Працэнты, якімі апэруюць беларускія міністры, — вынік спрытнасьці рук беларускіх статыстыкаў. Рэальныя тэмпы росту беларускай эканомікі нават адстаюць ад аналягічных паказчыкаў у нашых суседзяў.
Усьлед за ідэолягамі ад улады асобныя экспэрты — як на Захадзе, так і ў Расеі — пачалі казаць пра беларускі фэномэн. Маўляў, краіны Ўсходняй Эўропы абралі рынак і дэмакратыю, але атрымалі нестабільнасьць і шэраг сацыяльна-эканамічных праблем. А беларускі ўрад зрабіў стаўку на аднаўленьне асноў сацыялістычнай, плянавай эканомікі з захаваньнем манаполіі на палітычную ўладу. У пацьверджаньне гэтаму кажуць пра нізкае беспрацоўе ў Беларусі, імклівы рост ВУП, рэгулярную выплату заробкаў і пэнсіяў, бесьперабойную працу буйных прамысловых прадпрыемстваў. Але ці ёсьць краіна ў нашым рэгіёне, дзе эканоміка цяпер не расьце, а заробкі не выплачваюцца?
На тле сусьветнай мапы
Найлепшым чынам месца беларускай эканомікі ў сьвеце ілюструюць паказчыкі валавага нацыянальнага даходу (ВНД) на душу насельніцтва. Падлік вядзецца Сусьветным банкам.
Згодна з апошнімі зьвесткамі, ВНД Беларусі ў 2004 г. склаў $20,9 млрд, альбо $2120 на душу насельніцтва. У гэтых паказчыках наша краіна апярэдзіла Азэрбайджан з Армэніяй, але затое нас абагналі нават партнэры па Адзінай эканамічнай прасторы, за выняткам Украіны. Казахстан мае ВНД $2260 на душу насельніцтва, Расея — $3410. ВНД Польшчы ў 2,9 разу большы за беларускі, Літвы — у 2,7 разу. ВНД на душу насельніцтва Нямеччыны ў 14,2 разу вышэй за нашы, а сярэдняя амэрыканская «душа» ў 19,5 разу багацейшая за беларускую.
Не зьяўляюцца ўнікальнымі й тэмпы росту ВУП, якія ў 2003—2004 г. на душу насельніцтва склалі 11,5%. Украіна за гэты час павялічыла ВУП на 12,9%, Туркмэністан — на 15,4%. Калі ж узяць часавы прамежак 2000—2004, то тэмпы росту ВУП Беларусі (6,7%) губляюцца на тле дзясяткаў іншых краінаў. Украіна мае паказчык у 2000—2004 г. — 8,6%, Кітай — 8,7%, Малдова — 6,9%, Літва і Латвія — па 7,5%.
Крызіс сельскай гаспадаркі
Айчынныя ідэолягі ставяць у прыклад беларускую сельскую гаспадарку — маўляў, тут вялікія дасягненьні. Але статыстыка пераконвае ў адваротным: пры велічэзных датацыях (за апошнія 10 гадоў у сярэднім у год ля $700—900 млн) чысты прыбытак сэктару ў 2004 г. склаў толькі $190 млн.
Сёньняшняе вядзеньне сельскай гаспадаркі ў краіне — накачка бясплатнымі альбо вельмі таннымі рэсурсамі калгасаў і саўгасаў, прымусовыя пастаўкі сыравіны, паліва і фактараў вытворчасьці для сельскагаспадарчых вытворцаў па заніжаных цэнах, а таксама загадны характар збыту на ўнутраным рынку. Таму ўся эфэктыўнасьць дасягаецца вялікімі аб’ёмамі дзяржпадтрымкі аграсэктару. Інвэстыцыйная палітыка ў сфэры сельскай гаспадаркі таксама правалена, пра што сьведчыць наступная выснова Сусьветнага банку: «Дзяржпадтрымка сканцэнтравана на неэфэктыўных гаспадарках і застаецца недастаткова празрыстая, што сур’ёзна адбіваецца на функцыянаваньні банкаўскай сыстэмы. Гэта падрывае дэкляраваныя намаганьні дзяржавы па садзейнічаньні росту вытворчасьці ў галіне». Вынікам такой сельскагаспадарчай палітыкі зьяўляецца вельмі дарагі для падаткаплатнікаў і скрайне неэфэктыўны АПК.
Ні сабе, ні людзям
Праз адмысловую ўнутраную і вонкавую палітыку Беларусь пазбавіла сябе міжнароднай дапамогі. Аб’ём міжнароднай дапамогі ў нас складае $3 на чалавека ў год. У той час як у 2003 г. армяне атрымалі ў 27 разоў болей дапамогі на душу насельніцтва, а літоўцы — у 36 разоў.
Слаба разьвіты ў Беларусі і ўнутраны фінансавы рынак, інтэнсіўнасьць якога характарызуецца доляй унутранага крэдыту банкаўскага сэктару да ВУП (у 2004-м — 21,2%). Амаль усе суседзі — Літва, Латвія, Польшча і Ўкраіна — маюць больш дынамічныя фінансавыя рынкі, што азначае таньнейшыя крэдыты, больш надзейнае захоўваньне ўкладаў, а таксама магчымасьць зарабляць ня толькі на дэпазытах у нацыянальнай валюце.
Стагнацыя ў індэксе чалавечага разьвіцьця
Афіцыйныя СМІ любяць таксама хваліцца сацыяльнымі дасягненьнямі Беларусі — нібыта сьледзтвам нашай своеасаблівай эканамічнай палітыкі. Вось за цывілізаваным сьветам не пайшлі і дасягнулі ў выніку больш стабільнага, справядлівага і сацыяльна-арыентаванага грамадзтва. Але дынаміка Індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу (ІРЧП) абвяргае гіпотэзу. З падрыхтаванага ў верасьні ў рамках Праграмы разьвіцьця ААН «Дакладу аб разьвіцьці чалавека ў 2005 г.» бачна, што становішча Беларусі ў ІРЧП пагоршылася. Пазалетась мы былі на 53-м месцы, летась ссунуліся на 62-е, сёлета адбыўся яшчэ адзін скачок уніз — на 67-е месца. Калі ў 1990 г. індэкс складаў 0,787, то па выніках 2003 г. — 0,786. У гэты час іншыя краіны, напрыклад суседзі, што абралі эўрапейскі шлях разьвіцьця і ўступілі ў Эўразьвяз, упэўнена ідуць наперад. У 1990—2003 г. Польшча здолела павысіць ІРПЧ з 0,803 да 0,858, Эстонія з 0,814 да 0,853, Літва з 0,823 да 0,852.
Так званы «фэномэн»
Улетку Міжнародны валютны фонд апублікаваў даклад «Моцны эканамічны рост Беларусі: загадка ці не?», робячы наступную выснову: «Няма ніякай загадкі: спалучэньне ўнутранай эканамічнай палітыкі і спрыяльных вонкавых фактараў дазволіла ў апошнія гады паскорыць рост... Аднак праз адсутнасьць буйнамаштабных структурных рэформаў гэты рост няўстойлівы».
Галоўныя прычыны эканамічнага посьпеху Беларусі палягаюць у мяккай крэдытна-грашовай і падаткова-бюджэтнай палітыцы. У той жа час улады ніякім чынам не аналізуюць доўгатэрміновыя наступствы накачкі дзяржсэктару таннымі крэдытамі і датацыямі. Прадпрыемствам загадваюць павялічваць заробак, не зважаючы на дынаміку вытворчасьці працы.
Беларускі экспарт канкуруе паводле цэнавага фактару, а не паводле якасьці, а дзяржаўныя закупкі вядуць да рэзкага завышэньня выдаткаў спажыўцоў і бюджэту. Усе гэтыя фактары маглі б ужо прывесьці да стагнацыі, калі б не галоўны фактар устойлівасьці: «Добра адукаваная і дысцыплінаваная працоўная сіла зьяўляецца ключавым фактарам эканамічнага росту».
У такіх умовах улады маглі б дапамагчы людзям: ствары спрыяльны клімат для замежных інвэстыцыяў, спрыяй трансфэрту ведаў, інвэстуй у сучасную адукацыю і інфраструктуру, паздымай абмежаваньні на абмен таварамі і паслугамі ўнутры краіны і з вонкавым сьветам — і творчы патэнцыял людзей будзе разьняволены. Менавіта гэтага не хапае для забесьпячэньня ўстойлівасьці эканамічнага росту.
Праблема каардынацыі эканамічных дзеяньняў у сацыялізьме — вось што робіць рост беларускай эканомікі фундамэнтальна няўстойлівым. Самыя добрыя, лепшыя намеры самых адукаваных чыноўнікаў не заменяць функцыі рынку і ягоных базавых кампанэнтаў: свабоднай цаны, мэханізму «прыбытак — страты» і творчай ролі прадпрымальніка.
Начальнік-разбуральнік
Час, калі цана беларускіх тавараў была на 40% ніжэйшая за цану на небеларускія, прайшоў. Пра гэта сьведчыць падзеньне аб’ёмаў гандлю з Расеяй у першай палове году. Апроч таго, канкурэнтныя перавагі беларускай эканомікі аслабленыя высокімі тэмпамі росту заробку. У нармальнай эканоміцы рост заробку павінен ісьці за ростам вытворчасьці, а ён, у сваю чаргу, грунтуецца на росьце інвэстыцыяў і рэнтабэльнасьці. Паколькі рэнтабэльнасьць у беларускай эканомікі застаецца нізкай, то інвэстары губляюць да яе цікавасьць.
Дзяржаўныя інвэстыцыі працуюць кепска, прыватнікі нас баяцца з-за неспрыяльнага інвэстыцыйнага клімату. «Пры цяперашняй сыстэме матывацыі кіраўніцтва прадпрыемстваў празьмерны ўпор робіцца на выкананьне кароткатэрміновых мэтавых паказьнікаў па тэмпах росту і дасягненьні прыярытэтных сацыяльных мэтаў, пастаўленых урадам», — зазначаюць экспэрты. Так што ўрад разбурае тыя перавагі эканомікі антыпрадпрымальніцкім, надзвычай рэакцыйным дзелавым кліматам. Кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў скардзяцца на пазаплянавыя праверкі, рэгуляваньне цэнаў (на 66% прадпрыемстваў), складаную працэдуру атрыманьня дазволаў, высокія падаткі, цяжар якіх куды вышэйшы, чым у суседніх краінах. Прыблізна 30% усіх падаткаў, якія плацяць прамысловыя прадпрыемствы, бяруцца з абароту, што падрывае канкурэнтныя перавагі рэальнага сэктару. Пры гэтым больш за ўсё церпіць прамысловасьць. У 2000 г. дзяржава адбірала 80% дабаўленай вартасьці прамысловасьці ў цэлым і 70% у ключавым яе сэктары — машынабудаваньні. У 2003 г. гэтыя дадзеныя панізіліся — і складаюць крыху менш 60% і 65% адпаведна.
Гэраклы беларускага экспарту
20 найбуйнейшых экпартэраў Беларусі забясьпечваюць 55% агульнага аб’ёму экспарту і больш 80% экспарту па-за межы краін СНД, большасьць беларускіх прадпрыемстваў працуе ў рэжыме малой закрытай эканомікі. Вынікае, што падтрымліваць на плаве 20 прадпрыемстваў, што дасталіся ў спадчыну ад СССР, прасьцей, чым ствараць новыя. Таму беларускі рост ВУП і экспарту забясьпечаны рукамі, а не мазгамі.
Беларусь не зважае на парады міжнародных арганізацыяў. У сьвеце няма гістарычнага прэцэдэнту пасьпяховай барацьбы з галечай, пабудовы сацыяльна справядлівай дзяржавы і забесьпячэньня ўстойлівага росту краіны на аснове дзяржаўнай уласнасьці, дыскрымінацыі прыватнага капіталу, манапольных практык і цэнавага рэгуляваньня. Беларусь, ігнаруючы багаты міжнародны досьвед і інтэлектуальную дапамогу, ужо 12 гадоў экспэрымэнтуе ў рамках менавіта гэтай мадэлі, а яе кіраўніцтва старанна падбірае статыстычныя індыкатары. Кажа пра мір, стабільнасьць і працьвітаньне — нічога не дапамагае.
Бо аніякага эканамічнага, сацыяльнага і любога іншага фэномэну ў Беларусі няма. Затое функцыянуе несправядлівая, шмат у чым амаральная сыстэма. Яна генэруе вялізныя кішэні галечы і адзінкавыя выспачкі працьвітаньня. Іх уладары надменна езьдзяць на «мэрсэдэсах» і «бумэрах», жорстка ахоўваючы сваю манаполію ў калідорах улады і судовай сыстэмы. Такая мадэль можа быць палітычна і эканамічна ўстойлівая на працягу некаторага прамежку часу, пры спрыяльнай эканамічнай каньюнктуры і палітычнай падтрымцы кіраўніцтва Расеі альбо расейскіх манаполій і алігархаў. Аднак рэальная эканамічная інтэграцыя на рэгіянальным узроўні супярэчыць лёгіцы яе разьвіцьця.
Скарочана.
∎
ЯРАСЛАЎ РАМАНЧУК (нар. 1966, Сапоцкін пад Горадняй), лібэральны эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кіраўнік навуковага дасьледчага цэнтру Мізэса АЦ «Стратэгія».





