Гандаль цалкам прыватны
Аснову раздробнага тавараабароту ў краіне складаюць прыватныя гандлёвыя прадпрыемствы, заяўляе Міністэрства статыстыкі й аналізу. На прыватнікаў прыпадае 81,6% розьнічнага тавараабароту, на дяржаўныя прадпрыемствы — 16 %, на замежныя — 2,4%.
«Залаты Талер» пазбаўлены ліцэнзіі
З 8 лістапада ў беларуска-брытанскага банку «Залаты талер» будзе адклікана ліцэнзія на прыцягненьне ва ўклады сродкаў фізычных асоб. Прычына — памер уласнага капіталу банку меншы, чым устаноўлена Нацбанкам для банкаў, што маюць ліцэнзію на работу з укладамі грамадзян (10 млн эўра). У «Залатым талеры» ён складае 8 млн эўра.
Нацбанк супраць СЭЗаў
Нацбанк адмяніў ільготы па мінімальным памеры статутнага фонду і ўласнага капіталу банкаў, зарэгістраваных на тэрыторыі свабодных эканамічных зонаў. Цяпер статутны фонд банку, зарэгістраванага ў СЭЗ, мусіць быць такі ж як і звычайнага банку — ня менш за 5 млн эўра (раней — 500 тыс.). Калі ж банк жадае прыцягваць сродкі фізычных асобаў, то яго мінімальны статутны фонд павінны быць ня меншы за 10 мільёнаў эўра. З 31 беларускага банку на тэрыторыі СЭЗаў зарэгістравана сем.
NMT-сувязі больш ня будзе
Да канца году апэратар мабільнай сувязі «БелСэл» згорне базавыя станцыі аналягавай сувязі стандарту NMT-450, што працавала ад 1992 г. Усе абанэнты будуць пераведзены на стандарт cdma2000 («Diallog»). Сёньня колькасьць абанэнтаў «БелСэлу» складае каля 100 тыс. чалавек.
Беларускі павільён у Маскве
У адным з павільёнаў маскоўскай ВДНГ адкрыецца беларускі гандлёвы цэнтар. Агульная плошча павільёну — 3,3 тыс. м2. На ім будуць выстаўленыя тавары з усіх абласьцей.
ЗД





