Нехта яшчэ здольны граць сапраўдны джаз!

Нарэшце! Раней мы думалі: адзінае, што ў гэтай краіне асацыюецца з джазам, — гэта наш айчынны Глен Мілер, трамбаніст Міхаіл Якаўлевіч. А тут, аказваецца, нехта яшчэ здольны граць сапраўдны джаз! Сп.Эскін дагэтуль мог пахваліцца толькі трыма выдадзенымі на Захадзе альбомамі, у запісе якіх ён браў удзел. А тут — такія навіны!

Альбом шыкоўны! Гэта канцэртны запіс трыё Аркадзя Эскіна зь Мікалаем Няронскім на басе і Андрэем Славінскім на барабанах. Канцэртны запіс — безумоўны плюс альбому, бо дазваляе адчуць кантакт з публікай і атрымаць асалоду ад сапраўднай імправізацыі, што нараджаецца падчас ігры. Рэпэртуар звычайны для лідэра трыё: часткова мэйнстрым, клясыка жанру, часткова — аўтарскія творы піяніста плюс адзін інструмэнтал аўтарства Няронскага. А ў цэлым — асалода! Нечаканае прачытаньне Лучанковай «Веранікі» адразу выводзіць беларускага мэтра на адзін узровень з Гершвінам. Энэргічнае ўвасабленьне «Something Different» аргентынца Чака Манджонэ, у нечым засяроджанае «Besame mucho» Вэляскеса, гульлівае «Bei mir bist du schoen», творы Гершвіна. І плюс да гэтага — аўтарскія творы піяніста: «Мая прыгожая Клара» (прысьвячэньне жонцы), «Жужаль», «Гішпанія».

Нечаканы і шокавы ўдар. Бурыць уяўленьні пра беларускую музыку як зьяву, што ня ў сілах прыемна ўразіць і стварыць канкурэнцыю аўтарытэтам на стаптаных джазавых атавах. Ёсьць у нас такія людзі.

Уражаны Слухач

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0