Праваабаронца Валянцін Стэфановіч пра законапраект аб супрацьдзеяньні экстрэмізму.

Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні законапраект «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму», які быў унесены на разгляд КДБ Беларусі. Маўляў, КДБ не хапае заканадаўчай базы, каб супрацьстаяць экстрэмісцкай дзейнасьці ў краіне. Паводле слоў прадстаўніка названага ведамства, экстрэмізм і яго праявы атрымалі шырокае распаўсюджаньне ў Беларусі, а краіны Захаду рыхтуюць інтэрвэнцыю супраць нашай краіны.

Безумоўна, праявы экстрэмізму ў грамадзтве ёсьць, і змагацца зь імі трэба. Але ці сапраўды для змаганьня з такімі праявамі не хапае юрыдычнай базы? У Крымінальным кодэксе ёсьць артыкулы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасьць і за распальваньне нацыянальнай, расавай, рэлігійнай і іншай варожасьці (арт. 130 КК РБ), і за дзейнасьць арганізацый, якія замахваюцца на законныя правы асобы і грамадзян краіны (арт. 193 КК РБ), і за стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня (арт. 287 КК РБ), і за заклікі да зьвяржэньня існуючага канстытуцыйнага ладу (арт. 361 КК РБ). Вядома, ёсьць пэўныя прагалы ў дзеючым заканадаўстве, якія варта было б ліквідаваць у мэтах больш дзейснага прадухіленьня праяў эстрэмізму ў краіне.

Прыгадваецца выпадак, калі ў 2004 годзе на адзін з «ланцугоў неабыякавых людзей», у гадавіну зьнікненьня Юр’я Захаранкі, прыйшлі скінгэды. На Кастрычніцкай плошчы было, як заўсёды, дастаткова шмат прадстаўнікоў праваахоўных органаў, як у форме, так і ў цывільным. На рукаве аднаго са «скіноў» я заўважыў стылізаваную свастыку РНЕ. Я падышоў да маладзёна і, узяўшы яго за руку, падвёў да аднаго зь міліцыянтаў. «Паглядзіце, зь якой выявай у 60-ю гадавіну вызваленьня Беларусі ад нацыстаў ходзіць гэты малады чалавек!» — сказаў я міліцыянту. Той загадаў «скіну» апрануць куртку і… адпусьціў яго. Чаму? Таму што нідзе ў законе няма забароны на публічную дэманстрацыю фашысцкай сымболікі. Як нідзе ў дзейным заканадаўстве няма апісаньня, што зьяўляецца фашысцкай сымболікай. Такія законы прынятыя ва ўсіх эўрапейскіх краінах. Ёсьць такі закон і ў Расеі. У Латвіі і Эстоніі разам з забаронай на публічную дэманстрацыю фашысцкай сымболікі (свастыкі і яе стылізаваных выяў) забаронена публічная дэманстрацыя савецкіх сымбаляў (сярпа і молата).

У Беларусі ёсьць арт. 167.2 КаАП Рэспублікі Беларусь, які забараняе карыстацца незарэгістраванымі сьцягамі, вымпэламі, а таксама эмблемамі, выявамі, зьмест якіх наносіць шкоду грамадзкім і дзяржаўным інтарэсам, падчас правядзеньня спартыўных, культурна-масавых і іншых масавых мерапрыемстваў. Але па гэтым артыкуле чамусьці прыцягваюць да адказнасьці за карыстаньне нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі. Як штогод у мястэчку Сьвіслач Гарадзенскай вобласьці мясцовых актывістаў прыцягваюць да адміністрацыйнай адказанасьці за тое, што яны выкарыстоўваюць нацыянальныя сьцягі падчас ушанаваньня памяці братоў Каліноўскіх — удзельнікаў народна-вызваленчага паўстаньня супраць расейскага царызму. Для гэтага заканадаўчай базы хапіла, а вось каб прыцягнуць да адказнасьці малойчыкаў са свастыкамі, юрыдычнай базы не хапае.

Як не хапае базы прыцягнуць да адказнасьці, хаця б грамадзянскай, за антысэміцкія закіды ў кнізе «Вайна па законах подласьці», што вышла ў выдавецтве «Православная книга». Паглядзіце на афіцыйныя дэманстрацыі з нагоды т.зв. Дня незалежнасьці. Асабіста я, як і тысячы нашчадкаў рэпрэсаваных грамадзян нашай краіны, публічную дэманстрацыю партрэтаў Сталіна ўспрымаю як праяву экстрэмізму. А чаго вартая нядаўна пабудаваная «лінія Сталіна»? Імя Сталіна рэабілітуецца ўладамі, вяртаецца ў грамадзкую сьвядомасьць. Прадстаўнікам экстрэмісцкай, не зарэгістраванай у Міністэрстве юстыцыі Беларусі НБП (нацболам Лімонава) дазволілі праводзіць пікет на пл. Бангалор (як фізычным асобам). Дый чаму б не дазволіць, калі «нацболы» выступаюць з гарачай падтрымкай А.Лукашэнкі, за аднаўленьне «вялікага і магутнага» СССР — фактычна за ліквідацыю сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь. Мала юрыдычнай базы?

Выступ намесьніка старшыні КДБ таварыша Дземянцея перад «парлямэнтарамі» паказвае, каго гэтае ведамства бачыць у ролі экстрэмістаў. Усе праціўнікі існуючай нэасавецкай палітычнай сыстэмы, прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі — экстрэмісты.

Прыняцьце гэтага закону менавіта цяпер зразумелае. Наперадзе выбары. Ёсьць пільная неабходнасьць узмацніць «працу» ўсіх дзяржаўных органаў, у тым ліку і КДБ, па забесьпячэньні чарговай «элегантнай перамогі» на гэтых выбарах А.Лукашэнкі, сытуацыя для якога цяпер крытычная. Пасьля таго як летась Вэнэцыянская камісія зрабіла заключэньне аб неканстытуцыйнасьці пытаньняў, вынесеных на рэфэрэндум, вельмі магчыма, што сёлета тая ж камісія зробіць заключэньне аб незаконнасьці ўдзелу ў бліжэйшых выбарах кандыдата А.Лукашэнкі. Гэтае ж меркаваньне можа быць падтрымана і АБСЭ.

Мясцовыя «экстрэмісты», безумоўна, таксама будуць распаўсюджваць адпаведную друкаваную прадукцыю, заклікаць народ бараніць свой выбар перад фальсыфікацыямі…

Усяму гэтаму «экстрэмізму» трэба супрацьстаяць. Але як? Гэтыя дзеяньні заўсёды можна будзе падвесьці пад азначэньне «экстрэмізм»: напрыклад, «дзейнасьць, скіраваная на падрыў нацыянальнай бясьпекі дзяржавы», ці «арганізацыя хуліганскіх дзеяньняў па матывах ідэалягічнай варожасьці» — гэта фармулёўкі з прадстаўленага законапраекту.

У цэлым законапраект не прапануе нічога новага ў параўнаньні зь дзеючым заканадаўствам і таму зьяўляецца дакумэнтам хутчэй ідэалягічным, чым юрыдычным. Дзейнасьць незарэгістраваных арганізацый забаронена, і за гэта ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасьць (арт. 167.10 КаАП РБ). Штогод дзясяткі актывістаў дэмакратычных рухаў прыцягваюцца да адказнасьці па гэтым артыкуле. 150 НДА краіны ліквідаваны ў судовым парадку і без абвінавачаньняў у экстрэмісцкай дзейнасьці.

За распаўсюджваньне друкаваных матэрыялаў без выходных зьвестак (ото ж экстрэмізм!) таксама ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасьць (арт. 172 ч. 3 КаАП РБ). Штогод тысячы дэмакратычных актывістаў прыцягваюцца да адказнасьці па гэтым артыкуле за «самвыдат». Незалежныя газэты ліквідуюцца і без «экстрэмізму» — проста забараняецца іх распаўсюджваньне.

Згодна з законапраектам, прафіляктыку праяваў экстрэмізму будуць ажыцьцяўляць органы пракуратуры, Міністэрства юстыцыі, КДБ і іншыя дзяржаўныя органы. Яны будуць выносіць афіцыйныя папярэджаньні арганізацыям і грамадзянам аб недапушчальнасьці «экстрэмісцкай дзейнасьці». Але, наколькі я памятаю ўнівэрсытэцкі курс права, органы пракуратуры, КДБ і Міністэрства юстыцыі і так надзелены такім правам…

Краіна ўжо гэта праходзіла. Нічога новага гэты законапраект не прадугледжвае. Гэта ня што іншае, як гістэрычнае нагнятаньне страху ў грамадзтве напярэдадні выбараў прэзыдэнта.

Пры ўсіх гэтым ня трэба забываць, што народ Беларусі мае поўнае права на мірны пратэст, у тым ліку — супраць дыктатарскага рэжыму А.Лукашэнкі, мае права сказаць яму «досыць».

ВАЛЯНЦІН СТЭФАНОВІЧ— праваабаронца. Супрацоўнічаў зь ліквідаваным Праваабарончым цэнтрам «Вясна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0