Тым часам былога гендырэктара заводу выпусьцілі пад падпіску пра нявыезд.

У верасьні былому гендырэктару ААТ «Нафтан» Канстанціну Часнавіцкаму, які падазраецца ў крадзяжы 8 млн даляраў, выручаных ад экспартных апэрацый, утрыманьне пад вартай замянілі на хатні арышт.

К.Часнавіцкі знаходзіцца дома ў Наваполацку. Генэральны пракурор Пятро Міклашэвіч ахарактырызаваў справу як складаную ды адмовіўся назваць прыблізныя тэрміны перадачы яе ў суд. Сам К.Часнавіцкі, паводле нашых зьвестак, стаў актыўна супрацоўнічаць са сьледзтвам. Напэўна, таму і было прынята рашэньне пра хатні арышт.

Былы гендырэктар «Нафтану» быў затрыманы работнікамі КДБ год таму, разам з в.а. камэрцыйнага дырэктара прадпрыемства С.Мартынавым.

Папярэдне ў ходзе сьледзтва было ўстаноўлена, што крадзеж ажыцьцяўляўся шляхам арганізацыі тэндэраў на продаж нафтапрадуктаў і незаконнага выяўленьня іх пераможцаў — літоўскіх кампаніяў — і іншых пасрэднікаў, блізкіх да кіраўніцтва прадпрыемства. Часнавіцкі і Мартынаў абвінавачваюцца па арт. 210 ч. 4 Крымінальнага кодэксу — крадзеж шляхам злоўжываньня службовым становішчам, учынены арганізаванай групай альбо ў асабліва буйных памерах, што прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін 5—12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Тым часам жыцьцё на «Нафтане» працягваецца. Са студзеня распачнецца тэхнічнае пераабсталяваньне коштам 500 млн даляраў, што мусіць прывесьці да павышэньня колькасьці перапрацоўкі нафты з 9,5 млн т у год да 12 млн т. 50 млн даляраў «Нафтан» бярэ ў крэдыт (на прадпрыемстве кажуць, што не ў беларускіх банках), астатнія 90% складуць уласныя сродкі.

Нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан»працуе з 1963. У 2002 г. завод ператвораны ў ААТ. Дзяржава валодае 99,8% акцый, 0,2% належыць калектыву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0