Выразы накшталт «пасьвіў коні», «даглядаў сьвіньні» не ўспрымаюцца тут як прыклады з падручніка. «Дзетачка, пастаў торбу долу», — рэдка дзе цяперака пачуеш такое, а ў Асіповіцкім раёне пачуеш.
Жыхароў паўднёвага захаду Магілёўшчыны, асабліва бабруйчан, можна пазнаць па адметнай інтанацыі ў размове, нават калі тыя па-расейску гавораць. «Пойдам, паедам, картопля» — як надарыцца пачуць у транспарце ці па радыё, дык сяджу і як песьню слухаю. Мова паўднёва-заходняй Магілёўшчыны, той яе часткі, што клінам убіваецца між Меншчынай і Гомельшчынай, розьніцца ад мовы магілёўскага ўсходу. Гутарковая мова ў гэтых краях блізкая да літаратурнай, але мае свае асаблівасьці. Яна аднымі рысамі нагадвае слуцкія гаворкі, другімі — усходнепалескія. Чым далей на поўдзень, тым больш прымет палескага дыялекту. Старыя вяскоўцы скажуць не «памёр», а «пам’ёр», ня «ловіць», а «лавае», ня «гэты», а «еты».
Беларуская мова — ёмкая ва ўжытку.Тут гэта адчуваецца яшчэ вастрэй.
На мяжы Бабруйшчыны і Глушчыны замест «Ці добрая ў гэтым годзе ўрадзіла бульба?» прамовяць: «Картопля сёлета дарма?»
Смакавыя якасьці ежы вызначаюцца кароткімі «ідзе» — «не ідзе» або «варт» — «ня варт». Словазлучэньне «хутка езьдзіць» (на машыне), «спрытна хадзіць» (па грыбах), «часта бываць» (у горадзе) замяняюцца ўнівэрсальным «лётаць» (на машыне, па грыбах, у горад). Пра таго, хто спакойна гуляе па вуліцы, кажуць «шпацыруе». Каб запытацца ў таго, хто побач, ці чысты ў вас твар, не абавязкова фармуляваць шматслоўны сказ, дастаткова зрабіць так, як вясковая пэнсіянэрка на бабруйскім вакзале. Яна ціхенька тыцнула мяне ў бок і, павярнуўшыся тварам, прамовіла добразычліва, гучна, з выразнай пытальнай інтанацыяй: «Ці ўдзелалася?» Я паглядзела на яе ды адказала гэтак жа каротка: «Не, чыстыя».
Ці паразумеліся б у такім выпадку не землякі? Ня ведаю. Слоўнік жыхароў Бабруйшчыны, Глушчыны, Асіповіччыны разнастайны і самабытны. На тэрыторыі аднаго Бабруйскага раёну можна пачуць і «варыўня», і «стопка», а як на мэтар глыбей у зямлю пабудавана, дык ужо і «склеп». Адначасова ўжываюцца словы «чарнабыл» і «палын». Толькі вось азначаюць яны хоць і падобныя між сабой, але дзьве розныя расьліны. Палын ніжэйшы і белаваты. А чарнабыл вышэйшы, цямнейшы. «Здор» і «жыр» — таксама не адно і тое ж. Здор — гэта толькі тое, што наўмысна з заколатага кабана сабрана. А калі сала на патэльню нацякло — гэта ўжо жыр. Апроч вядомых дыялектных слоў — «кабат», «заслон», «мост» — сустракаюцца і такія, якіх ня ўбачыш у слоўніку, у друку. Частка зь іх дасюль шырока распаўсюджана ў гутарковай мове. Частку можна пачуць ужо толькі ад 80—90-гадовых старых. Зьяўляюцца такія словы дыялектнымі ці проста ўстарэлымі, мне меркаваць цяжка. Мае сваякі, ураджэнцы Асіповіцкага раёну, актыўна выкарыстоўваюць у сваёй мове такія словы:
паўрозік — матузок;
ачэртаць — надакучваць;
кутніца — сьляпая кішка (найчасцей выкарыстоўваецца як лаянка);
цугалік — маленькі болцік;
распарэх — разрэз на адзеньні;
пастроіць (падстроіць) — адрамантаваць адзеньне, бялізну;
пацянуць — нашыць новую тканіну паверсе старога верхняга адзеньня (абліцоўка);
устроіцца — прыгожа, святочна апрануцца;
брат у другой стрэчы, сястра ў трэцяй стрэчы — стрыечны брат, траюрадная сястра;
перавясло — вязьмо;
выстрэнчваць — празьмерна дагаджаць каму-небудзь;
падносік — сподачак;
махлак — прасьцякаваты, абы-які з выгляду чалавек;
хлупі́цца — церазь сілу есьці нясмачную страву;
бацькаўшчына — непасрэдна тое месца, дзе была пабудавана бацькоўская хата;
нотны — залішне фанабэрысты і крыўдлівы чалавек;
біля — бэлька;
лі́чыць — пасаваць да твару;
камешнік — куча абы-як пакіданых рэчаў, пакамечанага адзеньня;
салапяка — чалавек, які высалапіў язык (лаянка).





