У Казуліна сканфіскавалі пісьмо Мілінкевічу
У старшыні БСДП (Г) Аляксандра Казуліна 27 кастрычніка падчас мытнага надгляду ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» былі сканфіскаваны матэрыялы, якія палітык назваў партыйнай перапіскай. У выніку доўгага складаньня пратаколу Казулін, які ляцеў на зьезд швэдзкіх сацыял-дэмакратаў, спазьніўся ў самалёт. Палітык зьбіраецца падаваць заяву ў суд за зьнявагу маральнай і дзелавой рэпутацыі.
Пунктам нумар 1 у сьпісе сканфіскаваных рэчаў стаіць «Письмо А.Козулина Милинкевичу А.В. от 19 кастрычника 2005 г.». Фатакопію дакумэнту надрукавала «Народная воля».
КДБ мае пытаньні да дзяўчат
Аддзел пашпартна-візавай службы Кастрычніцкага раёну Менску 28 кастрычніка ня даў дазвол на выезд каардынатарцы праваабрончага аддзелу незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Ірыне Тоўсьцік. Растлумачылі тым, што ў КДБ да яе «ўзьніклі пытаньні».
Менская гарадзкая калегія адвакатаў 28 кастрычніка адмовіла праваабаронцы Веры Страмкоўскай у адпачынку за свой кошт. Спн.Страмкоўская мелася ехаць у Тбілісі на міжнародную канфэрэнцыю АБСЭ ў пытаньнях незалежнасьці адвакатуры.
Вось вам сумленныя выбары
Міліцыянты 29 кастрычніка спынілі ўстаноўчы зьезд незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня «Партнэрства» ў менскім кінатэатры «Цэнтральны», абвінаваціўшы ў правядзеньні несанкцыянаванага сходу; каля 70 актывістаў трапілі ў аддзяленьне міліцыі. Пасьля пісьмовых тлумачэньняў каля 60 чалавек адпусьцілі. У спэцпрыёмнік трапілі лідэр арганізацыі Мікалай Астрэйка, ягоныя намесьнікі Эніра Браніцкая й Аляксандар Бондараў. 31 кастрычніка Астрэйка, Бондараў і Браніцкая атрымалі па 15 сутак арышту, Сьвятлану Конаву асудзілі на 30 базавых велічынь (870 тыс. руб.). Мэта «Партнэрства» — назіраньне за выбарамі, каб яны былі сумленнымі.
Ліст пратэстанцкіх япіскапаў
Япіскапы пратэстанцкіх саюзаў і аб’яднаньняў (пяцідзясятнікаў, баптыстаў і поўнаэвангельцаў) напісалі 28 кастрычніка адкрыты зварот кіраўніку Адміністрацыі прэзыдэнта Віктару Шэйману, прэм’ер-міністру Сяргею Сідорскаму і старшыні Менгарвыканкаму Міхаілу Паўлаву: яны просяць спыніць перасьлед пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё».
Абы прыдзерціся
26 кастрычніка Вышэйшы гаспадарчы суд пакінуў у сіле папярэджаньне Міністэрства інфармацыі рэдакцыі газэты «Белорусы и рынок» у частцы, якая тычылася назвы выданьня. Такім чынам, выданьне пакуль ня зможа выкарыстоўваць у лягатыпе абрэвіятуру «БР», якая выкарыстоўвалася цягам двух год.
Палякаў цягаюць
У Шчучын 26 кастрычніка на допыт выклікалі журналістаў Андрэя Пачобута і Анджэя Пісальніка, а таксама намесьнікаў старшыні СПБ Юзафа Пажэцкага і Веслава Кеўляка.
28 кастрычніка Гарадзенская абласная пракуратура скасавала падпіску аб нявыезьдзе журналісту А.Пачобуту, аднак выехаць за мяжу ён ня можа: журналісту анулявалі дазвольны штамп у пашпарце.
Кіраўніцу СПБ Анжаліку Борыс 28 кастрычніка сем гадзін трымалі на памежным пераходзе «Бераставіца—Баброўнікі».
Лябедзьку затрымалі
27 кастрычніка ў аэрапорце «Менск-2» затрымалі лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, які вяртаўся са Страсбургу з сустрэчы з кіраўніцтвам Эўразьвязу. Памежнікі й мытнікі з супрацоўнікамі КДБ пратрымалі яго ў аэрапорце паўтары гадзіны, а пасьля пільнага надгляду канфіскавалі працоўныя матэрыялы палітыка.
Затрыманьні актывістаў
25 кастрычніка актывісткі арганізацыі «Зубр» Алена Копач і Натальля Вушко былі затрыманы ў Менску міліцыянтамі за распаўсюд улётак.
25 кастрычніка супрацоўнікі УУС Цэнтральнага раёну затрымалі сяброў моладзевай фракцыі БНФ Паўла Батуева і Алеся Мазаніка за распаўсюд «Народнай волі». Міліцыянты перапісалі іх пашпартныя зьвесткі і адпусьцілі.
27 кастрычніка затрымалі «зуброўца» Міхася Ісмаілава з улёткамі, прысьвечанымі Дню салідарнасьці 16 лістапада.
У Віцебску
Судзьдзя Чыгуначнага раённага суду Віцебску Юры Урбан прысудзіў 25 кастычніка актывісту КХП-БНФ Уладзімеру Плешчанку штраф у 29 000 руб. за «дробнае хуліганства». Міліцыянты абвінавацілі яго ў абразе прахожых на тым месцы, дзе У.Плешчанка звычайна распаўсюджваў партыйны бюлетэнь «Беларуская салідарнасьць». Адзіным сьведкам хуліганства быў супрацоўнік міліцыі, які і затрымаў актывіста.
29 кастрычніка стала вядома, што віцебскую арганізацыю ПБНФ пазбаўляюць офісу і юрыдычнага адрасу. Новае памяшканьне шукае таксама недзяржаўная газэта «Витебский курьер».
Сяргей Будкін, Аркадзь Шанскі





