Мытны камітэт падрыхтаваў праект указу прэзыдэнта аб скасаваньні крамаў бяспошліннага гандлю.

З 52-х крамаў duty-free застанецца дзьве: адна ў Нацыянальным аэрапорце «Менск», другая — для абслугі дыпкорпусу. Крамы на пагранпераходах ліквідуюцца.

Асартымэнт такіх магазынаў традыцыйны — цыгарэты, шакаляда, парфума, сувэніры. Асноўны артыкул даходу — імпартны алькаголь, які ў duty-free танны, бо не абкладаецца акцызамі і ПДВ.

У першым паўгодзьдзі імпарт у Беларусь алькагольных напояў склаў 11,5 млн даляраў (341 тыс. дэкалітраў), зь іх на крамы duty-free прыходзіцца 8,3 млн даляраў (275 тыс. дэкалітраў). Але наіўна думаць, што плян такім крамам робяць чаўнакі на польскім і літоўскім памежжы. Крамы duty-free былі каналам увозу ў Беларусь алькаголю бяз сплаты падаткаў. Непадакцызны алькаголь ішоў падпольным распаўсюднікам прадукцыі, гаспадарам рэстаранаў.

Схема працавала, пакуль крамы не праверыў Камітэт дзяржкантролю. Праверка выявіла, што аб’ёмы нелегальных паставак на ўнутраны рынак з гэтых крамаў роўныя абароту афіцыйных аптовых імпартэраў алькаголю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0