Рай, адным словам. Сумна!

Чарговы альбом групы паходжаньнем зь Берасьця. Тэматыка яе твораў засяроджваецца на ўслаўленьні каштоўнасьцяў хрысьціянства. Асноўныя інтарэсы «Spasenie» даўно сканцэнтравала там, дзе падобная музыка запатрабаваная.

Альбом запісаны Ігарам Мухам і яго калегамі з дапамогай сяброў з Амэрыкі. Якасны з тэхнічнага боку запіс, дай божа ўсім нашым калектывам такі. Але — не кранае. Стандартная, дыстыляваная прадукцыя, якой па ўсім сьвеце — тысячы ўзораў. Такая музыка яўна лішняй была б у якім праваслаўным храме, але выдатна «коціць» у храме пратэстанцкім, чые прыхаджане — такія ж вернікі лагодненькага, вылізанага поп-року, як і беларускі пралетарыят — бубль-гуму расейскае папсы. Я не іранізую. Проста ня трэба называцца беларускім калектывам, калі ствараеш тое, што ня мае аніякіх прыкметаў таго, адкуль прыйшла твая музыка і хто яе спарадзіў. Музыка заўсёды павінна імкнуцца да адкрыцьцяў, спараджаць пачуцьці, хваляваць. У альбоме нічога такога няма. Ціха, гладзенька, цёпла, птушкі шчабечуць, вечназялёныя дрэвы… Рай, адным словам. Сумна!

Нявыратаваны Слухач

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0