Раньні Цецярэўскі

25 кастрычніка ў Полацкім цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур адкрылася выстава патрыярха фатасправы Эрнста Цецярэўскага. На вэрнісаж сабралася багата людзей. Фотамастак выставіў раньнія працы — краявіды гораду й калекцыю фотапартрэтаў вядомых людзей — барда Сержука Сокалава-Воюша, экс-дэпутата Валера Шчукіна, мастака Аляксандра Канавалава.

Васіль Кроква, Полацак

Mаленькі герой

Трэцяклясьнік Красьненскай сярэдняй школы, што на Карэліччыне, выратаваў з агню двух маленькіх дзетак. Калі пачаўся пажар, бацькоў у хаце не было, і дзяўчынкі-дашкольніцы апынуліся зь бядой сам-насам. На шчасьце, пажар заўважыў суседзкі хлопчык, які адразу кінуўся ў ахоплены полымем дом і вывеў адтуль перапалоханых сясьцёр. Прадстаўнікі МНС узнагародзілі героя каштоўным падарункам. А калгасны прафкам падарыў хлопцу новую куртку, бо ягоная згарэла ў юнага ратавальніка на плячах. Завуць героя Аляксандар Ложачнік. Болей бы такіх Аляксандраў!

СП, Карэлічы

Па Лукашэнкавых мясьцінах

Адна зь фірмаў Воршы пачала ажыцьцяўляць падарожжы па маршруце Ворша—Ляўкі—Копысь—Александрыя. Спачатку турысты накіроўваюцца ў музэй Купалы ў Ляўках. Экспазыцыю музэю, відаць, не мянялі з часу яго адкрыцьця, хіба за апошні час добраўпарадкавалі тэрыторыю Купалавага лецішча. Наступны пункт падарожжа — пасёлак Копысь — найстарэйшае паселішча Аршаншчыны і, згодна з энцыкляпэдыямі, месца нараджэньня першага прэзыдэнта РБ. За гадзіну экскурсанты наведаюць т.зв. Пятроўскі вал — умацаваньне часоў Паўночнай вайны. Пакажуць гасьцям цэнтральную вуліцу мястэчка, на добраўпарадкаваньне якога ў 2003 г. было выдаткавана 8 млрд рублёў. Аднак за прыгожай абгорткай не відаць галоўнай праблемы мястэчка — беспрацоўя. Адзінае значнае прадпрыемства тут — керамічны цэх, дзе робяць з прывазной гліны зграбныя гаршкі ды вазы. Высокай якасьці мясцовая гліна даўно не здабываецца, бо шмат каштуе яе перапрацоўка. А некалі вырабы копыскіх кафляроў былі вядомыя далёка за межамі Беларусі. У адной з заляў Эрмітажу й сёньня можна ўбачыць вялізную прыгожую кафлю «Тайная вячэра», зробленую ў Копысі ў XIX ст.

Пасьля Копысі турысты накіроўваюцца на другі бераг Дняпра — там ужо Шклоўскі раён Магілёўскай вобласьці. Сёлета ў ліпені Аляксандар Лукашэнка наведаў малую радзіму й загадаў пабудаваць тут стацыянарны мост (пантонны працуе шэсьць месяцаў у год). Для пабудовы нават прыйдзецца зьнесьці тры дамы.

У вёсцы Александрыя, адкуль пайшоў у вялікі сьвет будучы прэзыдэнт, пакажуць школу, дзе ён вучыўся, ды месца, дзе стаяла матчына хата. Час знаходжаньня ў вёсцы абмежаваны 15 хвілінамі. Мабыць, для таго, каб цікаўныя турысты не пачалі задаваць розныя недарэчныя пытаньні, накшталт таго, чаму разбурылі прэзыдэнтаву хату.

Яўген Жарнасек,

Ворша

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0