Гэта не Гавана. Удзень хадзіце зь сябрамі, а пазьней за сёмую перамяшчайцеся выключна на таксі», — параілі ў гатэлі.

Каракас — адзін з самых крымінальных гарадоў у сьвеце. Кожны тыдзень на яго праспэктах забіваюць 50 небарак. Нават на дэманстрацыі тут ходзяць са зброяй. Путч 11 красавіка 2002 г. пачаўся з таго, што паліцыя нечакана пальнула па маніфэстантах. «Ах так?!» — сказалі дэманстранты, дасталі аўтаматы і пачалі страляць у адказ. Якраз у тыя гарачыя дні Чавэс для барацьбы з контрай раздаў народу зброю. Раздаць раздаў, забраць забыў.

Таму захады бясьпекі напружваюць. Падчас пасадкі ў міжгародні аўтобус кожнага пасажыра здымаюць на камэру і бяруць пашпартныя зьвесткі. Перад тым як увайсьці ў краму, трэба некалькі сэкундаў пазаваць у відэакамэру, каб прадавец зразумеў, што ты не налётчык, і адчыніў дзьверы. Нават фатаграфавацца на вуліцы не рэкамэндуецца. У шыкоўным Мірамары толькі выцягнулі камэру, як адразу мінакі, ківаючы ў наш бок, пачалі круціць пальцамі ля скроні. Мы іх ігнаравалі, бо былі ўпэўненыя, што нас, былых саўкоў, якія выжылі ў 1990-я, так проста ня возьмеш. І дарма. На цэнтральным пераходзе ў мэтро да знаёмага падбег ляцароні, прыціснуў да турнікету і зьдзёр з рукі гадзіньнік. Які прафэсіянал! Увесь гоп-стоп заняў тры сэкунды.

Цікава, што ў іхнім крымінале абсалютна адсутнічае нейкая дыялектыка. У Барыёс, як у той казцы пра бычка: не пасьпелі першыя перабіць другіх, як прыйшлі трэція і замачылі ўсіх, а там і чацьвертыя падцягнуліся.

Галоўны сувэнір краіны

Пабываўшы ў Вэнэсуэле, зразумеў, чаму іншаземцам так падабаецца Лукашэнка. Клясна прыяжджаць за мяжу і прыколвацца зь яе экзатычнага лідэра. За тыдзень знаходжаньня ў Каракасе мы амаль закахаліся ўва Уга. Яго штодзённыя дзьвюх-трохгадзінныя выступы па ТБ сталі для нас калыханкамі. Чавэс выступае бурна, і, на радасьць турыстам, час ад часу яго заносіць. Напрыклад, неяк у жывым этэры ён звальняў мэнэджмэнт нафтавай кампаніі PDVSA. Абвяшчаў імя, гудзеў у сьвісток і выносіў вэрдыкт: «Гансалес (сьвісток) — звольнены. Пэдроса (сьвісток) — звольнены».

На апошні дзень візыту галоўны баліварац чамусьці замоўк. Зрабілася сумна. У пошуках прыгод мы накіраваліся ў «Гілтан». І раптам у атачэньні ахоўнікаў зьявіўся Ён. Мы кінуліся па аўтографы, аднак першай пасьпела нейкае дзяўчо. Прэзыдэнт прыпыніўся, пачаў уважліва яе слухаць, па-бацькоўску абняўшы рукой. Парачку адразу атачылі журналісты, застракаталі фотаапараты. Выслухаўшы скаргу сэньярыты, прэзыдэнт нешта паабяцаў. Усе вакол зашушукаліся: хто такая, аб чым гаворка? Стала вядома, што яна прыехала з далёкага-далёкага штату, каб знайсьці ўправу на якогась чыноўніка. Усе былі спакойныя за «хадака»: натуральна, прэзыдэнт навядзе парадак. Падчас сваёй праграмы «Алё, прэзыдэнт» тым, хто дазваніўся і добра паплакаўся, ён нават кватэры ў жывым этэры раздаваў. Вось такі ён, Чавэс!

Проці Чавэса пад чырвоным сьцягам

Мясцовы аналяг «Зубра» або «Фронту» зьяўляецца групоўка «Бандэра роха» («Чырвоны сьцяг»). Іх графіці — сэрп, молат і слоган «Даеш сацыялізм!» — упрыгожваюць сьцены шматлікіх будынкаў. Каб зразумець гэты дзіўны фэномэн, трэба прыгадаць, што прыход Чавэса азначаў крах усёй партыйнай сыстэмы. Таму сёньня ў апазыцыі можна сустрэць і былога левака-герыльера, і хрысьціянскага дэмакрата, на якога той самы партызан калісь рыхтаваў замах.

Здаецца, іх крытыка Чавэса слушная: у краіне няма дыскусіі па грамадзкіх пытаньнях, усё вырашае Уга, у якога ў галаве бог ведае што. Напрыклад, ён упарта праводзіць антыамэрыканскую замежную палітыку, а таму дапамагае Кубе. Калі прадаць нафту, якая ідзе на падтрымку Кастра, можна было б павысіць сацыялку. Апазыцыя спрабуе данесьці да народу гэтую крытыку, тым больш што ў краіне поўная свабода слова. Чавэсавы апанэнты трымаюць тры з чатырох вядучых газэт, тое ж на тэлевізіі. Аднак усе намаганьні адмарозкаў заканчваюцца фіяска.

На сьнежаньскіх выбарах у парлямэнт партыя Чавэса пераможа без усялякага адмінрэсурсу і датэрміновага галасаваньня. Сакрэт просты: Уга рэальнымі сацыяльнымі праграмамі інтэграваў у палітыку індзейцаў і жыхароў Барыёс. Для апошніх рэальная магчымасьць задарма вучыцца ў т.зв. «Баліварскім унівэрсытэце» або за так падлячыць хранічны бранхіт у «Місіі Сукрэ» — большы аргумэнт, чым усе апазыцыйныя забабоны пра балянс галін улады. Таму пакуль што мае рацыю мясцовы Шандаровіч, аўтар фэльетону «Парады, як не рабіць апазыцыю Чавэсу». Галоўная парада — «Спытайце ў Чавэса».

Вяртаньне ў маленства

Мы напрасіліся наведаць «Місію Сукрэ» ў адным з кварталаў Барыёс. Зранку доўга трэсьліся ў мэтро, покуль ня выйшлі на чарговай Камароўцы. Прабраўшыся праз хеўру камэрсантаў, апынуліся ў дэпрэсіўным квартале: чырвоныя будкі, нядобрыя позіркі, на слупах гронкі правадоў, з дапамогай якіх абарыгены крадуць сьвятло. Амаль на кальцавой — сьвежапабудаваны комплекс будынкаў: гэта і ёсьць «Місія Сукрэ». На яе тэрыторыі знаходзяцца шпіталь, два каапэратывы, крама танных прадуктаў — яшчэ адна праграма ўраду. У пэрспэктыве плянуецца пабудаваць кампутарны цэнтар і стадыён. Грошы на будаўніцтва ласкава дае PDVSA. Дзяржава дапамагае каапэратывам, выдаўшы ім беспрацэнтны крэдыт на пяць гадоў. Уражаньне ад візыту дзіўнае. Калі ўсе іншаземцы — партугальцы, немцы і гішпанцы, людзі левых поглядаў, — у захапленьні ад убачанага, то ў мяне ўзьнікла непрыемнае дэжа-вю. Візыт нагадаў прымусовыя экскурсіі на фабрыкі падчас піянэрскага дзяцінства. Мы, як бараны, хадзілі па цэхах і намагаліся хутчэй зваліць у кіно. Украінец, які быў са мною, сказаў, што мая рэакцыя — вынік адсутнасьці ў Беларусі структурных рэформаў. Калі б нейкі ўкраінскі палітык запусьціў такога кшталту праект недзе ў кіеўскай Баршчагоўцы, яго на руках насілі б. Магчыма. Аднак ці будуць сёньняшнія наведвальнікі «Місіі Сукрэ» галасаваць за Чавэса пасьля таго, як атрымаюць адукацыю? Ня пэўны.

Каракас—Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0